Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьменшылася даступнасьць шэрагу харчоў, бо ўпалі даходы


Маніторынг харчовай бясьпекі Беларусі за 2015 год паказаў, што зьнізілася даступнасьць для насельніцтва цэлага шэрагу прадуктаў.

Пра гэта паведаміла на пасяджэньні міжведамаснай каардынацыйнай рады па праблемах харчаваньня пры Акадэміі навук загадчыца сэктару харчовай бясьпекі Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў Сьвятлана Кандраценка.

Гэта адбылося з прычыны зьніжэньня рэальных грашовых даходаў насельніцтва (у 2015 годзе на 5,8%). Выдаткі на харчаваньне ў структуры агульных выдаткаў насельніцтва павялічылася да 41,9% пад уплывам росту цэнаў.

Паводле Кандраценкі, захоўваюцца значныя адрозьненьні ў рацыёне харчаваньня гарадзкіх і сельскіх жыхароў:

«У хатніх гаспадарках гарадоў спажываецца больш малочных і мясных прадуктаў, гародніны і садавіны. Хлеба ў сельскай мясцовасьці спажываюць больш на 29 кг».

Таксама адмыслоўцы адзначаюць залежнасьць калярыйнасьці і якасьці харчаваньня ад узроўню даходаў насельніцтва.

Паводле дасьледаваньня, узровень спажываньня высокакаштоўных відаў мяса (ялавічыны, цяляціны, бараніны) не павялічваецца. Спажываньне малака і малакапрадуктаў, а таксама сьвежай гародніны было недастатковае. Беларусы прыкметна меней сталі есьці салодкага перцу, таматаў, баклажанаў і агуркоў. Меней сталі набываць вінаграду, пэрсікаў і абрыкосаў, цытрусавых і бананаў. Гэта, зноў жа, наўпрост залежыць ад пакупніцкай здольнасьці насельніцтва.

«Можна канстатаваць, што менавіта адсутнасьць росту рэальных даходаў не дазволіла насельніцтву падтрымаць дасягнутую якасьць рацыёну і ўмацаваць яго. Гэта значыць, пакупніцкая здольнасьць грашовых даходаў і эканамічная даступнасьць прадуктаў у краіне застаюцца фактарам, які стрымлівае якаснае ўдасканаленьне рацыёну харчаваньня насельніцтва», — цытуе БелаПАН Кандраценку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG