Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 25 гадоў таму былі падпісаныя Белавескія пагадненьні


Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын на сустрэчы ў Віскулях
Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын на сустрэчы ў Віскулях

Падзеі 8 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаў.

Таксама ў гэты дзень

1432 — Ашмянская бітва паміж войскамі вялікіх князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча.

1854 — папа Пій ІХ устанавіў дагмат Каталіцкай царквы аб беззаганным зачацьці Дзевы Марыі, маці Ісуса Хрыста.

1926 — у склад БССР увайшлі Рэчыцкі і Гомельскі паветы.

1955 — Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы зацьвердзіла свой сьцяг — цяперашні сьцяг Эўразьвязу.

1958 — у Мадрыдзе з ініцыятывы Рады БНР пачалася трансьляцыя беларускіх радыёперадач гішпанскага радыё, якія рэдагаваў Янка Сурвіла. Вяшчаньне ішло да траўня 1965 году, у эфір выйшла больш за 2300 перадач.

1974 — у Грэцыі праз рэфэрэндум была скасаваная манархія.

1999 — кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, архіўнае фота

У гэты дзень нарадзіліся

1832 — Б’ёрнст’ернэ Б’ёрнсан, нарвескі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

1914 — Часлаў Сіповіч, грэка-каталіцкі біскуп, актыўны дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, заснавальнік Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

1918 — Аляксандр Махнач, беларускі навуковец-гэоляг, акадэмік, у 1973-1986 гадах — віцэ-прэзыдэнт АН БССР. Удзельнічаў у адкрыцьці на тэрыторыі Беларусі нафтавых радовішчаў, радовішчаў калійных і каменных соляў, жалезнай руды, гаручых сланцаў.

1935 — Рыгор Родчанка, беларускі краязнаўца, пэдагог, фальклярыст, паэт, літаратуразнаўца.

У памяці

1937 — Язэп Гаўрылік, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

1937 — Ігнат Дварчанін, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч.

1969 — Ванда Лявіцкая, беларуская пісьменьніца, перакладніца, настаўніца, выхавальніца.

1980 — у Нью-Ёрку быў застрэлены Джон Ленан, музыка легендарнага гурту The Beatles.

Партрэт Джона Ленана ў Віцебску
Партрэт Джона Ленана ў Віцебску

Што будзе?

8 сьнежня ў менскім Прэс-клюбе (вул. Веры Харужай, 3-601) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы...», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход вольны.

Лекцыі і выставы

Лекцыя пра Максіма Багдановіча

У межах сьвяткаваньня 125-годзьдзя Максіма Багдановіча адбудзецца адкрытая лекцыя літаратурнага крытыка Ціхана Чарнякевіча «Цыкль вершаў Максіма Багдановіча „Каханьне і сьмерць“: тэкст і кантэкст».

Менск, Культурная прастора «Тартак» (Магілёўская вул., 2, корпус 2, 4-ы паверх, за ГЦ «Мост»).
Пачатак а 18:30.
Уваход вольны.

Адкрыцьцё выставы «Крэпасьць Эўропа. Усходні бастыён» у Берасьці

Выстава «Крэпасьць Эўропа. Усходні бастыён», тэма якой — становішча чачэнскіх уцекачоў на беларуска-польскай мяжы, сталася вынікам калябарацыі паміж мастакамі, куратарамі і валянтэрамі праваабарончай установы Human Constanta.

Берасьце, Прастора КХ (вул. Халтурына 2/1).
Пачатак а 19-й гадзіне.
Уваход вольны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG