Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці ўначы адключаюць усе ліхтары. Жыхары абураюцца, улады тлумачаць — эканомія


Берасьцейскія ліхтары гаснуць а 1-й

Берасьцейскія ліхтары гаснуць а 1-й

З 17 лістапада па начах у Берасьці адключаюць вулічнае асьвятленьне. Берасьцейцы кажуць, што ня памятаюць, каб у горадзе раней зусім адключалі сьвятло.

Сацыял-дэмакраты ўжо пачалі зьбіраць подпісы супраць адключэньняў. Улады ж тлумачаць, што спрабуюць эканоміць.

У цемру Берасьце пагружаецца штоночы з 1:00 да 5:00 у адпаведнасьці з рашэньнем гарвыканкаму «у мэтах аптымізацыі расходаў энэргетычных рэсурсаў і эканоміі бюджэтных сродкаў».

Як распавёў Свабодзе жыхар Берасьця Ігар Бараноўскі, на ягонай памяці такое ўпершыню, каб ліхтары ў горадзе зусім не гарэлі:

«Я задумаўся, ці было такое, каб у цэнтры гораду адключалі сьвятло на ноч. Я, прызнаюся, ня мог прыгадаць, усё жыцьцё пражыўшы на адной вуліцы. Цяперашняе рашэньне выключаць сьвятло, калі яшчэ ходзіць гарадзкі транспарт, проста недарэчнае. Давялося ісьці ўначы, у нашым горадзе прайсьці пасьля дажджу ў некаторых раёнах — гэта проста нешта неверагоднае. Людзі абураюцца. Можна ж было выкарыстаць нейкае веернае адключэньне, але каб адключаць усё сьвятло — у ХХІ стагодзьдзі гэта проста цемрашальства ў галовах чыноўнікаў».

На берасьцейскіх інтэрнэт-пляцоўках тэма адключэньня асьвятленьня жыва абмяркоўваецца. Адны жартуюць, што маўляў, «пасьля выбараў можна адключаць усё», іншыя абураюцца, што «мільярды на будынак падатковай знайшлі, а на сьвятло — няма».

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты зьбіраюць подпісы пад онлайн-пэтыцыяй супраць адключэньняў сьвятла.

Прадстаўнік БСДП(Г) Ігар Маслоўскі сказаў Свабодзе, што, эканомячы на асьвятленьні, улады рызыкуюць жыцьцямі людзей:

«Гэта несправядлівае і неправавое рашэньне ў дачыненьні да жыхароў і гасьцей нашага гораду. Мы накіравалі скаргу ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму і ў пракуратуру.

Як паказвае сусьветная практыка, менавіта на цёмных вуліцах, у цёмных дварах якраз і здараюцца злачынствы і дарожна-транспартныя здарэньні, якія пагражаюць жыцьцю і здароўю гараджан».

Пад электроннай пэтыцыяй сацыял-дэмакратаў за дзень падпісалася каля 300 чалавек.

Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук растлумачыў, што сьвятло адключаць мусяць таму, што «ідзе недабор плацяжоў у бюджэт».

Чыноўнікі мяркуюць, што, цалкам адключаючы вулічнае асьвятленьне, яны будуць эканоміць 1,2 мільярда рублёў за месяц.

Абурэньне берасьцейцаў, ва ўсякім разе, дайшло да чыноўнікаў.

Старшыня гарвыканкаму выказаўся, што цалкам адключаць асьвятленьне — «гэта няправільна», паабяцаў, што на паседжаньнях гарвыканкаму «будуць шукаць выйсьце». Прынамсі да Новага году, сказаў Аляксандар Рагачук, «усё будзе ўключацца, мяняцца на энэргазьберагальныя лямпы».

Пакуль жа ўночы сьвятло зь ліхтароў на ўвесь абласны цэнтар ёсьць толькі на маленькім кавалку вуліцы Савецкай, дзе стаяць ліхтары на газе.

XS
SM
MD
LG