Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачынаюць сьвяткаваць Божае нараджэньне


Касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, архіўнае фота

Касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, архіўнае фота

Беларускія каталікі, уніяты і пратэстанты сустракаюць сьвята Божага нараджэньня. 24 сьнежня вернікі гэтых канфэсіяў распачынаюць сьвяткаваньне пастэркай — урачыстай сьвятой Імшой, якой абвяшчаецца Хрыстовае нараджэньне.

У Беларускіх храмах — апошні дзень падрыхтоўкі да сьвята. Перадусім — духоўна: ранкам скончыліся апошнія раратнія службы — адмысловыя малітвы на ўшанаваньне Марыі, цягам дня — людзі ідуць да споведзі.

Спадар Раман — супрацоўнік Катэдральнага касьцёлу імя Найсьвяцейшай Панны Марыі — распавядае, як гэта адбываецца:

«Вельмі шмат людзей прыходзяць на рараты — гэта рана, а 6:45 — людзі ўстаюць гэтак рана, каб сустрэцца з Марыяй, якая чакае Хрыста, гэтак, як і мы цяпер чакаем. Гэта абавязкова адбываецца са сьвечкамі — у касьцёле сьвятло не гарыць, толькі сьвечкі. Шмат людзей прыходзяць таксама цяпер, каб набыць аплаткі, сена, якое кладуць пад абрус на стол».

Карэспандэнтка: «Памятаеце савецкія часы — як тады гэта было?»

Раман: «За савецкім часам увогуле нічога не было, і касьцёлы былі зачыненыя. А цяпер і па радыё, і па тэлебачаньні абвяшчаюць. Нават калі прыбываў да нас агонь з Бэтлеему, то таксама абвясьцілі».

Карэспандэнтка: «Прыемна было?»

Раман: «Так, канечне. Радасна сустракаць гэтае сьвята — эмацыйна, як кажуць, на ўвесь год хапае».

Падрыхтоўка да сьвята Божага Нараджэньня ўключае ў сябе і адмысловае вонкавае аздабленьне: у храмах — гэта ўпрыгожваньне ясьляў для нованароджанага Хрыста. Як гэта адбываецца ў дамах, цікаўлюся ў наведнікаў касьцёла:

Карэспандэнтка: «Як вы рыхтуецеся да сьвятаў?»

Спадарыня сталага веку: «Рыхтуем вячэру. Абавязкова белы абрус, дванаццаць страў, салома пад абрус, абавязкова будзе індычка. Але галоўнае — аплатка, вось цяпер набыла. Гэтак мяне яшчэ мае бацькі навучылі».

Карэспандэнтка: «А вы сваім дзецям традыцыю перадаяце?»

Спадарыня сталага веку: «Абавязкова, дзеці заўсёды сьвяткуюць з намі разам — адной сям’ёй».

Падарункі ў нас абавязкова не на Новы год, а менавіта на Каляды і толькі на Каляды

Спадарыня маладога ўзросту: «Абавязкова рыхтуемся — усёй сям’ёй сьвяткуем. Куцьця ў нас, а таксама малітва начная. Падарункі ў нас абавязкова не на Новы год, а менавіта на Каляды і толькі на Каляды. Для нашай сям’і гэта — сьвятое, самае вялікае і радаснае сьвята — ад бабуляў і дзядуляў сьвяткуем. Я лічу, што на гэтым сям’я павінна трымацца».

Карэспандэнтка: «Вы тут сёньня чаму — падрыхтоўка да Калядаў?»

Юначка: «Так, падрыхтоўка да Калядаў. Гэта самае чаканае сьвята. Зьбіраемся ў бацькоўскім доме, на знак дараваньня і прымірэньня ломім аплатак, молімся, а ранкам абменьваемся падарункамі і сьвяткуем. Гэтае сьвята можна назваць адным словам — любоў».

Гісторыя беларускага хрысьціянскага сьвята склалася так, што вернікі каталіцкага, уніяцкага і пратэстанцкага веравызнаньня сустракаюць сьвята нараджэньня Хрыстовага на два тыдні раней, чым вернікі праваслаўнай царквы. Здараецца так, што гэтае сьвята двойчы сьвяткуюць нават у адной сям’і. Але гэта толькі ўзбагачае наш народ, кажа ксёндз каталіцкага касьцёлу Юры Санько:

«Гэта толькі багацьце нашага народу. Я памятаю, як у нашай сям’і: калі каталікі сьвяткавалі, то нашыя родныя зьбіраліся да нас, каталікоў, а на праваслаўныя сьвяты клікалі ўжо да сябе. І гэта толькі ўпрыгожвае нас, паказвае прыгажосьць і самабытнасьць нашага народу. Я думаю, што і гэтыя сьвяты толькі дададуць цеплыні і еднасьці кожнаму з нас, каб ні канфэсіі, нішто не магло падзяліць нас. Бо мы верым у аднаго Езуса Хрыста, і ён нас яднае — і гэта радуе».

Сёлета трансьляцыя Вігілійнай Імшы на тэлебачаньні, якая распачнецца ў 20:45, будзе весьціся з архікатэдральнага касьцёла Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG