Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія турфірмы адвязуць у «Наваросію» за $2000. Без гарантыі вяртаньня


Як пішуць расейскія мэдыі, маскоўская турыстычная кампанія «Мегаполіс курорт» прыступіла да арганізацыі тураў на тэрыторыі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Адзін з уладальнікаў фірмы Міхаіл Белы паведаміў «Известиям», што ў кароткатэрміновыя туры плянуецца выпраўляць невялікія групы, ня болей за 10 чалавек.

Белы назваў умовы тураў ў так званую «Наваросію»: чатырохдзённая паездка абыдзецца ў суму ад 2 000 да 3 000 даляраў, залежна ад складанасьці маршруту. Турысты будуць перасоўвацца ў браняваным аўтамабілі, у якім могуць зьмясьціцца 5-7 чалавек. Кіроўца і гід — мясцовыя жыхарамі, групу будуць суправаджаць прадстаўнікі ахоўнага агенцтва, а ўласна маршрут можна фармавацца з улікам пажаданьняў кліентаў.

Зрэшты, перад адпраўкай у мяцежны рэгіён ахвотнікі мусяць падпісаць дакумэнты, якія здымаюць усю адказнасьць з турагенцтва. Паводле ініцыятара экстрэмальнага адпачынку, ужо сабраліся больш за дзясятак чалавек, якія вырашылі скарыстацца такой прапановай.

Самапрызначаны старшыня «Народнага савету ДНР» Андрэй Пургін спакойна адрэагаваў на навіну аб турах у «Наваросію»:

«Няхай едуць, перашкаджаць ня будзем, але і дапамагаць, уласна, няма калі, вайна ў нас», — адзначыў адзін з ідэйных правадыроў сэпаратыстаў.

Дзеля справядлівасьці, у самой Украіне некаторыя прадпрымальныя асобы гэтаксама негалосна прапануюць замежнікам туры ў зону антытэрарыстычнай аперацыі.

Цэньнік на парадак меншы за расейскі: у прыватных абвестках фігуруюць лічбы ад 500 да 1000 даляраў за тыя ж 4-5 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG