Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даў ільготы раёнам Магілёўскай вобласьці. «Кожнаму трэба цукерку» — экспэрт


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці». Мяркуецца, што Клімавіцкі, Касьцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадзкі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі раёны атрымаюць шэраг прэфэрэнцыяў, і гэта дазволіць ажывіць эканоміку ў гэтым занядбаным рэгіёне, які мяжуе з Расеяй. Тым часам незалежныя экспэрты не падзяляюць аптымізму чыноўнікаў наконт эфэкту, які чакаецца ад праграмы.

Эканамічны аглядальнік незалежнай газэты з Крычава «Вольны горад» Арцём Сямёнаў скептычна ставіцца да таго, што ільготы для паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны дадуць штуршок ягонаму разьвіцьцю. Экспэрт адзначае: добра, што на гэтыя тэрыторыі зьвярнулі ўвагу. Аднак, на ягоную думку, мала што цяпер можа зьмяніць сытуацыю да лепшага. Страчаны і час, і кваліфікаваныя кадры.

«Наагул варта мяняць усю сыстэму падыходу да кіраваньня эканомікай, — лічыць Арцём Сямёнаў. — Гэтым павінны займацца граматныя кадры, якія хочуць нешта зьмяніць. А тут — адны часовыя „ўпраўленцы“, якія прыехалі ды зьехалі. Ніводзін кіраўнік раёнаў не застаўся тут жыць. Усе некуды паўцякалі. Можа, варта было б тут сапраўды рэалізаваць на практыцы канстытуцыйнае права роўнасьці ўсіх формаў уласнасьці перад законам? Мо гэта б дапамагло?»

Свае довады Арцём Сямёнаў падмацоўвае прыкладамі неэфэктыўнага ажыцьцяўленьня іншых праграмаў, якія меліся стымуляваць эканамічнае разьвіцьцё.

«Паглядзіце, гадоў пяць таму ўрад прымаў дзяржаўную праграму па разьвіцьці малых гарадоў. Прынялі яе. І што? Ды нічога. Паглядзіце, што стала з праграмай адраджэньня сяла. На яе рэалізацыю кінутыя калясальныя грошы. І што зьмянілася? Нічога. Па вялікім рахунку, сытуацыя толькі пагоршылася. Грошы ўклалі, а аддачы няма».

Паводле суразмоўцы, тутэйшыя людзі працягваюць езьдзіць на заробкі ў Расею, з гэтага і выжываюць. Больш-менш стабільныя прадпрыемствы сканцэнтраваныя ў Крычаве ды Касьцюковічах, кажа Сямёнаў.

Раёны, якія атрымаюць прэфэрэнцыі, — найбольш адсталыя ў эканамічным і сацыяльным разьвіцьці рэгіёну. Два зь іх, Чэрыкаўскі і Краснапольскі, моцна пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэты фактар надалей уплывае на эканоміку гэтых раёнаў.

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі ва ўказе Лукашэнкі бачыць больш палітыкі, чым эканомікі. На думку эканаміста, цяперашняя ўлада будзе імкнуцца ствараць перад прэзыдэнцкімі выбарамі бачнасьць падтрымкі адсталых рэгіёнаў.

«Кожнаму рэгіёну трэба кінуць „цукерку“», — вобразна тлумачыць Пётар Мігурскі сваё разуменьне сытуацыі.

«У дадзеным выпадку грошы, якія прыйдуць у гэтыя раёны, — а яны абавязкова прыйдуць да выбараў, будуць рэалізоўвацца нейкія праграмы, — яны, зразумела прыдадуць натхненьня і мясцоваму кіраўніцтву, і насельніцтву на больш зычлівае стаўленьне да ўлады. Людзі ўбачаць пэрспэктыву. Хоць гэтая пэрспэктыва дужа прывідная і кароткачасовая».

Магчымасьці дадзенай тэрыторыі, асабліва ў сельскагаспадарчай вытворчасьці, вычарпаныя

«Магчымасьці дадзенай тэрыторыі, асабліва ў сельскагаспадарчай вытворчасьці, вычарпаныя, — працягвае эканаміст. — Там трэба мяняць саму арганізацыю сельскагаспадарчай вытворчасьці. Трэба рабіць стаўку на разьвіцьцё фэрмэрскіх гаспадарак. На жаль, гэта ня робіцца. Тыя высілкі, якія робяцца ў прамысловай вытворчасьці, — ад іх мы бачым толькі падзеньне».

Указ Лукашэнкі прадугледжвае прэфэрэнцыі прадпрымальнікам паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны. У прыватнасьці, ільготныя крэдыты. Прадпрымальнік з Краснапольскага раёну Сяргей вітае такую падтрымку, але ня верыць, што яе могуць атрымаць усе, хто займаецца дзейнасьцю, на якую распаўсюджваецца дзеяньне ўказу. Бізнэсовец заяўляе, што схема разьмеркаваньня грошай ня будзе празрыстая.

«Будуць блатныя крэдыты. Дагэтуль былі льготныя блатныя крэдыты пад тры працэнты гадавых на рамонт, а гэтыя будуць яшчэ блатнейшыя — пад адзін працэнт. Атрымаць будзе вельмі цяжка. Трэба будзе прайсьці шмат узгадненьняў у розных інстанцыях, шмат сабраць даведак. І на кожным этапе ў крэдыце могуць адмовіць», — выказваецца прадпрымальнік.

Улада прызнае, што раёны, якім даюцца прэфэрэнцыі, занядбаныя. За дзесяць апошніх гадоў насельніцтва на гэтай тэрыторыі зьменшылася амаль на 16 працэнтаў. Нестае кваліфікаваных кадраў.

Агульны кошт праграмы падтрымкі паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны — больш за 2,5 трыльёна рублёў. Заяўляецца, што гэтыя сродкі дапамогуць узьняць якасьць і ўзровень жыцьця насельніцтва.

Пра тое, што рыхтуецца праграма падтрымкі паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны, было заяўлена на пачатку году. Распрацаваць яе загадаў Аляксандар Лукашэнка.

XS
SM
MD
LG