Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску, як у вёсцы: чаму жыхары гістарычных помнікаў мараць пра знос


Ужо сёлета Паўночны завулак, помнік драўлянага горадабудаўніцтва, чакаюць перамены. З-за будоўлі мэтро на плошчы Багушэвіча тры дамы перанясуць у іншы канец завулка. Чаму жыхары гістарычных дамоў зусім не ганарацца сваім жыльлём і рады былі б, каб яго зьнесьлі, — на месцы даведалася Свабода.

«Зносу чакаем з 1950-х»

Чуткамі пра знос Паўночны завулак жыве ўжо больш як паўстагодзьдзя. Марыс Іванавіч, якога сустракаем на вуліцы, нарадзіўся тут і жыў да 1957 году. Цяпер у ягоным родным доме жывуць ягоная братавая і пляменьнік.

«Мой прадзед працаваў на чыгунцы і атрымаў тут участак. У 1911 годзе з дапамогай сваякоў ён збудаваў тут хату, дзе я нарадзіўся ў 1937 годзе, — кажа Марыс Іванавіч. — Я тут правёў усё дзяцінства і маладосьць. Усе мае сябры тут жылі. Для мяне гэта знамянальны завулак. Вельмі шкада, што ён аказаўся такім закінутым».

Марыс Іванавіч нарадзіўся на Паўночным завулку яшчэ да вайны і жыў тут да 1957 году

Марыс Іванавіч нарадзіўся на Паўночным завулку яшчэ да вайны і жыў тут да 1957 году

Па ягоных словах, ужо з 1950-х гадоў мясцовыя чакалі зносу і пераезду ў кватэры. Такі лёс напаткаў усю аднапавярховую драўляную забудову суседніх вуліц — Клары Цэткін і Лібкнэхта. Аднак Паўночны завулак так і не адсялілі.

Дом Марыса Іванавіча будавалі ягоныя прадзед і дзед у 1911 годзе

Дом Марыса Іванавіча будавалі ягоныя прадзед і дзед у 1911 годзе

«Людзі чакалі, што іх вось-вось адселяць, і нават не ўставалі ў чэргі на кватэры, не праводзілі ніякіх камунікацыяў, — кажа Марыс Іванавіч. — Многія дагэтуль жывуць без вады і каналізацыі. Ходзяць па ваду да калёнкі. А гэта ж цэнтар гораду!»

Частка завулка дагэтуль не заасфальтаваная

Частка завулка дагэтуль не заасфальтаваная

«Нас ня зносяць, а пераносяць»

Пра магчымы знос ізноў загаварылі летась, калі стала вядома пра будоўлю станцыі мэтро на плошчы Багушэвіча. Як высьветліла ў мясцовых жыхароў Свабода, у канцы 2014 году жыхарам трох дамоў, разьмешчаных на пачатку завулка каля спуску на плошчу Багушэвіча, прыйшоў ліст ад «Мэтрабуда», дзе паведамлялася пра іх высяленьне. Патлумачылі тым, што дамы будуць зьнесены пры будоўлі трэцяй лініі мэтрапалітэну.

Увосень 2014 году Павал Скоблік атрымаў ліст пра высяленьні

Увосень 2014 году Павал Скоблік атрымаў ліст пра высяленьні

«Спачатку нашы дамы хацелі захаваць, — расказвае Павал Скоблік, які рыхтуецца да перасяленьня з Паўночнага завулку. — Аднак потым высьветлілася, што пры зразаньні часткі гары ёсьць імавернасьць пашкодзіць дамы. Таму прынялі новае рашэньне аб зносе. Дакладней, нашы дамы зьбіраюцца ня зносіць, а разабраць і перанесьці на пустыя месцы ў канцы завулка».

Дамы з пачатку завулка перанясуць у канец

Дамы з пачатку завулка перанясуць у канец

Падчас размовы з Паўлам на гарышчы ягонага дома рабілі замеры супрацоўнікі «Белрэстаўрацыі». Калі ўсё пойдзе па пляне, да канца году дамы павінны разабраць і перанесьці.

«Але мы там ужо жыць ня будзем, — кажа Павал. — Нам выдзелілі кватэру па праспэкце Дзяржынскага».

Суседзяў насупраць таксама раней зьбіраліся перасяляць. Але перадумалі

Суседзяў насупраць таксама раней зьбіраліся перасяляць. Але перадумалі

Зь дзяржавай лепш не спрачацца

Павал кажа, што ўжо прызвычаіўся жыць у прыватным доме. Ён прадстаўляе трэцяе пакаленьне сям’і, што жыве на Паўночным завулку. Пасьля вайны ў гэтай хаце жыло некалькі сем’яў, і ў адным з пакояў акурат ягоная бабуля. У гэтым доме выраслі ягоныя маці і дзядзька, а апошнія 25 гадоў жыве тут і ён.

Гэтыя вішні на Паўлавым двары саджала яшчэ ягоная бабуля. За імі — від на Дом ураду і музтэатар

Гэтыя вішні на Паўлавым двары саджала яшчэ ягоная бабуля. За імі — від на Дом ураду і музтэатар

«Вось гэтыя вішні яшчэ мая бабуля саджала. Вось яблыня, сьлівы, елачкі — усё сваімі рукамі саджалі мы. Хутка заквітнее вішня, і будзе „другая зіма“, як я кажу. А від які! Паглядзіце: са свайго двара я бачу Дом ураду».

Нягледзячы на прызвычаенае жыцьцё ў прыватным доме, сёлетняя вясна для яго, хутчэй за ўсё, стане апошняй на Паўночным завулку.

«Нам ужо выдзелілі кватэру ў новым доме. Цяпер чакаем, пакуль пагодзяцца нашы суседзі».

Па словах Паўла, ягоным суседзям, як і яму, выдзелілі кватэру, роўную плошчы іхняга дома. Аднак у старым доме суседка з сынам мае тры пакоі, а ў новай кватэры — хоць і вялікі, але адзін. Праз суд яны будуць дабівацца выдзяленьня дзьвюх аднапакаёвых кватэр.

Дом падзелены на дзьве часткі, аднак суседзі Паўла на ўмовы перасяленьня пакуль не пагадзіліся

Дом падзелены на дзьве часткі, аднак суседзі Паўла на ўмовы перасяленьня пакуль не пагадзіліся

«Калі б гэта быў прыватны забудоўшчык, можна было б яшчэ таргавацца, — кажа Павал. — Хацелася б, вядома, жыць у сваім доме, хоць бы за горадам. Аднак жа гэта „Мэтрабуд“: зь імі лепш не спрачацца».

Гістарычны цэнтар без вады і каналізацыі

Генадзь Іванавіч жыве ў доме насупраць і кажа, што першапачаткова ягоны дом таксама павінны былі адсяляць. Аднак ён усё адно спадзяецца, што пры будаўніцтве ўлады будуць вымушаны перанесьці і ягоны дом.

Генадзь Іванавіч наракае, што лёс жыхароў завулка нікога не турбуе

Генадзь Іванавіч наракае, што лёс жыхароў завулка нікога не турбуе

«Адразу за маім домам будзе праходзіць адкос. Тут жа пясочны грунт, таму калі яны пачнуць калупаць гару, усё паплыве».

У гэтым доме Генадзь Іванавіч жыве ўжо пяцьдзясят гадоў. Калі б улады больш клапаціліся пра ўпарадкаванасьць завулка і забясьпечылі ягоных жыхароў усімі выгодамі, нікуды перасяляцца яму й не хацелася б. Аднак, нягледзячы на статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, клопату аб гэтых дамах з боку дзяржавы тут не адчуваюць.

Так выглядае двор жыхара гістарычнага цэнтру

Так выглядае двор жыхара гістарычнага цэнтру

«У нас няма ні газу, ні вады, ні каналізацыі. Прыбіральня — вось, на вуліцы. Я зьвяртаў увагу на нас і Герасіменкі, і Паўлава, і Ладуцькі» (кіраўнікі Менгарвыканкаму ў розныя гады. — РС).

Паколькі асфальт паклалі толькі на частцы завулку, рэшту дарогі, па словах Генадзя Іванавіча, ён засыпаў бітай цэглай, а потым раўняў грэйдэрамі за свае грошы. Пасьля размовы з Ладуцькам жыхарам былі гатовыя правесьці газ. Праўда, з гарадзкога бюджэту на гэта выдзялялі толькі 30 адсоткаў патрэбнай сумы.

Паўночны завулак — у самым цэнтры, але мала хто сюды падымаецца з плошчы Багушэвіча

Паўночны завулак — у самым цэнтры, але мала хто сюды падымаецца з плошчы Багушэвіча

«А тут жа адны пэнсіянэры жывуць! У каго такія шалёныя грошы ёсьць? Вось таму і ня хочуць людзі жыць у такім цэнтры».

Што будзе — ніхто ня ведае

Дамы на Паўночным завулку прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Таму жыхарам забараняецца зьмяняць фасады, выкарыстоўваць падчас рамонту сучасныя матэрыялы. Аніякага сайдынгу тут не пабачыш, і выключэньне зроблена толькі для шклопакетаў. Калі адзін з дамоў пачалі абкладаць цэглай, гаспадару забаранілі працягваць «уцяпленьне» і нават прадпісалі разабраць адзіную сьцяну, якую ён пасьпеў пабудаваць.

Выкарыстоўваць сучасныя матэрыялы пры рамонце дамоў тут забаронена

Выкарыстоўваць сучасныя матэрыялы пры рамонце дамоў тут забаронена

Як мы пісалі вышэй, згодна з плянам да канца году тры дамы будуць разабраныя і перанесеныя на пустыя месцы ў канцы завулка. Але вось што ў іх будзе потым арганізавана, Свабодзе так і не ўдалося высьветліць. Усе дзяржорганы, куды мы тэлефанавалі, — раённыя ўлады, мэтрапалітэн і Міністэрства культуры — перакладаюць адказнасьць за будучыню гістарычных дамкоў адно на аднаго.

Як паведаміла Свабодзе Аксана Сматрэнка, намесьніца начальніка ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, ні праекту, ні даручэньня аб прыняцьці нейкіх рашэньняў ва ўпраўленьні пакуль не было.

«Так, захаваюцца ўсе будынкі, — сказала Аксана Сьцяпанаўна. — Гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць, і мы павінны яе захоўваць. І ўсе дзеяньні на гэта накіраваныя. Пэўныя віды захаваньня могуць быць прадугледжаныя, а якія менавіта — ажыцьцяўляе навуковы кіраўнік-праекціроўшчык».

Ці захаваецца адзінае ў Менску драўлянае прадмесьце ў такім выглядзе, якім мы яго бачым сёньня, і ці стане яно больш прыдатным для жыцьця, даведаемся ўжо сёлета.

Паўночны завулак
Паўночны завулак

XS
SM
MD
LG