Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук: Менскія перамовы не прынясуць вынікаў, 9 траўня сэпаратысты пойдуць у наступ


Ukraine - Military expert Dmitry Tymchuk

Ukraine - Military expert Dmitry Tymchuk

«Рыхтуючыся да парадаў 9 траўня, прарасейскія сэпаратысты сьцягваюць самаходную і ствольную артылерыю, мінамёты, танкі. Цягам мінулых сутак мы зафіксавалі 95 выпадкаў парушэньня рэжыму спыненьня агню з боку сэпаратыстаў. Іх лёгіка зразумелая — яны хочуць ціснуць на афіцыйны Кіеў перад чарговай сустрэчай трохбаковай перамоўнай групы», — лічыць кіраўнік Інфармацыйнага супраціву Дзьмітры Тымчук.

Перад пачаткам у Менску сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі ў Данбасе з прадстаўнікамі так званых «ДНР» і «ЛНР» Радыё Свабода пагутарыла з кіраўніком «Інфармацыйнага супраціву» Дзьмітрыем Тымчуком. Ён расказаў, чаго можна чакаць ад перамоваў, а таксама выказаў меркаваньне, што пасьля 9 траўня расейскія баевікі пойдуць з шырокамаштабным наступам на ўкраінскую тэрыторыю.

— Ці можна спадзявацца на станоўчыя перамены ў зоне АТА на Данбасе пасьля чарговых перамоваў?

— Адзіны станоўчы момант, які можа быць у выніку чарговага раўнду перамоваў — гэта рашэньне пра абмен палоннымі. Паводле ацэнак украінскіх спэцслужбаў, у палоне ў тэрарыстаў застаецца каля 300 украінскіх вайскоўцаў. Я чакаю, што гэтая праблема будзе вырашана.

Што тычыцца ўсіх іншых праблемаў, найперш выкананьня ўмоваў менскіх дамоўленасьцяў, то надзеі на прагрэс няма ніякай. Мы назіраем даволі бязглуздую тактыку тэрарыстаў — напярэдадні паседжаньня кантактнай групы яны рэзка павялічылі інтэнсіўнасьць абстрэлаў. Цягам мінулых сутак мы зафіксавалі 95 выпадкаў парушэньня рэжыму спыненьня агню з боку сэпаратыстаў. Быў задзейнічаны шырокі спэктар цяжкага ўзбраеньня, якое яны павінны былі даўно адвесьці ад лініі разьмежаваньня бакоў — тэрарысты выкарыстоўваюць самаходную і ствольную артылерыю, мінамёты, танкі. З аднаго боку, такая лёгіка зразумелая — перад перамовамі яны спрабуюць ціснуць на Кіеў. Але, зь іншага боку, сэпаратысты дэманструюць, што не зьбіраюцца выконваць умовы менскіх дамоўленасьцяў. Таму мы ня можам гаварыць пра прагрэс.

— Дзеля чаго ў такім разе Ўкраіна ўдзельнічае ў перамовах, калі яны цалкам безвыніковыя?

— Гэта ня больш як дэманстрацыя гатоўнасьці да мірнага дыялёгу. Хоць практычнага сэнсу няма ў гэтым ніякага. Адзінае выключэньне — пытаньне пра палонных. Больш за тое, мы бачым, што дыялёг пра выкананьне менскіх пагадненьняў моцна б’е па інтарэсах украінскага боку. Некалькі тыдняў таму эўрапейцы ставілі пытаньне пра адвод ад лініі разьмежаваньня ўзбраеньняў калібрам менш за 100 мілімэтраў. Украіна гатовая адвесьці нават такую зброю, што цяпер яшчэ дапамагае стрымліваць тэрарыстаў, якія ніякіх дамоўленасьцяў выконваць не зьбіраюцца. Калі Кіеў будзе выконваць просьбы Эўропы, то Ўкраіна расчыніць у Данбасе вароты для расейскіх войскаў, якія ўжо дэкляруюць гатоўнасьць захапіць Львоў. Ну, Львоў — гэта занадта, але цалкам захапіць Луганскую і Данецкую вобласьці яны могуць.

— Якія ў вас ёсьць перасьцярогі ў сувязі з 9 траўня? Што рыхтуюць прарасейскія баевікі, каб адзначыць гадавіну Перамогі?

Чакаем шырокамаштабнага наступу калі не 9 траўня, то адразу пасьля гэтай даты

— Цяпер яны рыхтуюцца да парадаў. У чым сутнасьць? Цягам апошняга тыдня ў Данецкую і Луганскую вобласьці актыўна пераганяюць ваенную тэхніку. АБСЭ маўчыць, таму што афіцыйна гэта тлумачыцца падрыхтоўкай да параду. На думку аналітыкаў «Інфармацыйнага супраціву», перакіданьне цяжкага ўзбраеньня можа быць зьвязанае з падрыхтоўкай да маштабнага наступу. Але, апроч гэтага, апошнімі днямі мы фіксуем актыўнае перакіданьне расейскіх сілаў і сродкаў па марыюпальскім кірунку і на поўнач ад Луганску. Чакаем шырокамаштабнага наступу калі не 9 траўня, то адразу пасьля гэтай даты.

— Што адбываецца ў іншых, спакайнейшых рэгіёнах Украіны?

— Насамрэч, сытуацыя выклікае вялікую трывогу ня толькі ў Луганску і Данецку. Найперш я гавару пра рэгіёны, якія мяжуюць з зонай АТА, і пра поўдзень Украіны — Адэскую, Хэрсонскую і Мікалаеўскую вобласьці. Мы арганізавалі назіраньне для выяўленьня ўзроўню тэрарыстычна-сэпаратысцкай пагрозы. Самая вялікая пагроза цяпер у Харкаўскай і Адэскай абласьцях, мы ацэньваем яе на 8 балаў з 10.

— Якім чынам вымяраецца гэты ўзровень?

— Ёсьць пэўны альгарытм, які ахоплівае чатыры блёкі пагрозаў. Мы маніторым сацыяльныя сеткі, мясцовыя СМІ, выказваньні мясцовых лідэраў, зьмест акцыяў пратэстаў, а таксама асаблівасьці сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў рэгіёне — запазычанасьці па сацыяльных выплатах, зарплатах, пэнсіях. Напрыклад, у Запароскай і Днепрапятроўскай абласьцях цяпер узровень пагрозы 5 балаў — там прарасейскія сілы зьбіраюць мітынгі ўжо не пад ідэалягічнымі лёзунгамі, а заклікаючы да павышэньня заробкаў, выплаты сацыяльнай дапамогі. А нэгатыўны сацыяльна-эканамічны стан ва Ўкраіне дае вельмі спрыяльную глебу для таго, каб сытуацыя разгойдвалася.

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG