Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні распачаўся міжнародны фэстываль арганнай музыкі


Адкрылі фэстываль арганіст Міхаіл Мішчанка і альтыст Барыс Барынаў

Адкрылі фэстываль арганіст Міхаіл Мішчанка і альтыст Барыс Барынаў

Сёлета ў фэстывалі «Ars organi Grodnensi II», які праходзіць у лютэранскай кірсе, бяруць удзел прадстаўнікі пяці краін: Беларусі, Расеі, Польшчы, Літвы і Нямеччыны. Фэстываль працягнецца да 27 ліпеня.

Адкрыўся фэстываль канцэртам музыкантаў з Расеі: разам гучалі арган, альт і труба, пад акампанэмэнт якіх чыталі паэзію. Паводле настаяцеля Гарадзенскай лютэранскай кірхі Ўладзімера Татарнікава, сёлета ў фэстывалі бяруць удзел тыя арганісты, якія самі выказалі такое жаданьне, адмыслова нікога не запрашалі.

— Як і раней, уваход на канцэрты нашага фэстывалю бясплатны, кожны робіць ахвяраваньні, якія сам пажадае. Сабраныя сродкі сёлета накіруем на ўсталяваньне вітража ў нашай кірсе, а таксама, як зазвычай, ахвяруем Гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу.

Пастар лютэранскай кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў

Пастар лютэранскай кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў

Пастар Татарнікаў выказаў спадзеў, што фэстываль стане традыцыйным, і ў наступным годзе, калі будзе адзначацца 500-годзе рэфармацкай царквы, ён запросіць багата музыкантаў з эўрапейскіх краін.

— Мы ўжо цяпер вядзем перамовы зь вядомымі эўрапейскімі арганістамі, і многія выказваюць зацікаўленасьць, бо ў асяродзьдзі арганістаў ужо ведаюць пра наш фэстываль.

Пастар Татарнікаў адзначае, што ў сёлетнім фэстывалі праграма больш насычаная, чым летась. Чакаецца, што канцэрты будуць наведваць ня толькі гарадзенцы, але і жыхары іншых гарадоў Беларусі.

Міжнародны фэстываль арганнай музыкі адбываецца сёлета ўжо ў цалкам адрэстаўраванай Лютэранскай кірсе, адзінай дзейнай у Беларусі.

XS
SM
MD
LG