Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузаперавозчык: Маўчаць ня будзем, нас «кінулі» на дзясяткі тысяч эўра


Падчас запланавай акцыі грузаперавозчыкаў ля Дому ўраду
Падчас запланавай акцыі грузаперавозчыкаў ля Дому ўраду

Заплянаваная на 4 лютага ля Дому ўраду ў Менску акцыя пратэсту грузаперавозчыкаў не адбылася.

Напярэдадні прэвэнтыўна быў затрыманы і асуджаны ініцыятар пратэсту Сяргей Штода, іншыя пайсьці ягоным шляхам не рызыкнулі. Удзельнікі рынку грузаперавозак ня згодныя з памерамі штрафаў за тры першыя месяцы карыстаньня ў тэставым рэжыме платнымі дарогамі сыстэмы BelToll, па выніках якіх фірмам выстаўленыя рахункі да 100 тысяч эўра.

Ад раніцы плошча Незалежнасьці была ачэпленая шматлікімі міліцыянтамі ў форме і цывільным, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі аглядалі аўтамабілі зьмяшчальнасьцю больш за 3,5 тоны, уключна з тымі, якія абслугоўваюць падземны гандлёвы комплекс «Сталіца». Улады яўна былі напалоханыя пагрозамі незадаволеных грузаперавозчыкаў спаліць машыны ля Дому ўраду, калі іх пытаньне ня будзе вырашанае. Паказальна, што адзін з актывістаў руху супраціву Сяргей Штода быў арыштаваны 3 лютага акурат у той момант, калі накіраваўся ў Савет міністраў на заплянаваную сустрэчу зь віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім.

Аднак здавацца прадпрымальнікі не зьбіраюцца. На бліжэйшыя два тыдні асуджанага нібыта за «хуліганства» калегу заменіць Алег Новікаў. На раніцу 6 лютага ён запісаўся на прыём да чарговага ўрадавага чыноўніка і, памятаючы лёс Сяргея Штоды, не выключае аналягічных мераў прэвэнтыўнага рэагаваньня ў адносінах да сябе:

«Чалавек, які ў мяне прымаў заяву, што ён мог сказаць? Так, чыноўнік, які мусіў ладзіць прыём, не прыйшоў, а хто будзе тлумачыць, чаму ён не зьявіўся? Не прыйшоў і не прыйшоў, быдла пачакае, якія праблемы? Што тычыцца Сяргея, я б не сказаў, што ён занадта гарачы, нястрыманы, але калі ў цябе адбіраюць бізнэс, ставяць на мяжу выжываньня, ведаеце, пакінуць розум халодным досыць складана. Напэўна, ён там пагарачыўся, магчыма. Але ж гэта не падстава скруціць і пацягнуць у суд. Я, дарэчы, сёньня там быў, меры перасьцярогі неадэкватныя: амапаўцы, міліцыянты, кадэбэшнікі, „ціхары“, дэпээсьнікі — поўны набор. Сфатаграфаваў, як на пад’ездах спынялі ўсе машыны, крыху большыя за мікрааўтобус. Адмыслова паставілі нарад ДПС, якія тармазіў усіх: і камунаркаўскі шакаляд падвозілі, і яшчэ нешта. То бок у людзей звычайная руцінная праца, а іх спыняюць, баяцца: а раптам едуць падрываць, раптам акцыя якая адбудзецца? Вось цяпер я пайду на прыём. Ну, што ж, няхай саджаюць усіх...»

У 2013 годзе ў Беларусі была ўведзена сыстэма платных дарог. Яшчэ на этапе рэалізацыі праекту Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць паралельна выкарыстоўваць сыстэму ў тэставым рэжыме. Перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаваньні, не паклапаціўшыся, каб навучыць кіроўцаў імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўненьня рахункаў і г.д. У выніку тысячы машын выходзілі на маршруты, а гаспадары не падазравалі, што нешта парушаюць. Пачаўшы атрымліваць штрафы, перавозчыкі прапанавалі профільным ведамствам амніставаць спагнаньні прынамсі за тэставы пэрыяд. Але ніякага зацікаўленьня з боку чыноўнікаў няма. У выніку блізу 5 тысяч юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў мусяць сплачваць непад’ёмныя штрафы — і, як кажа Алег Новікаў, альтэрнатывы пакуль не прадбачыцца:

«Зразумела, калі едзе транзытны аўтамабіль, яму кажуць: аміга, ты парушыў. Вах-вах, вінаваты. Ён плаціць 100 эўра, яму тлумачаць, у чым ён ня меў рацыі, і той паехаў далей. Калі ён прыедзе наступным разам — ніхто ня ведае. А я жыву тут, на мяне можна міліцыю нацкаваць, транспартную інспэкцыю, выканаўцаў — куды я падзенуся, куды дзяцей забяру? Нікуды. Разьлік на гэта. А тое, што Саўмін замацаваў умовы карыстаньня платнымі дарогамі такім дзіўным чынам, што гэта не адносіны дзяржавы і нейкага суб’екта гаспадараньня, а адносіны двух прадпрыемстваў, — гэта мала хвалюе. То бок гаспадарчае права сюды не стасуецца, тут нейкая грамадзянская справа. Спэцыяльна складзены нарматыўны дакумэнт на парозе прававых калізіяў, каб заблытаць любога, хто спрабуе разабрацца ў сутнасьці. Іншымі словамі, незразумела: ці табе грамадзянскі пазоў падаваць, ці эканамічны. Як увогуле змагацца за свае правы? Адказ адзін: плаціце грошы, штраф, а потым разьбірайцеся. Як я магу заплаціць, калі мне паведамілі пра гэта праз 3 месяцы? То бок вы чакалі, пакуль у людзей па 80–100 тысяч эўра набярэцца штрафаў, а потым вырашылі пра гэта ўзгадаць? Дык а што ж вы ня хочаце, сябры мае, салідарна адказаць за гэта? Гэта ж ваша халатнасьць».

У выніку за тры першыя месяцы эксплюатацыі платных дарогаў беларускія перавозчыкі «папалі» на вялізныя штрафы, ажно да 100 тысяч эўра. У кагосьці 10 тысяч, у кагосьці 50 тысяч, а ў некага і 100 тысяч. У дачыненьні да шмат каго ўжываецца так званы мэтад прымусовага сьпісаньня сродкаў, калі грошы здымаюцца з рахункаў нават без паведамленьня гаспадарам.

З чаго складаюцца такія вялізныя штрафы? Ці залежыць гэта ад колькасьці машын у аўтапарку? Гаворыць Алег Новікаў:

«З аднаго боку, ад колькасьці машын таксама. Зь іншага боку, да няправільнага карыстаньня дарогай прыраўноўвалася як нясплата, так і няпоўная аплата. На зары станаўленьня ўсяго гэтага бізнэсу былі ўсяго 2–3 пункты, дзе можна было ўнесьці грошы. Пры гэтым ніхто з чыноўнікаў ня зьезьдзіў туды, не паглядзеў, якія былі чэргі, колькі трэба было чакаць, каб аплаціць, якія праблемы былі з гэтымі „таблеткамі“. Дарэчы, да гэтага часу нельга аплаціць па картцы, толькі наяўнымі ці праз апэратара „Беларуснафты“ ці нейкіх іншых паліўных эмітэнтаў. То бок абстаўлена так, каб як мага сур’ёзьней усё ускладніць».

Карэспандэнт: «Спачатку гучалі абяцаньні, што першыя месяцы сыстэма будзе працаваць у тэставым рэжыме, але пакараньні зусім ня тэставыя».

«А навошта? Яны першы дзень запусьцілі і адразу ж адрапартавалі: 120 тысяч эўра атрыманыя за 12 гадзін працы. Які дурань захоча нават на 15 хвілін адпраўляць машыну ў такім „тэставым рэжыме“? Гэта ж жывыя грошы. Ну як да гэтага ставіцца? Форменнае „кідалава“. Пры тым, што паўтара года нам казалі: хлопцы, мы ўсё разумеем, крыху „лажануліся“, трэба было сапраўды пускаць у тэставым рэжыме. І далей вось у такім вінаватым тоне. І разам з тым дасылаюць фінансавую прэтэнзію, што мы нешта парушалі. Або яны лічаць, што людзі настолькі тупыя, калі робяць па 80–90 парушэньняў, а ў кагосьці нават 200 парушэньняў набралася? Няўжо 200 разоў нехта будзе езьдзіць, каб падмануць кагосьці? Нават школьніку зразумела, што нешта тут ня так, праўда?»

Беларускія грузаперавозчыкі абвінавачваюць улады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесьці абяцаную амністыю па штрафах за карыстаньне платнымі дарогамі BelToll. Для невялікіх арганізацый і прадпрымальнікаў фактычна запушчаная працэдура банкруцтва, на вуліцы рызыкуюць апынуцца тысячы людзей.

Пакрыўджаныя прадпрымальнікі лічаць, што сыстэма платных дарогаў ці з-за сваёй недасканаласьці, ці з-за загадзя прадуманага сцэнару аказалася, з аднаго боку, нескладаным спосабам зьнішчэньня дробных перавозчыкаў, а зь іншага боку — лёгкай крыніцай папаўненьня дзяржаўнага бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG