Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горацкім раёне сяляне паўсталі супраць сельсавета


Сельскі клюб у Рудкаўшчыне

Сельскі клюб у Рудкаўшчыне

Жыхары вёскі Рудкаўшчына Горацкага раёна пратэстуюць супраць намеру чыноўнікаў ушчыльніць іх сельскі клюб і зрабіць там кабінэты сельсавету.

Жыхары вёскі Рудкаўшчына Горацкага раёна пратэстуюць супраць намеру чыноўнікаў ушчыльніць іх сельскі клюб і зрабіць там кабінэты сельсавету.

Орган прадстаўнічай улады на вёсцы зьбіраюцца перасяліць у клюб зь іншай вёскі. Калі намер перасяліць сельсавет зацьвердзяць, то, паводле вяскоўцаў, некаторыя памяшканьні страцяць сваё першаснае прызначэньне. Жыхары Рудкаўшчыны ня згодныя з гэткім ушчыльненьнем клюбу. Але некаторым падпісантам ужо прапаноўвалі адмовіцца ад подпісаў, якія яны паставілі ў скаргах, каб абараніць сельскі клюб.

Сельскі клюб у Рудкаўшчыне пабудавалі паводле праграмы адраджэньня і разьвіцьця вёскі. У 2012 годзе, калі ў Горках праходзілі «Дажынкі», клюб урачыста адкрылі. У ім — бібліятэка, вялікая глядзельная заля ды меншая танцавальная.

Паводле вяскоўцаў, яны доўгі час дамагаліся, каб у Рудкаўшчыне пабудавалі ўстанову культуры. Пасьля двух гадоў яе функцыянаваньня, даводзіць адна з актывістак сельскага пратэстнага руху Алена Міхайлаўна, сельсавет надумаў яе рэканструяваць:

«Бібліятэку перанясуць у глядзельную залю, а глядзельную залю ў танцавальную. І зрабіць дзьве ў адной. Скажыце, як можна кіно паказваць у танцавальнай залі? Усе людзі супраць. У нашай глядзельнай залі і кінасэансы праходзяць, і канцэрты. Там для ўзроўню сельскага жыцьця мерапрыемствы праходзяць даволі часта. Жыцьцё актыўнае. Дзеці з школы адразу ў клюб бягуць».

Бібліятэка ў клюбе

Бібліятэка ў клюбе

У Рудкаўшчыне быў свой сельсавет, але пасьля адміністрацыйна-тэрытарыяльных зьменаў яго скасавалі. Цяпер орган прадстаўнічай улады месьціцца ў суседняй вёсцы Сава — яна за восем кілямэтраў ад Рудкаўшчыны.

Танцавальная заля

Танцавальная заля

Алена Міхайлаўна кажа, што ў Саве ёсьць свой Дом культуры, школа ды неблагое памяшканьне для сельсавету. Тым ня менш, адзначае суразмоўца, сельсаветчыкаў цягне ў Рудкаўшчыну:

«У нас будынак прыгожы, цёплы. Газавае ацяпленьне. Яны хочуць быць цывілізаванымі людзьмі і ня хочуць сабе будаваць. Ім жа грошы на гэта выдзелілі. У іх жа ёсьць яшчэ адзін будынак, дзе яны раней знаходзіліся. Там жа і эўравокны паставілі перад Дажынкамі, і сайдынгам абшылі будынак...»

Глядзельная заля

Глядзельная заля

У Саўскім сельскім савеце заяўляюць, што канчатковае рашэньне пра пераезд у Рудкаўшчыну яшчэ не прынятае. Паводле старшыні Віктара Галачкіна, разьмяшчэньне органу прадстаўнічай улады ў клюбе тлумачыцца эканамічнай мэтазгоднасьцю. Стары будынак Рудкаўскага сельсавету вымагае вялікіх сродкаў на рамонт, а іх лацьвей пусьціць на частковую рэканструкцыю сельскага клюбу. Акрамя таго, паводле старшыні сельсавету, у самім клюбе цячэ дах, які трэба рамантаваць:

«Там шматфункцыянальны павільён, у якім і клюб, і бібліятэка, і месца там дастаткова, каб умясьціць туды і сельскі савет. Там дзьве залі — танцавальная і глядзельная. Яны пустуюць. А за іх жа трэба плаціць. Там газавае ацяпленьне. Трошку трэба пацясьніцца. Два кабінэты зрабіць для старшыні і кіраўніка справамі сельсавета. Калі гэта будзе зроблена, то законна і цывілізавана. Проста крыўдна, што няправільна трактуюць гэтае пытаньне», — даводзіць Віктар Галачкін.

Будынак рудкаўшчынскага клюбу

Будынак рудкаўшчынскага клюбу

Паводле суразмоўцы, ня ўсе ў вёсцы Сава падтрымліваюць ідэю пераезду ад іх сельсавету. Тым часам некаторыя жыхары Рудкаўшчыны, пажыўшы год безь сельсавету, заяўляюць, што ён ім не патрэбны гэтак, як клюб:

«Во не было яго год — было ціха і спакойна. Абавязкова трэба цяпер псаваць клюб? Бальшыня ў нас за клюб. Да нас нават філярмонія магілёўская прыяжджала. Столькі людзей там зьбіраецца. Хоць на час ад тых сьвіней ды кароў адпачыць. Ёсьць у нас моладзь. А што, у сорак ці ў пяцьдзясят нельга схадзіць у клюб адпачыць?», — кажа адна з жыхарак Рудкаўшчыны.

Бальшыня вяскоўцаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, заяўляюць, што ім патрэбны сельскі клюб, аднак свайго стаўленьня да разьмяшчэньня ў ім сельсавету адкрыта не выказваюць.

Былы будынак сельсавету ў Рудкаўшчыне

Былы будынак сельсавету ў Рудкаўшчыне

Актыўныя абаронцы клюбу заяўляюць, што напісалі скаргі ў Горацкі райвыканкам, абласное ўпраўленьне дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці ды Камітэт дзяржкантролю ў Менск. У скаргах выкладзеная пазыцыя жыхароў вёскі, чаму яны супраць разьмяшчэньня ў сельскім клюбе сельсавету. Пад скаргай паставілі подпісы больш за пяцьдзясят чалавек. Усяго ж у Рудкаўшчыне жыве каля трохсот чалавек. Некаторым з падпісантаў, як кажуць вясковыя актывісты, ужо прапаноўвалі адклікаць свой подпіс на той падставе, што яны ня ведалі, за што падпісваюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG