Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Небеларускі «Дняпро». Чаму магілёўcкі футбольны клюб прынцыпова расейскамоўны?


У адным зь мінулых запісаў я распавядаў, як добра зь беларускай мовай у беларускім спорце у розных частках Беларусі. Адным зь месцаў, дзе беларускую мову спартоўцы прынцыпова не ўжываюць, гэта Магілёў.

Каманды горада ня толькі аўсайдэры ў пашырэньні мовы і культуры, але і аўтсайдэры ў спартовых чэмпіянатах Беларусі — футбольныя, хакейныя і гандбольныя клюбы Магілёва стабільна і шмат год запар займаюць апошнія месцы ў турнірных табліцах.​

Заканамернасьць гэта, ці супадзеньне, вырашайце самі.

Футбольны клюб «Дняпро»

Ня так даўно Вінцук Вячорка вучыў магілёўскіх заўзятараў правільна па-беларуску заўзець за родны клюб. Мяркуючы па адказах, атрыманых мною з ФК «Дняпро», можна зрабіць выснову, што заўзятарам гэта абсалютна не патрэбна, ім дастаткова і расейскай мовы. Безумоўна, забягаючы наперад, скажу, што гэта зусім ня так: фанаты «Дняпра» беларускую мову шануюць, але аб усім па парадку.

Вось што паведаміў мне намесьнік генэральнага дырэктара ФК «Дняпро» па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Аляксандар Канановіч, які зараз выконвае абавязкі і генэральнага дырэктара, адным словам адказвае за клюб:

Аляксандар Канановіч
Аляксандар Канановіч

«ЗАО «Футбольный клуб «Днепр» на Ваше письмо сообщает, что использование русского языка на территории Республики Беларусь регламентируется статьей № 17 Конституции «Государственными языками в Беларуси являются русский и белорусский языки».

Далей «моцны гаспадарнік», не задаволіўшыся публічнай дэманстрацыяй сваіх ведаў у заканадаўстве, вырашыў даць яшчэ і гістарычную даведку і працягнуў:

«Русский язык в Беларуси является одним из двух государственных языков. Данный статус русский язык получил согласно результатам республиканского референдума 1995 года, когда за придание русскому языку статуса государственного проголосовало 83,3% населения, принявшего участие в референдуме». ​

Наогул, паводле кароценькага ліста на чвэрць старонкі бачна вялікая і любоў Канановіча да расейскай мовы — выраз «русский язык» сустрэўся ў лісьце пяць разоў, у той час аб беларускай мове ён узгадаў толькі аднойчы. Ды і што казаць, калі грамадзянаў Беларусі Канановіч называе проста насельніцтвам, хаця ў рэфэрэндумах бяруць удзел толькі грамадзяне.

Адказ на мой зварот пісаўся неўзабаве пасьля так званага «рэфэрэндуму» па далучэньні акупаванага Расеяй ўкраінскага Крыму, які адбыўся 14 сакавіка. Магчыма, Канановіч пісаў свой адказ пад уплывам у тым ліку гэтых падзеяў.

Тады я Канановічу напісаў, што ў Беларусі ня ўсё вызначаецца рэфэрэндумамі, а ёсьць яшчэ і законы. А сярод гэтых законаў і закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», паводле якога адказ на беларускамоўны зварот павінен давацца на мове звароту. А таксама ёсьць закон «Аб беларускай арфаграфіі», паводле якога юрыдычны адрас, пазначаны на блянку «Дняпро» знаходзіцца на вуліцы Першамайскай, а не «Первамайскай», як было напісана ў афіцыйным лісьце клюбу.

Праз тры тыдні прыйшоў ліст з «Дняпро» у якім Канановіч даслаў пераклад папярэдняга ліста на беларускую мову. Можа, калі хоча. Нават памылкі ў блянку выправіў. Але, відаць, гэта далося яму зь вялікімі маральнымі цяжкасцямі і, каб зноў прадэманстраваць адданасьць расейскай мове, ён дапоўніў папярэдні ліст двума абзацамі:

«З пачаткам правядзеньня Чэмпіянатаў Беларусі, з 1992 года, наш клюб выкарыстоўвае расейскую мову. Гэта задавальняе працаўнікоў клюбу, футбалістаў і магілёўскіх заўзятараў, якія падтрымліваюць нашу каманду таксама на расейскай мове».

Вось дык навіну выдаў Кананчук — аказваецца, да 1995 году, калі дзяржаўнай была беларуская мова, можна было ня толькі грамадзянам, а цэлым футбольным клюбам працаваць па-расейску! І ніхто іх на дубках ня вешаў, не дыскрымінаваў, з чамаданамі ў Расею не высылаў (хоць з Магілёва туды недалёка). Як так? Дзе ж пацьверджаньне баек пра беларускі агрэсіўны нацыяналізм, калі самыя актыўныя прыхільнікі расейскай мовы кажуць, што ёй ужо тады можна было актыўна карыстацца? Дык навошта тады праводзіўся рэфэрэндум, пра які ўзгадваў Канановіч?

Канановіч сьцьвярджае, што супрацоўнікаў клюбу задавальняе становішча з расейскай мовай. Магчыма і так.

Што да футбалістаў — іх меркаваньня ня ведаю, не сустракаўся зь імі і не размаўляў пра гэта, як, хутчэй за ўсё, і Канановіч.

Што да заўзятараў, якія падтрымліваюць каманду па-расейскую, то гэта не зусім праўда. Заўзятары «Дняпро», як і заўзятары «Гомеля», зь якімі ў іх згода і ўзаемная падтрымка, шырока выкарыстоўваюць беларускую як на стадыёнах, так і па за імі.

Але Канановіч пра гэта ведаць ня хоча. Магчыма, таму ён вырашыў спыніць перапіску:

«Мы давялі да Вас пазыцыю клюбу і больш па гэтым пытаньні весьці перапіску ня будзем».

Але слова сваё не стрымаў і празь некалькі месяцаў паведаміў наступнае:

«Жаночая футбольная каманда «Надзея-Днепр» зьяўляецца структурным падраздзяленнем ЗАТ «Футбольны клуб „Днепр“. Такім чынам, яна мусіць прытрымлівацца тых жа поглядаў у сферы моўнай палітыкі клуба».

Такім чынам, каманда ЖФК «Надзея-Дняпро» мусіць жыць не паводле заканадаўства, якое гарантуе свабодны выбар мовы, а ў адпаведнасьці з моўнай палітыкай арганізацыі, у чыю структуру яна ўваходзіць.

Ключавыя словы ў гэтым лісьце: «мусіць» і «моўная палітыка», а таксама тое, што расейская мова ў клюбе выкарыстоўваецца з 1992 года.

Ніводзін з клюбаў, ніводзін чыноўнік ці арганізацыя на маёй памяці не дазвалялі сабе апраўданьні, маўляў, у нас такая моўная палітыка, і таму ўсё толькі па-расейску можа быць.

Таму чаго зьдзіўляцца, што ў «Дняпро» з 1992 года толькі расейская мова?

Тое, што ў клюбе працуюць беларусы, якія любяць і паважаюць беларускую мову, сьведчыць тое, што супрацоўнік узгаданага ЖФК «Надзея-Дняпро» Андрэй Ільеня вядзе па-беларуску інтэрнэт-рэпартажы матчаў жаночай зборнай Беларусі, арганізаваныя Беларускай фэдэрацыяй футболу.

Магчыма, ён бы мог і ў «Надзеі-Дняпро» беларускую мову пашыраць, але мы ўжо ведаем, якая там моўная палітыка.

А напрыканцы згадаем спартовыя дасягненьні «Дняпро» за мінулыя гады. Магчыма, клюб дасягаў вялікіх посьпехаў, спаборнічае з «БАТЭ» за першае месца ў чэмпіянаце, граміць «Барсэлёну» і «Баварыю»?

Вынікі насамрэч у яго ня проста слабыя, а катастрафічныя. Глядзіце самі: 2011 год — 12 месца з 12 каманд і вылет з Вышэйшай лігі ў 1-ю, 2012 год — сэзон у 1-й лізе, 2013 год — вяртаньне ў Вышэйшую лігу і 11 месца з 12-ці каманд. Клюб стабільна замыкае турнірную табліцу, альбо вылятае з Вышэйшай лігі, альбо змагаецца за права ў ёй застацца ці ў яе ўвайсьці. Вось такія вынікі працы адміністратара-гаспадарніка Канановіча. У сёлетнім чэмпіянаце сэзону 2014 года клюб зноў заняў 12-е месца і мусіць гуляць з камандай, якая заняла 3-е месца ў 1-й лізе (гэта ФК «Віцебск») за права застацца ў Вышэйшай.

Такі вось гранд беларускага футболу.

Можа, прыйшоў час зьмяніць згаданую моўную і ня толькі палітыку ў магілёўскім футболе? Дзяржаўныя сродкі на адміністрацыю «Дняпра» выдаткоўваюцца, а выніку няма ад 2011 году. Карацей, ганьбяць каманду, горад, імя «Дняпро» і галоўнае —«Пагоню», якая месьціцца на эмблеме клюбу.

Наступным разам пагаворым, як складаецца сытуацыя зь беларускай мовай у хакейным клюбе «Магілёў» і гандбольным клюбе «Машэка», а таксама аб іх спартовых дасягненьнях і кадравай палітыцы. Скажу словамі Лявона Вольскага: «Ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе», але ж самае цікавае заўжды ў падрабязнасьцях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG