Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У атрадзе «Пагоня» былі тры чалавекі, а цяпер яго зусім няма, — Іван Стасюк, беларускі баец ва Ўкраіне


Іван Стасюк на ўсходзе Ўкраіны ў жніўні 2014 году

Іван Стасюк на ўсходзе Ўкраіны ў жніўні 2014 году

Берасьцеец Іван Стасюк распавёў пра свой удзел у вайне ва Ўкраіне ў складзе батальёна «Азоў». Хлапец кажа, што трапіў туды разам з двума беларусамі з атраду «Пагоня». Цяпер жа Іван перакананы, што атраду «Пагоня» не існуе, але «адбываецца спэкуляцыя вакол яго».

Іван Стасюк — вядомы ў Берасьці грамадзкі актывіст, сябра «Маладога фронту», іншых моладзевых рухаў, адзін з каардынатараў «маўклівых акцыяў» у 2011 годзе. Менавіта ў часе гэтых акцыяў Івана Стасюка з паплечнікамі затрымлівала міліцыя, хлопец адбываў суткі зьняволеньня, у яго дома адбываўся ператрус. Сябраваў Іван Стасюк і з Алесем Чаркашыным, які загінуў ва Ўкраіне. Напярэдадні «маўклівай акцыі» 3 ліпеня 2011 году хлопцаў прэвэнтыўна затрымалі і асудзілі за лаянку.

Іван Стасюк прымаў удзел і ў супрацьстаяньні на Майдане незалежнасьці ў Кіеве.

На сайце «Беларусский журнал» апублікаваны артыкул, у якім Іван Стасюк прызнае свой удзел у вайне ва Ўкраіне, сваю прыналежнасьць да атраду «Пагоня», але цяпер сумняецца ў існаваньні гэтага атраду. У артыкуле даводзіцца, што, фактычна, у атрадзе «Пагоня» было ня больш за тры чалавекі, а далей з гэтага пачалася палітычная спэкуляцыя.

Каб трапіць у склад добраахвотніцкіх батальёнаў, Іван Стасюк прыехаў ва Ўкраіну на пачатку ліпеня 2014 году і зьвярнуўся па дапамогу да свайго знаёмага з Валыні, цяпер народнага дэпутата Ўкраіны Ігара Гузя. Менавіта Ігар Гузь у сваім фэйсбуку і абвясьціў пра набор беларускіх добраахвотнікаў у атрад «Пагоня».

Цяпер Іван Стасюк жыве ў Польшчы, дзе займаўся па праграме імя Каліноўскага ва ўнівэрсытэце, а цяпер вучыцца на магістра гісторыі.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Іван Стасюк апавёў пра акалічнасьці свайго перабываньня ва Ўкраіне, а таксама пэрспэктывы свайго будучага жыцьця, калі вярнуцца ў Беларусь цяпер яму немагчыма.

Іван Стасюк (на фота справа) з паплечнікамі з «Азова» на палігоне ў жніўні 2014 году

Іван Стасюк (на фота справа) з паплечнікамі з «Азова» на палігоне ў жніўні 2014 году

Ніхто ня ведаў пра нейкі там атрад «Пагоня»

«Збольшага, мне падаецца, гэта было дзеля піяру. Хлусьні (наконт колькасьці атраду „Пагоня“ напачатку. — РС) не было. Было сказана „да пяці“ (чалавек — РС), ну, паехалі тры. Ня ведаю, ці гэта выпадковасьць, ці гэта памылка журналістаў, ці гэта „зьлітая“ мэтанакіравана інфа, каб павялічыць колькасьць. Было сказана напачатку, што адразу пасыпаліся заяўкі (у атрад „Пагоня“. — РС) на паштовую скрыню. Але я глядзеў гэтыя заяўкі, будучы ў Луцку, — там такія фэйкавыя анкеты... А магчымасьці правяраць неяк... Ну як ты праверыш? Было сказана, што да пяцідзесяці заявак, але тут пытаньне ў тым, што прагучала, што было ў атрадзе 50 чалавек. Сытуацыя выглядала так, што была „Пагоня“, сабралі крыху грошыкаў, што атрымалася — набылі, паехалі ў Кіеў, прыехалі ў „Азоў“, і ёсьць людзі, якія ў складзе „Азова“, усё.

То бок там нават ніхто ня ведаў пра нейкі там атрад „Пагоня“.

Дзесьці год таму я ў суполцы „Пагоні“ пакінуў камэнтар наконт нейкага фэйку пра новы набор, што хопіць ужо спэкуляваць (над тэмай атраду „Пагоня“. — РС). Мы прыйшлі ў батальён, сталі часткай батальёну. „Пагоня“ сваё аджыла, дзякуй усім. За такі камэнтар мне заблякавалі магчымасьць камэнтаваць у суполцы. А потым пачаліся тэмы зь нейкім там продажам кашулек, нейкімі зборамі сродкаў. То бок спэкуляцыя на тым, чаго няма».

Ёсьць разуменьне, што гэта спатрэбіцца ў Беларусі

«Па-першае, я на Майдане быў, там былі сябры з „Нацыянальнага альянсу“, якіх ведаю з 2007 году, якія пайшлі ў „Азоў“. І была гутарка яшчэ на Майдане, што калі будуць працягвацца гэтыя падзеі, то я даў слова, што прыеду падтрымаю. Па-другое, гэта — маральны чыньнік, то бок адзін, тры, пяць чалавек асаблівай ролі не адыграюць... Ніякіх „Рэмба“ няма, гэта не кіно, таму проста звычайная адзінка... Галоўная мэта была — маральна падтрымаць. Ну, і практычны інтарэс — атрымаць досьвед, таму што разуменьне ёсьць, што гэта спатрэбіцца і ў Беларусі».

Іван Стасюк на Майдане ў траўні 2014 году

Іван Стасюк на Майдане ў траўні 2014 году

Я ў Беларусі ня быў з таго моманту, калі вярнуўся з Украіны

Я разумею, што «яны» разумеюць і ведаюць, дзе я быў. Буду рабіць тое, што і раней — вучыцца, трэніравацца (Іван 8 год займаецца адзінаборствамі: кантактным каратэ, боксам, быў удзельнікам рыцарскага клюбу. — РС). Буду рыхтавацца і чакаць моманту, калі веды і досьвед спатрэбяцца. На сёньняшні дзень у мяне легалізаваны побыт у Польшчы праз вучобу, мне гэтага дастаткова. А далей — буду глядзець. Пакуль жыву сёньняшнім днём.

На Майдане

На Майдане

Калі ідзе калёна 50 танкаў, то там як мінімум пара батальёнаў. А нас 30 чалавек

Асноўнае, у чым я ўдзельнічаў напачатку — канваяваньне транспарту, амуніцыі, экіпіроўкі, хадзіў у патрулі. А апошнія пару тыдняў нас кінулі на тэрыторыі часткі супрацьпаветранай абароны (СПА) пад Марыюпалем, дзе мы былі як узмацненьне гэтай часткі. Выяжджалі на палігон, трэніраваліся, суправаджалі перакідваньне «зушак» (буйнакаліберныя кулямёты. — РС). То бок вялікія баі — мяне гэта абмінула. Была верагоднасьць, мы ўжо чакалі накіраваньня на ўмацаваньне пад Ілавайскам, але гэтага не было.

На базе СПА пад Марыюпалем. Іван Стасюк сядзіць справа. Жнівень 2014 году

На базе СПА пад Марыюпалем. Іван Стасюк сядзіць справа. Жнівень 2014 году

Але інфармацыйная вайна дзейнічала. Калі нас закінулі пад Марыюпаль, я памятаю, як па ўсім інтэрнэце крычалі, што калёна з 50 расейскіх танкаў ідзе на Марыюпаль. У гэтай частцы СПА з 30 салдацікаў толькі дваіх я бачыў, якія добра фізычна падрыхтаваныя. Астатнія — клясычныя «батаны» такія, якія на нас глядзелі — і было бачна, што яны спадзяюцца, што толькі мы нешта там вырашым. А нас там адаслалі каля 30 чалавек. Уяві сабе — калі ідзе калёна 50 танкаў, то там ідзе як мінімум пара батальёнаў. А нас 30 чалавек, у нас толькі РПГ-7 ды «калашы»... Першы-другі дзень было неяк «стромна», трэці-чацьвёрты ўжо крыху прызвычаіліся... Калі ўначы была страляніна побач — расьцяжкі спрацоўвалі, з блёк-паста стралялі за пару кілямэтраў, пад адрэналінам накідваеш на сябе каску і думаеш: «Ну, усё, гэтыя 50 танкаў даехалі...» Нічога такога сур’ёзнага не было, але псыхалягічны ціск быў.

Гэта быў ня страх, былі думкі, разважаньні пра жыцьцё. Адрэналін і пракрутка ў галаве ўсіх момантаў, чаму вучылі.

А тыдзень мінуў, ужо пачалі жартаваць, што былі трыста спартанцаў, а тут трыццаць «азоўцаў», чаго гэтыя 50 танкаў ніяк не даедуць, што іх там, волакам цягнуць...

Потым пакрыху падвозіць пачалі, прывезьлі «зушкі», супрацьпаветраныя такія старыя двуствольныя буйнакалібэрныя кулямёты, прывезьлі кіраваныя супрацьтанкавыя ракеты...

Іван Стасюк на Майдане ў Кіеве

Іван Стасюк на Майдане ў Кіеве

Навуковай працай супрацьстаяць крамлёўскай прапагандзе

«Калі я туды ехаў, ня думаў, што так усё зацягнецца. Думаў, месяц-паўтара, ды ўсё скончыцца. Плянаваў, што на пачатку жніўня 2014-га вярнуся ў Польшчу. Але так зацягнулася, што я яшчэ і жнівень застаўся, толькі на пачатку верасьня вярнуўся на вучобу. Трэба было дапісваць дыплём, бараніцца. Абараніўся, цяпер гісторык. А зараз працягваю далей на магістарскай праграме, у мяне спэцыялізацыя — гісторыя вайсковага майстэрства. Пляную, што буду пісаць свой дыплём пра падзеі на Ўсходзе Ўкраіны, пра добраахвотніцкія батальёны. Каб сваёй навуковай працай супрацьстаяць крамлёўскай прапагандзе».

Іван Стасюк у часе Майдана

Іван Стасюк у часе Майдана

Матулі я казаў, што еду ва Ўкраіну пісаць дыплём

«Яна думала, калі я быў на Ўсходзе, што я пад Львовам у архівах сяджу. Каб не хваляваліся, я, канечне, не казаў, куды я еду насамрэч. Калі ўжо быў у бясьпецы ў Польшчы, то сказаў, што быў там. У двух словах. Ад мяне матуля не даведалася і дзясятай часткі таго, што напісана ў артыкуле. Мы проста не краналі гэтую тэму. Якая матуля будзе жадаць падымаць гэтую тэму?»

Чаркашын запрашаў мяне на вышкал

«Мы з Алесем у адной камэры сядзелі ў часе „маўклівых акцыяў“. І наконт Усходу Ўкраіны мы зь ім падтрымлівалі кантакт. Я, ведаючы яго рэлігійныя погляды, думаў, што ён ня ўдзельнічае ў баявой дзейнасьці, а мае там выключна місійную. Ён запрашаў мяне ўлетку, за два-тры тыдні, як яго паранілі, на вышкал — трэніравацца на палігоне. Але ён не казаў, што непасрэдна на лініі сутыкненьня быў».

Іван Стасюк на занятках каратэ

Іван Стасюк на занятках каратэ

У Беларусі ня будзе намётавага мястэчка. Адразу будуць вадамёты і расстрэлы

«Шчыра кажучы, я б на месцы Лукашэнкі даў загад спэцслужбам, каб яны выходзілі на такіх, як я, каб мы ў Беларусі разьвівалі нацыяналістычны рух, каб рабілі структуры, падобныя да УНА-УНСО, каб у Беларусі была сіла, якая зможа супрацьстаяць „зялёным чалавечкам“. Таму што ён сам баіцца таго, што ў яго няма мяжы з Расеяй, што Беларусь проста будзе акупаваная, ён сам баіцца Крамля. Ён баіцца паўтарэньня ўкраінскага сцэнару. І ён баіцца недарма. Яму б самому было б выгадна, каб у Беларусі была такая сіла. Справа ў тым, што шмат людзей пасьля Майдану зрабілі высновы. Калі б зараз у Беларусі была спроба Майдану, то не было б месячнага намётавага мястэчка. Гэта былі б адразу вадамёты і расстрэлы. І гэтай заварушкай маглі б скарыстацца расейцы, каб расхістаць сытуацыю ды ўвесьці свае войскі ў межах так званага АДКБ».

Атрад «Пагоня» абвяргае інтэрвію Стасюка: «Гэта інсынуацыі, домыслы і выдумкі»

Свабода атрымала праз электронную пошту камэнтар атраду «Пагоня» да інтэрвію Івана Стасюка пра дзейнасьць атраду.

«Стасюк на самой справе быў кароткі час байцом Атраду „Пагоня“. Ваяваў ён 2,5 тыдня (знаходзіўся ў прыфрантавым Марыюпалі), пасьля чаго зьехаў у верасьні 2014 году ў Польшчу (дзе да гэтага часу знаходзіцца) і пасьля таго ў Атрад не вяртаўся. То бок да структуры ён ня мае дачыненьня ўжо 1 год і 4 месяцы і, адпаведна, нават нейкай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў Атрадзе, ён не валодае.

Як не валодаў ён інфармацыяй і пра тое, што адбывалася ўнутры Атраду на пачатку яго фармаваньня. З самага пачатку структура Атраду была пабудаваная так, што члены адной групы ня ведалі пра членаў іншай групы. Такая структура пабудовы Атраду не была тайнай, і мы пра гэта паведамлялі неаднаразова.

То бок уся „гісторыя“ Стасюка — інсынуацыі, домыслы і выдумкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG