Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горацкім раёне вяскоўцы абаранілі клюб ад сельсавету


Рудкаўшчынскі сельскі клюб
Рудкаўшчынскі сельскі клюб

Жыхары вёскі Рудкаўшчына, што на Магілёўшчыне ў Горацкім раёне, абаранілі сельскі клюб. У ім зьбіраліся разьмясьціць два пакоі сельсавету з суседняй вёскі Сава, пры гэтым установу культуры рэканструяваць. Супраць выступілі жыхары Рудкаўшчыны.

Актыўныя абаронцы клюбу напісалі скаргі ў Горацкі райвыканкам, абласное ўпраўленьне дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці ды Камітэт дзяржкантролю ў Менск. Свае подпісы паставілі больш за пяцьдзясят чалавек. У скаргах была выкладзеная пазыцыя вяскоўцаў, чаму яны супраць разьмяшчэньня ў сельскім клюбе сельсавету.

Калектыўны пратэст даў плён. Увечары 5 сьнежня адбыўся сход жыхароў Рудкаўшчыны. На ім пастанавілі, што сельскую ўстанову культуры кранаць ня будуць. Яна застанецца такой, як яе ўзьвялі:

«Удалося нам абараніцца. Адстаялі мы будынак. Сход праходзіў эмацыйна. Людзі ўсе былі за сельскі клюб і не хавалі сваіх меркаваньняў. Чыноўнікі выслухоўвалі гэтыя меркаваньні і не грубілі. Пагадзіліся з народам цалкам. Старшыня райвыканкаму сказаў, што прыехаў у Рудкаўшчыну, каб выслухаць думкі народу. Людзі разыходзіліся задаволенымі», — апавядае пра сход адна з актыўных абаронцаў клюбу Алена Міхайлаўна.

Бібліятэка ў сельсавеце
Бібліятэка ў сельсавеце

Сельскі клюб у Рудкаўшчыне пабудавалі паводле праграмы адраджэньня і разьвіцьця вёскі. У 2012 годзе, калі ў Горках праходзілі «Дажынкі», клюб урачыста адкрылі. У ім — бібліятэка, вялікая глядзельная заля ды меншая танцавальная. Паводле вяскоўцаў, яны доўгі час дамагаліся, каб у Рудкаўшчыне пабудавалі ўстанову культуры. Пасьля двух гадоў яе функцыянаваньня сельсавет надумаў яе рэканструяваць. Тлумачыліся гэткія намеры эканамічнай мэтазгоднасьцю, у тым ліку вялікімі выдаткамі на абслугоўваньне клюбу.

У сваім камэнтарах некаторыя вяскоўцы заяўлялі, што ім не патрэбны гэтак сельсавет, як сельскі клюб. «У ім людзі могуць адпачыць ад гаспадарчага клопату», — аргумэнтавалі сваю пазыцыю жыхары Рудкаўшчыны. Паводле іх, у клюбе часта праводзяцца канцэрты, вечары адпачынку для моладзі. У ім жа бібліятэка, якую часта наведваюць школьнікі. Пасьля рэканструкцыі, абураліся вяскоўцы, памяшканьні клюбу сталі меншымі ў памерах і страцілі сваё першаснае прызначэньне.

Глядзельная заля ў клюбе
Глядзельная заля ў клюбе

У Рудкаўшчыне быў свой сельсавет, але пасьля адміністрацыйна-тэрытарыяльных зьменаў яго скасавалі. Цяпер орган прадстаўнічай улады месьціцца ў суседняй вёсцы Сава — яна за восем кілямэтраў ад Рудкаўшчыны. З Савы і хацелі перамясьціць сельсавет у Рудкаўшчыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG