Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі футбалісты спрабуюць праз суд атрымаць заробкі


Пяцёра гульцоў футбольнага клюбу «Гомель» падалі пазовы ў суд Цэнтральнага раёну, дамагаючыся выплаты заробку і канчатковага разьліку.

4 лютага судзьдзя Віктар Казачок правёў папярэдняе слуханьне справы па заявах Дзьмітра Неўмывакі, Віталя Трубілы і Аляксандара Бычанка. Саміх футбалістаў на судзе не было — іх інтарэсы прадстаўляў адвакат.

Прадстаўніца ФК «Гомель» пазовы футбалістаў прызнала часткова, а з прэтэнзіямі Дзьмітра Неўмывакі не пагадзілася, заявіўшы, што ўвесь заробак гэтаму гульцу нібыта выплачаны.

Футбалісты патрабуюць выплаты сярэдніх заробкаў за 2–4 месяцы мінулага году, а таксама адпускных за той пэрыяд, калі яны гулялі за гомельскую каманду.

Галоўны бухгальтар клюбу Ірына Роўда адмовілася камэнтаваць пазовы гульцоў.

Адзін з прадстаўнікоў футбалістаў, які займаецца працаўладкаваньнем спартоўцаў, што пакінулі гомельскі клюб, так патлумачыў сытуацыю:

«Футбалісты хацелі сустрэцца з дырэктарам клюбу Яўгенам Пабалаўцом, але ён пазьбягаў кантактаў. Ім прыйшлося зьвярнуцца ў суд. Патрабуюць заробак і канчатковы разьлік, які своечасова ня быў зроблены. Фінансавае становішча цяпер ва ўсіх клюбах цяжкае. Я мяркую, што і футбольны клюб „Гомель“ мае пэўныя фінансавыя цяжкасьці, таму й не змаглі разьлічыцца».

Галоўны фундатар гомельскага футбольнага клюбу — РУП «ВА „Беларуснафта“». У судзе пакуль не назвалі прычын, чаму з гульцамі, якія пакінулі каманду, дагэтуль не разьлічыліся.

Як стала вядома, двое футбалістаў перайшлі ў салігорскі «Шахцёр», іншыя будуць працягваць спартовую кар’еру ва Ўкраіне і Літве.

Пазовы футбалістаў па сутнасьці суд Цэнтральнага раёну разгледзіць на будучым тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG