Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барсэлёне правялі акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю. Фота і аповед арганізатаркі


Былая журналістка «БелГазэты» Ганна Барабан супольна з былым аўтарам 34mag Алегам Гарусам зладзіла ў Барсэлёне (Каталёнія, што ў складзе Гішпаніі) акцыю салідарнасьці зь беларусамі, арыштаванымі і зьбітымі на Дзень Волі.

Паводле яе, акцыя цягнулася каля 2 гадзін. Удзел узялі 12 чалавек, хоць Ганна не спадзявалася, што выйдзе нехта, акрамя двух арганізатараў. Яна кажа, што значнасьць акцыі — ня ў колькасьці людзей:

«Гэта было вельмі моцна, бо мы прайшлі па турыстычным цэнтры Барсэлёны, мы былі на двух галоўных пляцах, пляцы Каталёніі і пляцы Сьвятога Якуба. Шматлікія і мясцовыя, і турысты рэагавалі, нават далучылася дзяўчына зь Беларусі, якая выпадкова пабачыла нас на вуліцы. Мясцовыя выказвалі салідарнасьць, падыходзілі людзі з Альжыру, Францыі, Украіны, зь іншых краін, падтрымлівалі нас.

Не абышлося без расейцаў: нейкая бабуля з Омску адчытала нас, што нам няма чаго рабіць, што ў нас у Беларусі ўсё добра, што ёй падабаюцца і Пуцін, і Лукашэнка. Але наагул рэакцыя грамадзтва была вельмі добрая. Да нас не падышоў ніводзін паліцыянт».

Ініцыятарка акцыі кажа, што ідэя зладзіць нешта падобнае ў яе ўзьнікла яшчэ да 25 сакавіка, праз ранейшыя навіны зь Беларусі:

«Мае бацькі жывуць у Пінску, яны хадзілі на „Марш недармаедаў“, я за іх вельмі хвалявалася. Як і за сваіх сяброў і калегаў, якія былі ў Менску і іншых гарадах.

Я тут толькі паўгода, да таго жыла ў Беларусі. Асьвятляла ў тым ліку падзеі 2010 году, і мінулыя выбары працавала журналістам. Для мяне асабіста тое, што адбываецца ў Беларусі, стала проста шакуючай навіной. Адна з прычын майго ад’езду была ў маіх пэсымістычных чаканьнях, што нічога ніколі ня зьменіцца. Нават надзеі на зьмены не было — а тут аказалася, што яна ёсьць.

Эмігрантаў, у якіх „стаж“ большы — як у таго ж Алега, які тут 5 год жыве, — навіны, фатаздымкі затрыманьня таго дзядулі, дзяўчат, зьбітага брытанскага журналіста вельмі моцна ўзрушылі. Гэта не ўспрымаецца як шараговая падзея — маўляў, у Беларусі так заўжды. Усіх гэта вельмі закранула за жывое».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG