Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску ўзгадалі ахвяраў габрэйскага гета


75 гадоў таму, з 6 па 8 лістапада 1941 году, былі зьнішчаныя апошнія вязьні бабруйскага гета, больш за 5 тысячаў чалавек. Усяго загінулі каля 10 тысячаў габрэяў.

У нядзелю ў Бабруйску прайшлі жалобныя мерапрыемствы, зладжаныя мясцовай габрэйскай суполкай. Удзельнічалі госьці зь іншых гарадоў краіны, былыя бабруйчане ці іх нашчадкі з Ізраілю й ЗША, амбасадары Ізраілю, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Украіны, Сэрбіі, Румыніі, прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, ЗША, Расеі. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі ўлады.

Помнік на месцы бабруйскага гета

Помнік на месцы бабруйскага гета

Ад памятнага знаку на месцы былога гета ўдзельнікі мерапрыемстваў праехалі да вёскі Каменка, паўтарыўшы апошні шлях вязьняў. Там спачываюць парэшткі 10 тысячаў забітых вязьняў гета й палонных вайскоўцаў.

Жалобны мітынг каля мэмарыялу ў Каменцы

Жалобны мітынг каля мэмарыялу ў Каменцы

Упарадкаваньне масавых пахаваньняў і ўзьвядзеньне мэмарыялу на іх месцы адбылося ў савецкія часы толькі дзякуючы шматгадовым намаганьням грамадзкіх актывістаў, у першую чаргу сваяку загінулых у гета Мэеру Зэлігеру і ацалелай у Бабруйску Марыі Мінц. Помнік, што нарэшце паставілі ўлады, прысьвячаўся «савецкім грамадзянам і вайсковым палонным», і толькі ў 1992 годзе на ім сьціпла дапісалі, што маюцца на ўвазе вязьні бабруйскага гета, і пакінулі падзяку Мінц і Зэлігеру.

На помніку дапісалі пра вязьняў гета

На помніку дапісалі пра вязьняў гета

Месца масавага пахаваньня каля вёскі Каменка

Месца масавага пахаваньня каля вёскі Каменка

​На мітынгу на бабруйскай Алеі праведнікаў прысутнічала Надзея Абрамовіч, чые бацькі ў гады вайны ўратавалі габрэйскую дзяўчынку з рызыкай для свайго жыцьця й жыцьця сваёй маленькай дачкі.

Падчас вайны многія беларусы ратавалі габрэяў. Як пазначана ў нямецкіх акупацыйных архівах: «Выклікаць масавы антысэмітызм у мясцовага насельніцтва не ўдаецца». Але Алеі праведнікаў пакуль існуюць толькі ў Менску і Бабруйску.

Габрэйсікя й праваслаўныя сьвятары на мітынгу на Алеі Праведнікаў

Габрэйсікя й праваслаўныя сьвятары на мітынгу на Алеі Праведнікаў

Завяршыліся жалобныя мерапрыемствы ў абласным тэатры выставай памяці Галакосту й канцэртам.

XS
SM
MD
LG