Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі цэны на харчы падаюць, як ва ўсім сьвеце. Калі лічыць у далярах


З 2012 году па 2016 цэны на асноўныя прадукты харчаваньня ў Беларусі расьлі ў беларускіх рублях і падалі ў даляравым эквіваленце. Адначасова падаў заробак беларусаў.

У апублікаванай днямі штомесячнай справаздачы Харчовай праграмы ААН (World Food Program) адзначаецца, што сёлета індэкс харчовых цэнаў у сярэднім на 10 працэнтаў ніжэйшы, чым летась.

Індэкс сусьветных цэнаў на прадукты вылічваецца на аснове цэнаў у розных краінах на пяць асноўных груп тавараў: збожжа, мяса, малочныя прадукты, алей і цукар. Як адзначае арганізацыя, індэкс зьніжаецца ўжо пяты год запар.

Беларусь ня стала выключэньнем. Цягам апошніх пяці год цэны ў даляравым вымярэньні на асноўныя прадукты зьнізіліся.

Напрыклад, алей у сакавіку 2012 году каштаваў 2,1 даляра, у сакавіку 2016-га — 1,4 даляра. Такім чынам, алей стаў таньнейшы больш як на 33%.

Кіляграм цукру ў сакавіку 2012 году каштаваў 0,9 даляра. У сакавіку 2016-га — 0,7 даляра. Вынік — мінус 22%.

Зьмяненьне цэнаў у Беларусі за апошнія пяць год выглядае так:

«Гэта сапраўды сусьветная тэндэнцыя — прадукты харчаваньня таньнеюць. Чаму? Справа ў тым, што пасьля таго як адбылася „зялёная рэвалюцыя“, людзі сталі выкарыстоўваць магчымасьці генэтыкі, сэлекцыі і агратэхнікі, а таксама аўтаматызацыі працы. Можна праілюстраваць гэта на прыкладзе Злучаных Штатаў: на пачатку „зялёнай рэвалюцыі“ там было 40 мільёнаў фэрмэраў, цяпер — толькі 4 мільёны. А прадукцыі яны даюць у 10 разоў больш, чым тыя 40 мільёнаў. Усе гэтыя тэхналёгіі распаўсюджваюцца на ўвесь сьвет. Атрымліваецца, што на адзінку прадукцыі затрачваецца нашмат менш працы, капіталу і зямлі. Гэтая тэндэнцыя закранае і Беларусь, і Буркіна-Фасо», — тлумачыць графік эканаміст Міхал Залескі.

Тым ня менш цана на прадукты ў Беларусі не аптымальная. На думку Міхала Залескага, калі б мы нічога не выраблялі, а куплялі ўсё ў Нямеччыне ці Польшчы, то было б таньней:

«Лукашэнка хваліцца, колькі мільярдаў даляраў укідвае ў сельскую гаспадарку. Нешта каля 2,5 мільярда за пяцігодку. А калі б мы на гэтыя грошы за мяжой куплялі харчы, то маглі б нічога не вырошчваць і нікога не датаваць. Але ёсьць праблемы нацыянальнай харчовай бясьпекі. І гэта вымушае нас займацца, па-першае, збожжавай і фуражнай гаспадаркай. Усё астатняе ідзе самацёкам. У нас нулявая перапрацоўка. Мы вырошчваем вельмі шмат бульбы, і 48% яе згнівае. А амэрыканцы робяць 18 гатункаў прадукцыі з бульбы».

Тое, што сярэдняя цана на харчовыя тавары зьнізілася, ня значыць, што беларусы могуць іх больш купіць: у даляравым эквіваленце сярэдні заробак па краіне зьменшыўся з 447,6 даляра ў сакавіку 2012-га да 343,8 даляра на пачатку 2016 году. Сярэдні заробак зьменшыўся на 24%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG