Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

​У цэнтры Фаніпаля пакінуць кукурузнае поле, але зьнясуць больш за 200 дамоў


У Фаніпалі Дзяржынскага раёну адбыўся стыхійны сход некалькіх дзясяткаў жыхароў. Людзі не хавалі абурэньня намерамі ўладаў ператварыць места ў паказальны сталічны горад-спадарожнік, зруйнаваўшы прыватны сэктар і збудаваўшы на гэтым месцы шматпавярховыя дамы. Адметна, што пра такія пляны абсалютная бальшыня фаніпальцаў даведаліся выпадкова.

Згодна з Генэральным плянам пэрспэктыўнага выкарыстаньня тэрыторыяў Фаніпаля — спадарожніка Менску — зносу падлягае цэнтральная частка гораду, дзе сканцэнтраваная прыватная забудова. Агулам — блізу 250 дамоў.

Адметна, што менавіта будынкі пры вуліцах Чыгуначнай, Купалы, Камсамольскай, Леніна і некаторых іншых лічацца гістарычнымі для колішняга мястэчка, бо менавіта адсюль разрастаўся ўшыркі будучы горад. Цяпер на гэтым месцы маюць паўстаць «бэтонныя каробкі».

Людзі параўноўваюць генплян (2015 году) са стратэгічным плянам (2012-га)

Людзі параўноўваюць генплян (2015 году) са стратэгічным плянам (2012-га)

Але такая пэрспэктыва не задавальняе многіх тутэйшых жыхароў. Ніна Іванаўна кажа, што такі паварот падзеяў стаў для ўсіх, каго прызначылі пад знос, сапраўдным шокам:

«Я ў Фаніпалі жыву ад нараджэньня. Калісьці за чыгункай былі баракі, а потым паўстаў выбар: ці атрымаць кватэру, ці будавацца. Бацькі вырашылі, каб быў уласны дом, збудавалі ў самым цэнтры. Жылі сьціпла. З часам прыйшлі тэхналёгіі, зьявілася тэлебачаньне, потым самі рылі траншэі для газу. Я ўжо не кажу пра садовыя дрэвы, кусты, кожны ганарыцца сваімі яблычкамі, малінкай. Вядома, нікому ня хочацца аддаваць усё на зьнішчэньне. З гэтай нагоды смуткуем, хварэем душэўна; людзі плачуць, пакутуюць, ніхто ня можа нічога рабіць, усе папросту зьдзіўленыя такім рашэньнем. Хочацца жыць далей, тым больш што мы тое пакаленьне, у якога на вачах усё тут мянялася. Магчыма, наступныя пакаленьні будуць перажываць прасьцей, бо яны асабліва не адчулі, якіх намаганьняў нам гэта каштавала, колькі сілаў было ўкладзена і здароўя».

Рэакцыя фаніпальцаў на інфраструктурныя рэформы

Рэакцыя фаніпальцаў на інфраструктурныя рэформы

7 красавіка ў актавай залі Фаніпальскага райвыканкаму выставілі «экспазыцыйныя матэрыялы» — расфарбаваны плян будучых пераўтварэньняў у горадзе. Паколькі ў будынак мясцовай улады жыхары зазіраюць ня так часта, пра «грамадзкае абмеркаваньне», якое мае завяршыцца 1 траўня, ніхто не здагадваўся. Пагалоска пра татальныя пераўтварэньні разьляцелася толькі днямі, пасьля чаго народ кінуўся ў выканкам, каб на свае вочы пераканацца ў глябальным замаху на сваю ўласнасьць.

Тут і далей — дамы і вуліцы Фаніпалю, якім пагражае знос

Тут і далей — дамы і вуліцы Фаніпалю, якім пагражае знос

Журнал водгукаў імкліва запаўняўся запісамі абураных людзей. Пакінула запіс і жыхарка вуліцы Янкі Купалы Натальля Тобман:

«Я ўласьніца прыватнага дому па вуліцы Янкі Купалы, 16Б, што фактычна ў самым цэнтры Фаніпаля. Паводле генпляну гэтае месца падлягае рэканструкцыі, і, як я разумею, наш дом бліжэйшым часам будзе зьнесены. Гэтым домам наша сям’я валодае ад 1988 году. Тут жылі мае бацькі, тут вырас мой сын, вырасьлі мае пляменьнікі, у гэты дом укладзена вельмі шмат грашовых сродкаў і душы. Таму сёньня мы надзвычай расстроеныя той сытуацыяй, якая склалася зь меркаваным зносам дому, і, вядома, хацелася б, каб гэтыя пляны нейкім чынам былі перайграныя і перагледжаныя».

У той жа актавай залі, толькі ў далёкім куце, вісіць на сьцяне яшчэ адзін плян разьвіцьця — «стратэгічны». Датаваны ён 2012 годам, і ў ім нават намёку няма на цяперашні знос прыватнага сэктару. Як удакладнілі ў райвыканкаме, справа ў тым, што акурат год таму прэзыдэнцкім указам Фаніпаль атрымаў статус «горада-спадарожніка Менску», што вымагае глыбокіх інфраструктурных зьменаў.

Мясцовыя жыхары кажуць, што ня супраць новага статусу, але не за кошт сваёй уласнасьці:

«Справа ў тым, што вакол Фаніпаля шмат вольных земляў — нават з генпляну бачна, колькі месца займае прамысловая зона ў параўнаньні з тым лапікам, у межах якога знаходзяцца нашы дамы. Цікава, што суседнія катэджы, якія будаваліся яшчэ гадоў 20 таму для супрацоўнікаў „Інтэгралу“, пад знос не падпадаюць. І я не магу зразумець: чаму вось гэты прыватны сэктар ня можа быць працягнуты і захаваны? Тут вельмі добрыя дамы, людзі будавалі іх для сябе, ёсьць і двух-, і трохпавярховыя, з надворнымі пабудовамі. Магчыма, ёсьць і развалюхі, якія можна было б замяніць на аб’екты нейкай інфраструктуры. Але так справы ня робяцца. Насамрэч усё гэта вельмі сумна, і хацелася б, каб нашы дамы захаваліся».

Шматпавярховыя дамы ў іншых раёнах Фаніпаля пачалі ўзводзіць раней, але, як сьцьвярджаюць жыхары, асаблівага ажыятажу вакол іх няма. Менш як 15-тысячнаму гораду гэтулькі жытла не патрабуецца, а пытаньне, ці захочуць у «спадарожніку» атабарвацца працаўнікі зь Менску, збольшага адкрытае. Прынамсі, спроба аналягічным чынам засяліць прысталічныя Смалявічы асаблівага плёну ня мела. Таму, як лічыць мая суразмоўніца Натальля Тобман, уладам на ўсіх узроўнях трэба больш уважліва вывучыць ранейшы досьвед, першы чым настройваць супраць сябе такую масу людзей:

«Як я зразумела, усе павінны былі быць папярэджаныя, каб да 1 траўня маглі выказаць сваё меркаваньне. Але я пра гэта даведалася ўчора, абсалютна выпадкова, мне затэлефанаваў сусед, які таксама з выканкаму нічога не атрымліваў, але пачуў такія размовы, што нашы дамы нібыта зносяць. Я пазваніла іншым людзям, суседка з дому № 14 як быццам была ў курсе, але ёй з выканкаму нічога не паведамлялі, яна таксама даведалася ад некага выпадкова. Асабіста мне ніхто нічога не казаў, я дазналася не з афіцыйных структураў. Таму я катэгарычна супраць таго, як гэта ўсё робіцца. Асабліва з улікам, што Фаніпаль — невялікі населены пункт, і вакол яго шмат вольнай тэрыторыі. Пра што ўжо казаць, калі амаль у цэнтры — поле з кукурузай! Таму зусім незразумела, чаму менавіта гэты кавалачак прыватнага сэктара павінен быць зьнесены».

Людзей абурае, што іх намагаліся проста паставіць перад фактам: маўляў, імітацыя «абмеркаваньня» дазволіць абвясьціць, што новы Генэральны плян нараканьняў з боку грамадзкасьці не выклікае. Да таго ж за прамінулы тыдзень нікому з жыхароў, прапісаных на вуліцах з «чорнага сьпісу», так і не назвалі памер кампэнсацыі за адмову ад сваіх прыватных дамоў:

«Даведаліся, як і ўсе астатнія: патэлефанавалі суседзі, ніякія не прадстаўнікі ўладаў. Натуральна, гэта быў шок. Як кажуць, валасы дыбарам уставалі, на душы стала вельмі цяжка, сьлёзы самі пацяклі. Вельмі цяжка добраахвотна аддаваць гэта ўсё пад знос. Ну каму замінае, што тут квітнеюць сады, усё тоне ў кветках? У нас, прыкладам, рададэндран вельмі прыгожы, многія адмыслова пад яго ідуць, фатаграфуюцца, мамы зь дзецьмі любяць прагульвацца. Мая сяброўка тэлефануе са шматпавярховіка: „Ты дома? Іду з вазком у ваш бок, у вас хоць няма машын, ціха, утульна“. Дык навошта зьнішчаць гэты зялёны астравок?»

Увечары пятніцы 17 красавіка ў фаніпальскім Доме культуры мае адбыцца сустрэча жыхароў «асуджанага» прыватнага сэктару з распрацоўнікамі генпляну горада-спадарожніка, мясцовымі ўладамі, дэпутатамі Дзяржынскага райвыканкаму. Ці ўдасца зацікаўленым бакам знайсьці паразуменьне, пакуль выдаткі новага статусу не ўвасобіліся ў рэальнасьць?

XS
SM
MD
LG