Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70-гадовыя маладажоны з чарнобыльскай вёскі: «Дзякуй Лукашэнку. Толькі цэны страшныя»


Валянціна Беразьняцкая з Іванам Цалуйкам
Валянціна Беразьняцкая з Іванам Цалуйкам

Да нядаўняга часу Іван Цалуйка і Валянціна Беразьняцкая жылі паасобку: ён — у вёсцы Грушнае, яна — самасёлам у выселенай вёсцы Савічы.

І зямля не такая, і лес не такі

За трыццаць гадоў пасьля Чарнобылю вёска Савічы Брагінскага раёну перажыла рознае. Адсюль адсялілі 373 сямʼі, потым больш як паўтары сотні самасёлаў вярнуліся. Улады давалі надзею, што вёска адродзіцца.

Цяпер у Савічах засталіся апошнія трынаццаць жыхароў. Апусьцелыя падворкі пры ўезьдзе закапалі нядаўна ў дол. А тыя, што засталіся на доўгіх вуліцах Леніна ды Перамогі, выглядаюць прывідамі — зарасьлі быльнягом, дзікім хмелем, кустоўем і нават ладнымі дрэвамі. І толькі сем хацін яшчэ сьвецяцца вокнамі сярод гэтай нематы й запусьценьня. Пра долю самасёлаў апавядаюць самі вяскоўцы.

Пасьля чарнобыльскай катастрофы, калі выселілі Савічы, Валянціна з трыма дочкамі апынулася ажно каля Полацку. Мужа ў яе на той час ужо не было — пасьля аўтааварыі ён атрымаў моцнае калецтва і памёр.

«Чатыры гады мы жылі на поўначы Беларусі, — кажа жанчына. — Але не прыжыліся там — ні я, ні дочкі. Хацелася назад у Брагін, дзе на той час пачало пакрысе наладжвацца жыцьцё. Быў жа такі момант, калі й Брагін меліся таксама адсяляць з-за радыяцыі. Але не адсялілі. Першай вярнулася дачка, а пасьля ўжо тэлефануе і піша: „Мама, прыяжджай“. Я й сама разрывалася, дзень і ноч галасіла. Там было не па сабе: здавалася, і зямля, і лес не такія. І нібыта нават людзі адрозьніваюцца».

Валянціна з Іванам на падворку
Валянціна з Іванам на падворку

Вярнуўшыся ў Савічы, гаспадарлівая жанчына завяла карову, гадавала парсюкоў. Трымала нават козы й авечкі:

«Да нас прыяжджалі навукоўцы зь Менску, бралі зямлю на аналіз і зьдзіўляліся: хто нас выселіў? Казалі, што ў іншых мясьцінах радыяцыі нават болей, але там людзі жывуць, і ніхто іх не адсяляў. Тады багата людзей вярнулася. У нас было ўсё сваё — бульба, сьвініна, гародніна, малако. Я нават сыр варыла — свой, хатні, зусім не такі, які прадаюць цяпер у крамах».

Малады і маладая

Жанчына крыху ажыўляецца, расказваючы пра сваё жыцьцё:

«Цяпер во, бачыш, на старасьць дзеда прыдбала — разам сталі жыць. Хаця толку зь дзеда мала. Адно што лаўчэй ды весялей».

Іван Цалуйка прыехаў у Савічы на кані
Іван Цалуйка прыехаў у Савічы на кані

Іван Цалуйка, разважлівы й працавіты селянін, да нядаўняга часу жыў у вёсцы Грушнае, за пяць кілямэтраў ад Савічаў. Выгадаваў з жонкай чацьвёра дзяцей — траіх хлапцоў і дзяўчыну. Усе даўно, што называецца, разьляцеліся з роднага гнязда. Дачка ў Гомелі. Сын Іван жыве ў Славуцічы, езьдзіць на працу на Чарнобыльскай АЭС, Аляксандар — мэханік у Брагіне, Сяргей — у расейскім Бранску. Два гады таму ў Цалуйкі памерла жонка. І калі скончылася жалоба, Іван перабраўся са сваім конікам у Савічы, да Валянціны.

«Ямчэй удваіх. А з конікам у гаспадарцы пагатоў: соткі пасеяць, дроў падвезьці. У краму зьезьдзіць у суседнюю вёску — Двор Савічы», — кажа 77-гадовы вясковец, які неспадзявана для сябе аказаўся адзіным «маладажонам» у выселенай чарнобыльскай вёсцы.

Валянціна, адзіная «маладая» на ўсю ваколіцу, дапаўняе свайго грамадзянскага мужа:

«Мы ж яшчэ жалеза „надзяўбём“, дзе якое валяецца, і возім яго конікам здаваць у краму ў Двор Савічы. Прымаюць: за кілё — тысяча дзьвесьце рублёў. Бутэлечку, бывае, купляем за жалеза, сёе-тое на гаспадарку застаецца. Ну, а вечарамі глядзім па тэлевізары Кадышаву, Ярмоленку нашага з дачкою Алесяй, ансамбль „Бяседа“. І вось каб не такія страшэнныя кошты на прадукты, то жыві сабе тут і не памірай».

Вуліца ў Савічах
Вуліца ў Савічах

Сямейная пара расказвае, што апошнім часам выселеныя вёскі сталі турбаваць ваўкі. Раней дзікі найбольш шасталі, цяпер — ваўкі. Сабак загрызаюць. Старыя губляюцца ў здагадках: ці гэта дзікоў павыбівалі з-за афрыканскай чумы сьвіней і ў шэрых драпежнікаў стала менш здабычы, ці то якая іншая прычына.

«А два дні таму ўначы тут непадалёку,— расказвае Валянціна, — каза, касуля, значыць, віскліва верашчала, зь пералівамі гэткімі, ды яшчэ з такім стогнам, што ажно душа халадзела. Відаць, нейкаму драпежніку ў лапы трапілася — ваўку ці рысі. Я паднялася, уключыла сьвятло на падворку, потым выключыла і зноў уключыла. Касуля ўсё стагнала, а потым усё сьціхла — ці то вырвалася, а хутчэй за ўсё, сканала ў кіпцюрах».

Дзякуй Лукашэнку — усяго хапае. Толькі цэны страшныя

Кабета мяркуе, што цяпер, магчыма, яна й не вярталася б з Полаччыны:

«Тут у мяне пэнсія вельмі малая атрымалася — усяго два мільёны. Калі вярнулася, то не было дзе працаваць. Пэнсію я дарабляла ў саўгасе ў вёсцы Чамярысы. Да тых Чамярысаў ледзь ня трыццаць кілямэтраў. Бывала, стаім на вуліцы ў сваіх Савічах, чакаем аўтобуса, а ён і не прыедзе — і па хатах разыходзімся. От, такая тут праца была ў нас, у самасёлаў».

Праз колькі гадоў пасьля вяртаньня Валянціны ў Савічы сюды прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка:

«Казаў нам: хочаце жыць тут — жывіце. Абяцаў дапамогу. Неўзабаве нам сапраўды выдзелілі на вёску камбайн і трактар. Але потым тэхніку забралі ў Хракавічы, і куды дзелі — ня ведаю. Тады ў нас і крама была, а цяпер яе закапалі. Праўда, аўталаўка прыяжджае, прадуктаў хапае.

Дзякуй Лукашэнку — усяго хапае. Толькі ж цэны — страшныя.

Ва Ўкраіне вайна, але там усё таньнейшае амаль напалову. І ў Расеі таксама таньней — у мяне ў Маскве дачка жыве. І вось ніхто не патлумачыць: чаму мы так моцна пераплачваем і за прадукты, і за адзеньне? Усё нібыта сваё — і такое дарагое. Усе аруць, сеюць, росьцяць, а кошты — страх. І дакуль так будзе цягнуцца?»

Пытаньне Валянціны вісьне ў паветры, напоўненым салаўіным пошчакам. Птах пасяліўся недзе побач, ці ня ў зарасьніках вакол апусьцелай суседняй хаты — і выцінае сабе розныя сьпеўныя каленцы, гучна заяўляючы ўсім, што тэрыторыя занятая.

«Вось жыву тут, лічы, чвэрць стагодзьдзя, — працягвае жанчына. — Радыяцыі не адчуваю. Можа, яна ўжо выпарылася ці ў зямлю пранікла? Але не адчуваецца, хоць мне ўжо семдзесят пяць гадоў. У нас маладымі паўміралі мужыкі, якія пілі. Пʼюць, пʼюць, а потым ужо сэрца хапае — і няма чалавека. А жанкі нашы, самасёлы, дык тыя ў сталыя гады адчэзьлі. Баба Ходзя толькі трымаецца — ёй ужо за дзевяноста. Праўда, апошнім часам стала часьцей анкалёгія праяўляцца і цукровік гэты — цукровы дыябэт. Адкуль бяруцца, ліха іх ведае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG