Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 12 па 19 сакавіка ва ўсіх сацыяльных сетках праходзіць тыдзень «Вершніцы».

«Вершніца» – гэта вобраз, распрацаваны для вокладкі кнігі Алеся Плоткі «Байсан», адмыслова перапрацованая выява герба “Пагоня”. Ідэя належыць Алесю Плотку, эскіз зрабіла Ліза Пастушэнка. Паштоўка зь “Вершніцай” (дызайнэр – Юлія Галавіна) у 2015 годзе перамагла ў творчым конкурсе Беларускай службы Радыё Свабода «Віншуем па-беларуску».

А грамадзкае агенцтва «Арт-сядзіба» выпусьціла па матывах «Вершніцы» цішоткі. Адно што на паштоўцы «Вершніца» – на ярка-ружовым фоне, а на цішотках па шматлікіх просьбах дзяўчат ружовы колер заменены на чырвоны, патлумачыў дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус.

Пра тыдзень «Вершніцы» і ўмовы конкурсу распавядае паэт і музыка Алесь Плотка:

«Разам с „Арт-сядзібай“ мы пасьпелі якраз да 8 сакавіка зрабіць сэрыю цішотак зь „Вершніцай“. І некаторыя людзі пасьпяшаліся нас абвінаваціць у тым, што мы падтрымліваем гендэрна няправільныя сьвяты. Мы гэтай акцыяй пераконваем, што людзі павінны шанаваць, цаніць, любіць адзін аднаго круглы год, а ня ў пэўныя сьвяты. І мы вырашылі, каб наблізіць вясну, заклікаць людзей пад гэтымі брэндамі, тэгамі, якія паказваюць нечаканы погляд на звычайныя зьявы, распавесьці свае гісторыі, падзяліцца думкамі, проста паказаць прыгожыя, крэатыўныя фатаздымкі, каляжы».

Такім чынам, на конкурс прымаюцца фотаздымкі, каляжы, «фатажабы», проста філязофскія думкі, якія ў нечаканым сьвятле паказваюць актуаліі гендэрных стасункаў, стэрэатыпаў і каханьня.

Фатаздымкі зь фірмовымі цішоткамі і паштоўкамі зь «Вершніцай» вітаюцца найперш. Але галоўны крытэр – арыгінальнасьць паста ў сацыяльнай сетцы як самастойнага твора.

На конкурс залічваюцца пасты з тэгамі #viershnica #vieršnica #вершніца ў сацыяльных сетках vk.com, facebook.com, twitter.com ды instagram.com. Разглядаюцца ўсе працы, зьмешчаныя ў сацыяльных сетках да 17 гадзіны 19 сакавіка.

Уганараваньне пераможцаў адбудзецца 19 сакавіка на «Файным фэсьце», які ладзіцца стваральнікамі акцыі «Беларусам быць модна». Пераможцы атрымаюцьу падарунак:

за 1 месца – квіток на дзьве асобы на «Файны Фэст», кніга «Байсан», падпісаная аўтарам, цішотка гурта TerraKod (зь лімітаванай партыі) і любая цішотка ад symbal.by на выбар;

за 2 месца – квіток на дзьве асобы на «Файны Фэст» і любая цішотка ад symbal.by на выбар;

за 3 месца – на адну асобу на «Файны Фэст» + любая цішотка ад symbal.by на выбар

Для тых, хто лянуецца фатаграфавацца, а любіць «фатажабіць», усе зыходнікі разьмешчаныя тут.

XS
SM
MD
LG