Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У хатах чарнобыльскай вёскі сьпілавалі покуці: шукалі манэты


У вёсцы Савічы Брагінскага раёну, адкуль выселены жыхары пасьля чарнобыльскай катастрофы, у хатах на цэнтральнай вуліцы спрэс павыразаныя так званыя покуці, або красныя куты. Там раней вешалі абразы, аздобленыя ручнікамі.

Самасёлы, якія дагэтуль жывуць у вёсцы, мяркуюць, што покуці ў хатах выразаюць, шукаючы «скарб» — закладныя манэты.

Мясцовы жыхар Іван Цалуйка распавёў:

«Тут у нас ня так даўно працавалі прадстаўнікі гомельскага спэцыялізаванага прадпрыемства „Палесьсе“ — закопвалі ў дол на пачатку вёскі пакінутыя пасьля адсяленьня хаты. Дык яны хадзілі па вёсцы з бэнзапілой і спрэс выпілоўвалі красныя куты на нашай цэнтральнай вуліцы імя Леніна — шукалі на першым вянцы закладныя манэты».

Суразмоўнік кажа, што пілавалі старанна, не мінаючы практычна ніводнай хаты. А знайшлі што ці не — хто ж скажа?

«На першым бярвяне ў покуці, — дадае суразмоўца, — цесьля высякаў сякераю крыж. У сярэдзіну крыжа гаспадар клаў манэтку. Бывала, да манэткі дадавалі жмуток воўны альбо лёну — каб прыбытак быў у хляве і ў полі. Гэтыя манэткі і шукалі працаўнікі „Палесься“, спрэс выразаючы красныя куты ў драўляных хатах».

Іван Цалуйка

Іван Цалуйка

Як адзначаюць культуролягі, у Беларусі сапраўды існавала традыцыя — калі будуюць дом, класьці на шчасьце пад першы вянец манэтку. Знойдзеная манэта можа быць нават талісманам, які пакінулі прашчуры сваім нашчадкам. Але толькі знойдзеная выпадкова, а не спэцыяльна здабытая варварскім чынам.

Выпілаваныя покуці кінутых хатаў у вёсцы Савічы

Выпілаваныя покуці кінутых хатаў у вёсцы Савічы

Чарнобыльская зона, якая ўтварылася пасьля катастрофы на ЧАЭС у выніку адсяленьня людзей, не перастае зьдзіўляць сюрпрызамі. І ня толькі тым, што ў самых нечаканых месцах тут сустрэнеш самасёла, ваўка, лася, дзіка ці нават барсука, які зрабіў сабе нару пад падлогай пакінутай у радыяцыі хаты.

У зону імкнуцца то аматары рыбнай лоўлі й паляваньня, то зьбіральнікі мэталалому.

Вуліца ў Савічах

Вуліца ў Савічах

Савічы
Савічы

XS
SM
MD
LG