Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Заступнік, лідэр нацыі, паважаны спадар прэзыдэнт»: рэжым Лукашэнкі — дзіцячы садок у параўнаньні з дыктатурай Бердымухамедава


Пстрыкаючы тэлевізійным пультам у гатэлі ўзбэцкай Бухары, выпадкова натрапіў на афіцыйны канал туркмэнскага тэлебачаньня. І наступныя тры гадзіны ня мог адарвацца ад захапляльнага відовішча — прапаганда культу прэзыдэнта Бердымухамедава выходзіла па-за ўсе нормы прыстойнасьці.

Туркмэністан разам з Паўночнай Карэяй небеспадстаўна лічыцца адной з самых закрытых дзяржаў, дазвол на ўезд туды атрымаць практычна немагчыма. Візавым рэжымам Ашгабад адгарадзіўся ад усяго сьвету, уключна з бліжэйшымі суседзямі — Казахстанам, Узбэкістанам, Іранам і Аўганістанам. Гэта адзіная краіна, у якую патрабуюцца візы жыхарам усіх былых саюзных рэспублік без выключэньня.

Выезд туркмэнам за мяжу фармальна не забаронены, але на практыцы для гэтага патрэбныя вельмі важкія прычыны. Адна зь іх — вучоба ў Беларусі. Нездарма студэнты з Туркмэністану складаюць найбольшую колькасьць замежнікаў у менскіх ВНУ.

Гурбангулы Бердымухамедаў

Гурбангулы Бердымухамедаў

Працяглая самаізаляцыя амаль 5-мільённага народу (дакладныя дэмаграфічныя зьвесткі афіцыйна не публікуюцца) стварыла ўнікальную мадэль, пры якой уладная вярхушка атрымала карт-блянш на любыя экспэрымэнты.

Ці не адзіная магчымасьць зазірнуць за жалезную заслону — карцінка тамтэйшых тэлеканалаў. Балазе, ад Бухары да туркмэнскай мяжы — крокавая даступнасьць, сыгнал дабівае без праблемаў.

На экране — аналітычная праграма пра найважнейшыя палітычныя, эканамічныя, культурныя падзеі верасьня. Нягледзячы на тое, што трапіў на справаздачу пад канец першай дэкады, асьвятленьне наступных мерапрыемстваў заняло больш за 2,5 гадзіны.

Фронтмэн усіх навінаў адзін — прэзыдэнт Гурбангулы Бердымухамедаў. Зьмяняецца атачэньне падначаленых, антураж мясцовасьці, але галоўны герой нязьменна пераходзіць зь сюжэту ў сюжэт.

Расейскамоўны дыктар захоплена знаёміць гледачоў з дасягненьнямі народнай гаспадаркі. На тэлеэкране лідэр нацыі выглядае мудрым палітыкам, вакол якога круціцца астатні сьвет. Армейскія генэралы, апусьціўшы вочы, дакладаюць пра абароназдольнасьць войска. Журналісты дружна канспэктуюць у аднолькавыя нататнікі каштоўныя заўвагі. Заля паседжаньняў выбухае авацыямі пасьля кожнай думкі, агучанай з трыбуны.

Старцы, сівавалосыя маці, студэнты — усе зьяднаныя ў агульным парыве. Ніякага намёку на іншадумства: усе апанэнты ўлады або ў турме, або пасьпелі ўцячы за мяжу. Здабыць альтэрнатыўную інфармацыю няма адкуль — любы намёк на падазроны зьмест цягне за сабой блякаваньне сайта.

Адкрыцьцё помніка Гурбангулы Бердымухамедаву ўвесну 2015 году ў Ашгабадзе

Адкрыцьцё помніка Гурбангулы Бердымухамедаву ўвесну 2015 году ў Ашгабадзе

Пасьля сьмерці ў 2006 годзе свайго папярэдніка Сапармурата Ніязава, які насіў тытул «Туркмэнбашы» («галава туркмэнаў»), Гурбангулы Бердымухамедаў працягнуў традыцыю, стаўшы «Аркадагам», то бок «заступнікам». Іншыя выразы, якія не сыходзяць з вуснаў дыктара, — лідэр нацыі, паважаны спадар прэзыдэнт і г.д.

Нягледзячы на чаканьні, што пасьля Ніязава культ асобы будзе перагледжаны, Бердымухамедаў проста заняў вакантнае месца, замкнуўшы ўладу на сябе і перанакіраваўшы на свой адрас звыклыя хваласьпевы.

У Бухары адзін этнічны туркмэн пераказаў аповед сваяка, які нейкі час займаў тэхнічную пасаду у апараце ўраду — настройваў апаратуру перад паседжаньнямі Кабінэту міністраў Туркмэністану. Зь яго слоў, на нарадах ледзь ня кожныя 15–20 хвілін Бердымухамедаў моўчкі ўставаў і выходзіў з залі. А празь нейкі час вяртаўся ў новым гарнітуры і надушаны дарагой парфумай. Герою рэпартажаў трэба быць у модным трэндзе.

Аркадаг можа сабе дазволіць быць экстравагантным — напрыклад, учыніць агляд гатовасьці вайсковых самалётаў верхам на ровары. Не бяда, што руль ня вельмі слухаецца — афіцэры суправаджэньня ўпраўляюцца з двухколавым транспартам яшчэ горш. Або ўпасьці ў іншую скрайнасьць — сесьці за руль дарагога «Гелендвагена» і зьехаць некуды ў поўнай адзіноце.

Кожны другі сюжэт заканчваецца аднымі і тымі ж словамі камэнтатара: «На знак бязьмежнай павагі паважаны спадар прэзыдэнт атрымаў у падарунак цудоўны дыван». У якасьці варыянту яшчэ можа быць карціна. Выглядае, што толькі за верасень Бердымухамедаў пабагацеў на паўтара дзясятка тканых дываноў ды карцін з ахалтэкінскімі жарабцамі. А колькі іх атрымана за 10 гадоў ва ўладзе — цяжка нават уявіць.

На аэрапорт, архітэктурны цуд, патрачана больш за 2 мільярды даляраў, але выглядае, што галоўным яго дасягненьнем так і застанецца месца ў «Кнізе рэкордаў Гінэса» за самую вялікую выяву арнамэнту. Пры тым, што ў двух тэрміналаў прапускная здольнасьць — 17 мільёнаў пасажыраў на год, краіну наведваюць меней за 100 тысяч чалавек, і тое пераважна транзытам. Атрымаць турыстычную візу ў кансулятах практычна немагчыма. Апроч таго, у Туркмэністан лятаюць авіякампаніі ўсяго шасьці краінаў, уключна зь «Белавія». Кім улады зьбіраюцца запоўніць 1200 гектараў патаснага комплексу — пытаньне з пытаньняў.

Зрэшты, могуць сабе дазволіць: краіна — 4-я ў сьвеце паводле запасаў прыроднага газу, і ўвесь прыбытак ад яго экспарту акумулюецца ў руках сонцападобных дыктатараў. Захачу — аэрапорт збудую, захачу — залаты помнік самому сабе пастаўлю.

У 2012 годзе Гурбангулы Бердымухамедаў абвясьціў пра пачатак «Эпохі Магутнасьці і Шчасьця». Такая назва нададзена новаму тэрміну ягонага прэзыдэнцкага праўленьня (па выніках выбараў набраў, як абвешчана, 97% галасоў). Папярэдні этап афіцыйна называўся «Эпохай Вялікага Адраджэньня». Паколькі за справаздачны адрэзак краіна «адрадзілася», паўстала неабходнасьць даць назву, больш адпаведную яе новаму ўзроўню.

Дарэчы, пэрыяд праўленьня Сапармурата Ніязава, які кіраваў краінай амаль 20 гадоў і меў статус пажыцьцёвага прэзыдэнта, называўся Залатым Векам. Спачатку Ніязаў задавальняўся статусам Туркмэнбашы, а неўзабаве атрымаў яшчэ і тытул Акбар Сэрдар (Вялікі Правадыр).

Пасьля сьмерці Ніязава афіцыйная ідэалёгія пераарыентавалася на новага кіраўніка. У Ашгабадзе створаны музэй, прысьвечаны Бердымухамедаву. Прэзыдэнт мае мноства ўзнагародаў і званьняў. Ён Герой Туркмэністану, доктар мэдычных навук, доктар эканомікі, акадэмік Акадэміі навук.

На зьмену ніязаўскай «Рухнаме», якая мела статус «сьвятой кнігі», паступова прыходзяць пісаньні самога Бердымухамедава. Сёлета да Наўруза ён выдаў 35-ы том сваіх твораў пад назвай «Чай: вылячэньне і натхненьне». У актыве туркмэнскага лідэра таксама тэксты пра дываны, скакуноў, прымаўкі і прыказкі. А якраз сёньня афіцыйныя СМІ Туркмэністану паведамілі пра выхад 9 тому збору «Да новых вышыняў прагрэсу». Гэта ўжо сёмая кніга ад пачатку году.

Жыхары краіны прымаюць творы з такімі ж ушанаваньнямі, як і Каран: калі чыноўнікам публічна раздавалі кнігу пра гарбату, тыя тройчы прыкладалі яе да галавы — відаць, каб не балела ад маштабнасьці прэзыдэнцкіх даручэньняў.

Бердымухамедаў, стаматоляг паводле адукацыі, таксама экспэрымэнтаваў у якасьці хірурга-анколяга, паэта, кампазытара, сьпевака, музыкі-гітарыста, дыджэя і аўтагоншчыка. Пераможца нацыянальных спаборніцтваў у конных скачках і аўтагонках.

На фоне «заслугаў» Гурбангулы Бердымухамедава рэжым беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі падаецца «софтавай» вэрсіяй. Але дыктатура — рэч заразная, яе праявы відаць нават няўзброеным вокам. Чаго вартае адно толькі жаданьне кіраваць пажыцьцёва...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG