Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія ў разгары. У Дрыбіне абіраюць цыбулю


Пустынныя вуліцы Дрыбіна
Пустынныя вуліцы Дрыбіна

Перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія ў разгары. Ініцыятыўныя групы зьбіраюць подпісы за сваіх вылучэнцаў. Іхныя пікеты пакрысе становяцца звыклай будзённасьцю на гарадзкіх вуліцах. Між тым нямала беларускіх райцэнтраў важная палітычная падзея амаль не закранула. У такіх райцэнтрах толькі адзін прэтэндэнт на прэзыдэнцтва. Астатнія да іх не даехалі. На Магілёўшчыне адзін з такіх райцэнтраў Дрыбін.

Дрыбін сустрэў нашага карэспандэнта бязьлюднымі вуліцамі. У візуальным афармленьні райцэнтру згадак пра тое, што ў Беларусі праходзіць перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія, няма. На сьцяне мясцовай гасьцініцы плякаты, якія засталіся ад сьвяткаваньня Дня перамогі. Там-сям трапляліся рэклямныя абвесткі, якія, аднак, ня маюць ніякага дачыненьня да выбарчай тэматыкі.

Рэдкія мінакі на цэнтральнай вуліцы імя Леніна гаварыць з журналістам пра выбары адмаўляліся, спасылаючыся на занятасьць.

Плякаты да Дня перамогі на будынку гасьцініцы
Плякаты да Дня перамогі на будынку гасьцініцы

Ахвотнікі адказаць на пытаньні пра важную палітычную падзею году адшукаліся ў адным з двароў. Пяцёра пэнсіянэраў талакою ля хлеўчука перабіралі цыбулю. Пра тое, што 11 кастрычніка адбудуцца выбары прэзыдэнта, старыя ведаюць, як яны сказалі, з тэлевізара.

«У нас ужо хадзілі падпісчыкі. Я дык падпісалася за Лукашэнку, бо больш нікога ня ведаю. Мы ня хочам, каб у нас была такая рэвалюцыя, як у Кіеве, таму толькі за яго і падпісваемся. Цяпер у нас спакой і парадак», — па-простаму адрэагавалі на пытаньні пра адсутнасьць абвестак пра выбары дзьве кабеты.

Будынак райвыканкаму — каля яго ні душы
Будынак райвыканкаму — каля яго ні душы

Заўвагу, што ў абласным цэнтры выстаўленыя пікеты, на якіх зьбіраюць подпісы за вылучэнцаў на прэзыдэнцтва, а ў Дрыбіне такога няма, суразмоўнікі ўспрынялі крыўдліва. Прысаромілі журналіста, што ён кажа няпраўду.

«У нас таксама гэтак жа зьбіраюць подпісы. Кожны чацьвер каля дома культуры стаяць падпісчыкі, як базар бывае», — давяла журналісту адна з жанчын.

«Дужа шмат людзей падпісваецца за Лукашэнку, нават чарга бывае. Я неяк пацікавілася: а за каго болей цяпер галасуюць: Адказалі, што за Лукашэнку. Больш за яго падпісваюцца старыя, пэнсіянэры, а вось маладыя ня дужа хочуць».

Рынак зачынены — выбарчых пікетаў няма
Рынак зачынены — выбарчых пікетаў няма

Пытаньне, ці будзе сёлета на выбарах інтрыга, ці пераможца ўжо цяпер вядомы, суразмоўцы пэўнага адказу не далі. Заўважылі, што журналіст мусіць сам ведаць, тым ня менш не прамінулі адзначыць заслугі, на іхную думку, фаварыта:

«За столькі гадоў ён сябе добра паказаў. А што нам яшчэ трэба. Вось цыбулю перабяром, пачысьцім, бульбу скапаем. Ніхто нас не бамбіць. Гэта толькі яго заслуга. А каб у нас не было спакою, то і цыбулі не было б. Ва Ўкраіне ж галадаюць, бо ў іх няправільны ўрад. Там ня проста злодзеі, а іх проста не цікавіць лёс народа. Украінцы забіваюць украінцаў — гэта ж злачынства».

Пэнсіянэры талакой абіраюць цыбулю, якая б без Лукашэнкі не ўрадзіла б
Пэнсіянэры талакой абіраюць цыбулю, якая б без Лукашэнкі не ўрадзіла б

Пасьля непрацяглай паўзы пэнсіянэры зноў адзначылі важнасьць спакою ў краіне: «Я хачу, каб мае ўнукі і дзеці спакойна жылі. Каб я пэнсію атрымлівала, няхай і невялікую, але рэгулярна. А за што яшчэ галасаваць, скажыце, калі ласка?»

Пра іншых прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва суразмоўнікі прызналіся, што ведаюць ня шмат. Не хавалі, што асабліва і не цікавіліся імі, аднак прасілі журналіста нешта пра іх расказаць. Не прамінулі адзначыць, што няхай бы прыехалі, зь людзьмі паварылі, наказы ад іх пачулі.

Запрашэньне наведаць краіну шапавалаў
Запрашэньне наведаць краіну шапавалаў

Наступны суразмоўца, мужчына сярэдняга веку, зазначыў, што пра выбары ведае, і што ў Дрыбіне таксама зьбіраюць подпісы ў падтрымку, праўда, аднаго прэтэндэнта — Лукашэнкі. Ініцыятыўныя групы іншых вылучэнцаў у райцэнтар не наведваліся. З гэтага мужчына робіць выснову, што шанцаў перамагчы дзейнага прэзыдэнта ў ягоных канкурэнтаў няма:

«Вось паглядзіце, праходзіць перадвыбарчая кампанія, а агітацыі і іх саміх тут няма. Няясна, чаго яны хочуць. У Магілёве дык подпісы зьбіраюць не за аднаго Лукашэнку, а ў нас толькі за яго. Крыўдна. А можа, я паглядзеў бы на агітацыю якога ягонага канкурэнта ды прагаласаваў бы не за Лукашэнку. Крыўдна і тое, што гэтыя выбары нічога ня зьменяць».

«Цяперашні прэзыдэнт ужо 25 гадоў. Патрэбная новая ўлада, — працягвае мужчына. — Хочацца нейкіх зьменаў. Дзеці растуць. Заробак каб рос. У Дрыбіне заробак — паўтара мільёна. Усё прыціскаюць. Пазыку я не магу ўзяць. Чаму ў Расеі трынаццаць працэнтаў плаціць за яе, а мне тут пяцьдзясят. Хачу адпачыць і вывезьці на адпачынак сям’ю. Калі я пазыку ўзяў, то пяць гадоў трэба на адпачынак забыць, бо заробак мізэрны», — наракае на жыцьцёвыя абставіны суразмоўца.

Чарнобыльская алея. Дрэвы не пасьпелі падрасьці
Чарнобыльская алея. Дрэвы не пасьпелі падрасьці

Прадстаўнікоў маладзейшага пакаленьня Дрыбіна разгаварыць на выбарчыя тэмы аказалася ня так і проста. Адказы бальшыні суразмоўцаў зводзіліся да «так» ці «не». Напрыклад: «Ці ведаеце пра выбары?» — «Так». — «А ці верыце ў якія перамены пасьля іх?» — «Не», альбо «мне ўсё роўна».

«Я асабліва не ўнікаю ў палітыку. Мы ж тут жывём, у глыбінцы, — кажа адзін з такіх суразмоўцаў, якому з выгляду ня болей за 25 гадоў. — Калі нешта зьменіцца, ну, і ладна, а калі не, то няхай гэтак будзе. Што ад нас залежыць?»

Калі нешта зьменіцца, ну, і ладна, а калі не, то няхай гэтак будзе

«На выбары, вядома ж, пойдзем, гэта ж наш сьвяты абавязак, — працягвае маладзён. — За каго буду галасаваць, не скажу. Прэтэндэнтаў жа чалавек дзесяць, відаць. Але я, акрамя Лукашэнкі, больш нікога і ня ведаю. У палітыку ня лезу».

Наступная суразмоўніца — зноў жанчына сталага веку. Яна здалёк спрабавала разабраць, пра што гаворыць журналіст зь ейным маладым суседам. Калі ж даведалася, то адразу адзначыла, што не зьбіраецца, як большасьць ейных аднагодак-пэнсіянэрак, адразу падтрымліваць Лукашэнку. Паскардзілася, што абяцанай дабаўкі да пэнсіі яшчэ ня бачыла, таму і подпісу свайго не аддасьць за яго. Старая Аляксандра Лукашэнку называе «прэдсядацелем».

«Чула, што сем прэтэндэнтаў цяпер, а восьмы — наш цяперашні „прэдсядацель“, ён і застанецца. Бальшыня за яго прагаласуе», — даводзіць сваё бачаньне вынікаў прэзыдэнцкай гонкі жанчына.

«Да лепшага жыцьцё ня зьменіцца, — кажа яна, — а калі і зьменіцца, то не на нашу карысьць. Гэты ж чалавек ужо ведае ўсё. Столькі гадоў кіруе. Дамовы з усімі пазаключаў. А новы прыйдзе — з сабой новае начальства прывядзе. Усё будзе мяняцца».

Мясцовы мэмарыял загінулым у вайну. Вянкі на баку — няма каму падняць
Мясцовы мэмарыял загінулым у вайну. Вянкі на баку — няма каму падняць

Пытаньне пра выбары наступнага суразмоўцу зьбянтэжыла. Ён зьдзіўлена перапытаў: «А калі яны ў нас?» Убачыўшы зьбянтэжанасьць ужо журналіста, мужчына нясьмела паведаміў: «Як быў у Магілёве, нешта пра іх чуў».

«Выбары, вядома ж, патрэбныя заўжды», — нібы выпраўляючыся ад свае неінфармаванасьці, выказваецца гаспадар дыхтоўнага катэджа за высокім плотам.

«За прэзыдэнта павінны прагаласаваць усе, — даводзіць ён. — Менавіта за цяперашняга варта ўсім галасаваць, бо палітыка ў яго дужа добрая. Канкурэнтаў у яго няма. У нас прэзыдэнт добры, моцны і іншага жадаць нам ня варта».

Дрыбін — самы малады з райцэнтраў на Магілёўшчыне. Статус раённага цэнтру атрымаў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У раёне нямала пасёлкаў, якія ўзводзілі для перасяленцаў з забруджаных раёнаў. У мястэчку жыве крыху болей за тры тысячы чалавек. Перад райвыканкамам няма помніка Леніну, затое ёсьць алея памяці па ахвярам Чарнобылю. Дрыбінскі раён славуты шапаваламі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG