Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачні зьнесьлі 15 дамоў сем’яў баевікоў


Тэракт у Грозным 4 сьнежня

Тэракт у Грозным 4 сьнежня

Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» паведаміў, што ў Чачні зьнесьлі яшчэ пяць дамоў сваякоў баевікоў, якія напалі на Грозны 4 сьнежня.

Такім чынам, паводле зьвестак праваабаронцаў, агульная колькасьць зьнішчаных дамоў дасягнула пятнаццаці.

У зносе дамоў у Гудэрмесе, у вёсках Кашкельды, Ішхой-Юрт, Гелдаган і Алпатава ўдзельнічалі прадстаўнікі сілавых ведамстваў рэспублікі. У Гелдагане яны выкарыстоўвалі цяжкую тэхніку, «на месцы дома засталася куча будаўнічага сьмецьця», гаворыцца ў прэс-рэлізе «Мэмарыялу», апублікаваным на сайце арганізацыі 23 сьнежня.

Пасьля нападу баевікоў на Грозны 4 сьнежня кіраўнік Чачні заявіў, што з гэтага часу бацькі будуць несьці адказнасьць за ўчынкі дзяцей. Паводле яго слоў, сем’і баевікоў будуць высылаць з Чачні, а іх дамы зносіць.

Старшыня «Камітэта супраць катаваньняў» Ігар Каляпін палічыў такую заяву Кадырава перавышэньнем службовых паўнамоцтваў і зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру і Сьледчы камітэт з патрабаваньнем завесьці ў дачыненьні да кіраўніка Чачні крымінальную справу.

Пазьней Кадыраў заявіў, што грошы на арганізацыю атакі на Грозны баевікам перадаў чалавек з прозьвішчам Каляпін: «Нейкі Каляпін устаў на абарону бандытаў і іх сваякоў».

Падчас размовы з журналістамі 18 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, адказваючы на пытаньне пра падзеі ў Чачні, што Кадыраў павінен, як і ўсе грамадзяне Расеі, выконваць законы краіны. Ніхто ня лічыцца вінаватым да таго часу, пакуль гэта не прызнана судом, адзначыў Пуцін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG