Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразійскай супольнасьці ня могуць дамовіцца пра падаткі на алькаголь і тытунь


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Урад Беларусі стаіць перад выбарам — зьбіраць болей алькагольных і тытунёвых грошай у бюджэт альбо адвучаць насельніцтва піць і курыць.

Два расейскія міністэрствы — фінансаў і аховы здароўя — не падтрымліваюць увядзеньня адзіных акцызаў на тытунь і алькаголь у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Пра гэта сёньня піша расейская газэта «Известия».

Прычына нязгоды — нізкія стаўкі акцызных падаткаў, якія прапануе ЭАЭС. Напрыклад, розьніца ў акцызе на адзін пачак цыгарэт складае 40 расейскіх капеек. Гэта азначае, што і тытунь, і алькаголь на абшарах ЭАЭС стануць больш таннымі і даступнымі. У выніку ўзьнікаюць дадатковыя пагрозы для здароўя людзей, якія жывуць у Армэніі, Беларусі, Казахстане, Кіргізстане і Расеі.

Пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні складаная — адзначае фінансавы аналітык Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Падвышэньне акцызаў звычайна прыводзіць да дадатковых грошай, якія паступаюць у бюджэт. Для звычайнага чалавека рост коштаў на гарэлку і цыгарэты не настолькі вялікі, каб ён адмовіўся ад іх ужываньня. Але па ўсёй краіне ад падвышэньня набягаюць неблагія грошы. Так было ў ранейшыя гады.

Але сёлета год незвычайны. Продаж айчыннага тытуню абваліўся працэнтаў на 25, а ўжываньне алькаголю зьменшылася працэнтаў на 15. Таму атрымліваецца такая цікавая сытуацыя. З аднаго боку, ідэя падвышэньня акцызаў, а яна скіраваная і на тое, каб людзі меней куплялі гарэлку і цыгарэты, спрацавала. То бок здароўе народа паляпшаецца. І 2015 год — першы, калі такое здарылася.

Аднак, з другога боку, адмова ад тытуню і алькаголю адбылася хутчэй, чым расьлі стаўкі акцызаў. Таму зьбіральнасьць гэтага падатку зьнізілася. З-за гэтага сёлета ў нас было шмат прапаноў: давайце будзем прадаваць гарэлку круглыя суткі, няхай на паліцах стаяць 29 відаў рознай гарэлкі і г.д.

Атрымалася тое, што я назваў бы супярэчнасьцю задач: для здароўя — плюс, для Міністэрства фінансаў — мінус. І цяпер дылема — а што акажацца важней: здароўе ці грошы? Сёлета ўпершыню гэтыя рэчы сталі паміж сабой несумяшчальнымі. І цяпер мне зразумела, што ўстае пытаньне палітычнага выбару: што для нашай краіны важнейшае — зьбіраць болей грошай у бюджэт альбо адвучаць насельніцтва піць і курыць?»

Эўразійская эканамічная камісія вырашыла прывязаць стаўкі акцызаў не да расейскага рубля, а да эўра. Пра гэта заявіў міністар па эканоміцы і фінансавай палітыцы Эўразійскай эканамічнай камісіі Цімур Сулейманаў. Ён сказаў, што акцыз на адзін пачак цыгарэт плянуецца ўсталяваць у памеры 44 эўрацэнты. У Маскве лічаць, што гэтага мала.

Прынцыповае рашэньне аб увядзеньні адзінага тарыфнага калідору прынялі яшчэ ў траўні. Аднак калі ён пачне дзейнічаць, дагэтуль невядома. Спадар Сулейманаў тлумачыць гэта тым, што «пытаньне ўсё яшчэ абмяркоўваецца».

XS
SM
MD
LG