Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі чакаюць Лукашэнку: абнавілі асфальт, апячаталі падвалы і выплацілі раней пэнсіі


Фарбуюць слупы зь ліхтарамі на плошчы Леніна

Фарбуюць слупы зь ліхтарамі на плошчы Леніна

Гомельскае аддзяленьне паштовай сувязі № 50 па тэлефоне запрасіла 16 чэрвеня пэнсіянэраў Цэнтральнага раёну атрымаць свае пэнсіі на суткі раней звычайнага.

«Я заўсёды атрымліваю пэнсію сямнаццатага кожнага месца. А тут патэлефанавалі ўчора з паштовага аддзяленьня і запрасілі прыйсьці сёньня. Ну, я і прыйшла», — расказала спадарыня Людміла.

Датэрмінова атрымлівалі пэнсіі і жанчыны, і мужчыны.

«Мне таксама тэлефанавалі», — тлумачыць сямідзесяцігадовы спадар Юры.

Жыхарка Цэнтральнага раёну спадарыня Марыя дадае:

«Я нават запыталася ў касіра-апэратара, чым выклікана такая ўвага да пэнсіянэраў. Тая адказала: „Нам начальства сказала, што 17 чэрвеня грошы на пошту ня будуць прывозіць“. Думаю, зьвязана гэта, хутчэй за ўсё, з прыездам у Гомель Аляксандра Лукашэнкі. Можа, ён нават выступаць будзе па плошчы Леніна. Альбо нараду ў аблвыканкаме правядзе. Усё ў цэнтры, як звычайна, перакрыюць. Таму й вырашылі загадзя выплаціць пэнсіі тым, хто павінен атрымліваць іх у 50 паштовым аддзяленьні 17 чэрвеня».

У пацьверджаньне сваёй вэрсіі гараджанка прыгадвае, што на мінулых выходных на плошчы пафарбавалі ўсе слупы асьвятленьня. Працавалі дзьве аўтавышкі. Нягледзячы на дождж, сёньня на праспэкце Леніна фарбавалі дамы і парадкавалі вулічныя клюмбы й газоны. Раней апрабоўвалі пасадку гелікоптэра паблізу Сажа.

У Гомелі на вуліцы Савецкай апячаталі гарышчы і падвалы дамоў, паведамілі БелаПАН жыхары горада. Таксама на гэтай вуліцы пафарбавалі дрэвы.

Пра візыт Лукашэнкі ў Гомель гамельчукі сталі гаварыць яшчэ на пачатку месяца, калі ў цэнтры на вуліцы Савецкай сталі сьпешна абнаўляць асфальт ды перакладваць брук на прыпынках грамадзкага транспарту. Па аўральных тэмпах замены асфальту гараджане вызначылі нават прадпрыемствы, якія плянуе наведаць кіраўнік дзяржавы — гэта СП ААТ «Спартак», холдынг «Гомсельмаш». У апошнім новы асфальт сьпешна клалі нават на заводзкай тэрыторыі.

Кандытарскую фабрыку «Спартак» амаль чатыры гады таму, паводле патрабаваньня Лукашэнкі, нацыяналізавалі. Самы буйны пакет акцыяў, выкуплены былым грамадзянінам Беларусі Маратам Новікавым, які эміграваў у ЗША, прыметна «схуднеў» — большую частку акцыяў вярнулі дзяржаве. Колішні аблашчаны ўладамі інвэстар Новікаў, як было заяўлена, «забіў» і «Спартак» і «Камунарку» — яны не займелі «новых брэндаў, новай прадукцыі, новага тавару».

Цяпер, па ўсяму відаць, будуць зроблены падрахункі «нацыяналізацыі».

На «Спартаку» ўвялі ў эксплюатацыю новую аўстрыйскую лінію па вырабу вафляў, на днях выпусьцілі горкі шакаляд бяз цукру. А што да экспарту, то дзесяць гадоў таму «спартакаўцы» прадавалі 27,7 адсотка сваёй прадукцыі за межы краіны, цяпер — толькі каля 22 адсоткаў.

На «Гомсельмашы» працуе каля 17 тысяч работнікаў і спэцыялістаў. Нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і пагашэньне дзяржавай працэнтаў па крэдытах, за мінулы год «Гомсельмаш» атрымаў страты ад рэалізацыі прадукцыі ў памеры 290,3 мільярда рублёў. У абʼяднаньня велізарныя даўгі за электраэнэргію, ваду. Пэрыядычна «сяльмашаўцы» працуюць на скарочаным працоўным тыдні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG