Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гадавіну рэфэрэндуму актывісты прапануюць запаліць «памінальныя сьвечкі па дэмакратыі»


З прапановай выключыць сьвятло і запаліць сьвечкі і зьнічы на падвоканьнях 24 лістапада з 18 да 19 гадзін выступіла Аршанская кааліцыя дэмакратычных сілаў.

Такім чынам актывісты зьбіраюцца правесьці «памінкі па дэмакратыі» — адзначыць 20-я ўгодкі рэфэрэндуму, які на доўгія гады зьмяніў лёс Беларусі.

Аршанскія актывісты заклікаюць усіх грамадзян Беларусі падтрымаць сваю акцыю.

24 лістапада 1996 году адбыўся рэфэрэндум, вынікі якога лічыць сфальшаванымі значная частка беларусаў. Шэраг замежных дзяржаў, а таксама міжнародных структур, у тым ліку АБСЭ, афіцыйна не прызналі вынікаў гэтага рэфэрэндуму і абвясьцілі іх незаконнымі на падставе выяўленых працэдурных парушэньняў.

Падчас падрыхтоўкі да галасаваньня Аляксандар Лукашэнка выдаў шэраг указаў, што датычыліся арганізацыі і правядзеньня рэфэрэндуму і супярэчылі тагачаснай Канстытуцыі краіны. За 10 дзён, 15 лістапада 1996 году, чарговым указам Лукашэнкі быў адхілены ад пасады старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар. Гэта таксама было перавышэньнем канстытуцыйных паўнамоцтваў прэзыдэнта.

На пасаду старшыні ЦВК была прызначана Лідзія Ярмошына, дзейнасьць якой у значнай часткі беларускага грамадзтва асацыюецца з парушэньнямі падчас выбарчых кампаніяў.

Паводле зацьверджаных ЦВК вынікаў рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году, была зьменена Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Большасьць жыхароў краіны, паводле афіцыйна агучаных лічбаў, выказаліся за захаваньне сьмяротнага пакараньня і супраць прыватнай уласнасьці на зямлю, адмовіліся ад права выбіраць старшыняў гарадзкіх і абласных выканкамаў і празрыстага фінансаваньня ўсіх галінаў улады.

Прэзыдэнт атрымаў неабмежаваную ўладу, і беларуская дэмакратыя ў дзень рэфэрэндуму была практычна пахаваная, лічаць аршанскія актывісты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG