Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правал перавароту ў Турэччыне: перамога ці параза свабоды?


Якія наступствы будзе мець гэты правал? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: На мінулым тыдні ў Турэччыне адбылася няўдалая спроба ваеннага перавароту. Значная частка войскаў, паліцыя засталіся вернымі ўладзе і аказалі супраціў мяцежу, путчысты ня здолелі захапіць кіраўніцтва краіны, на заклік прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана тысячы людзей выйшлі на вуліцы, каб супрацьдзейнічаць удзельнікам перавароту.

І цяпер рэжым дае адказ — тысячы вайскоўцаў, удзельнікаў перавароту трапілі за краты, у краіне ўсё гучней гучаць галасы за аднаўленьне сьмяротнага пакараньня для мяцежнікаў. Па абвінавачваньні ў спрыяньні перавароту арыштаваныя сотні судзьдзяў.

Эрдаган абвінавачвае ў арганізацыі перавароту апанэнта яго рэжыму, турэцкага рэлігійнага дзеяча Фэтхулаха Гюлена, які жыве ў ЗША. Анкара патрабуе выдачы Гюлена.

Кіраўнікі асноўных краінаў сьвету выказалі задавальненьне тым, што законная ўлада ў Турэччыне ўтрымалася. Што і натуральна. Ваенны пераварот — ня самы лепшы сродак зьмены ўлады, асабліва ў рэгіёне, дзе вакол і так ўсё гарыць.

Аднак спроба перавароту — сымптом глыбокага расколу, канфлікту ў турэцкім грамадзтве. Невядома, чаго хацелі лідэры перавароту, але варта нагадаць, што тры гады таму краіну страсалі моцныя хваляваньні, тады маніфэстанты адстойвалі сьвецкі, вэстэрнізаваны характар турэцкай дзяржавы, выступалі супраць парушэньняў правоў чалавека і паўзучай ісламізацыі дзяржавы, якую паступова, але няўхільна праводзіць Рэджэп Эрдаган.

Ня выключана, што спроба путчу — праява тых самых супярэчнасьцяў, якія тры гады таму вывелі моладзь на плошчу Таксім.

Зараз некаторыя выказваюць меркаваньне, ці не спэктаклем быў той хуткацечны путч, ці не сама ўлада прыклала руку да яго інсцэніроўкі.

Я асабіста ня схільны да кансьпіралёгіі, але відавочна, што ўлада выкарыстоўвае сваю перамогу напоўніцу. Як я казаў, масавыя арышты адбываюцца ня толькі сярод вайскоўцаў, але і сярод судзьдзяў. Судовая сыстэма была адной зь нешматлікіх супрацьвагаў самаўладзьдзю Эрдагана.

З часоў Атацюрка да прыходу да ўлады цяперашняга прэзыдэнта роля войска ў турэцкай палітыцы была двухсэнсоўнай. Гэта зразумела. Недэмакратычны інстытут быў своеасаблівым гарантам сьвецкага, лібэральнага характару Турэччыны. Эрдаган масавымі чысткамі афіцэрскага корпусу пачаў дэмантаж гэтага мэханізму. Што, з пункту гледжаньня канстытуцыйнай дэмакратыі, і нармальна — адзін зь яе галоўных прынцыпаў — грамадзянскі кантроль над войскам. Але парадаксальным чынам гэтая палітыка разбурала супрацьвагу грамадзянскай аўтарытарнай уладзе.

Чакаецца, што ён выйграе рэфэрэндум, які ператворыць Турэччыну з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцка-парлямэнцкую дзяржаву. І Турэччына стане значна больш, чым зараз, падобнай на Беларусь, але з выразным ісламскім адценьнем.

Трэба меркаваць, што цяпер Эрдаган давядзе чыстку да канца, цалкам зламае хрыбет войску, як самастойнай палітычнай сіле. Чакаецца, што ён выйграе рэфэрэндум, які ператворыць Турэччыну з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцка-парлямэнцкую дзяржаву. І Турэччына стане значна больш, чым зараз, падобнай на Беларусь, але з выразным ісламскім адценьнем.

А, дарэчы, наконт прыроды ўлады. Адным з ключавых момантаў падаўленьня перавароту, стаў заклік Эрдагана да народу выйсьці на вуліцу бараніць законную ўладу. У Эгіпце ў 2011 годзе не выходзілі, ва Ўкраіне ў 2014 годзе не выходзілі, а ў Турэччыне зараз выйшлі. Бяззбройны народ на вуліцах супраць танкаў — слабая ваенная сіла, але гіганцкая псыхалягічная. А вось пытаньне, калі ўявіць сябе падобныя падзеі ў Беларусі, колькі людзей выйшла на вуліцы абараняць Лукашэнку?

Карбалевіч: Мяцеж выглядаў няўклюдна. Не змаглі нэўтралізаваць прэзыдэнта Эрдагана. Замест гэтага сталі бамбаваць будынак парлямэнту. Сама армія раскалолася.

Вырашальным фактарам няўдачы мяцежнікаў стала адсутнасьць падтрымкі грамадзтвам. Калі б ваенныя выступілі у 2013 годзе, калі адбываліся масавыя пратэсты на плошчы Таксім супраць аўтарытарных мэтадаў кіраваньня Эрдагана, то тады б, магчыма, яны атрымалі б падтрымку.

А цяпер мяцеж асудзілі і апазыцыйныя партыі, тысячы людзей выйшлі на вуліцу, каб супрацьстаяць арміі. То бок на арэну гісторыі выйшаў Яго Вялікасьць народ. І ў гэтым прынцыповае адрозьненьне ад папярэдніх ваенных пераваротаў у Турэччыне. І тут дарэчы параўнаньні з крахам путчу ГКЧП у апошні год існаваньня СССР.

У Турэччыне ўзьнікла разьвітая грамадзянская супольнасьць. Грамадзтва палітызаванае, існуюць разьвітыя гарызантальныя сувязі. Плюс сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. Плюс да таго, Эрдаган рэальна папулярны ў Турэччыне. А падчас мінулых пераваротаў ваенныя зрыналі непапулярныя ўлады. Лідэры перавароту аказаліся ня толькі дрэннымі арганізатарамі, але і дрэннымі палітыкамі.

Я не веру ў вэрсію, што гэта была імітацыя мецяжу, арганізаваная самім Эрдаганам. Такім працэсам кіраваць немагчыма. І ён мог закончыцца перамогай

Я не веру ў вэрсію, што гэта была імітацыя мецяжу, арганізаваная самім Эрдаганам. Такім працэсам кіраваць немагчыма. І ён мог закончыцца перамогай.

Аднак зараз ёсьць небясьпека, што лідэр Турэччыны Рэджэп Эрдаган выкарыстоўвае мяцеж для таго, каб расправіцца са сваімі супернікамі і ўзмацніць аўтарытарны рэжым асабістай улады. Як на мой погляд, абвінавачваньне ў арганізацыі мяцяжу ісламскага прапаведніка Гюлена выглядаюць штучна. У першай і апошняй заяве мяцежнікаў яны казалі пра намер вярнуць сьвецкі характар дзяржавы. Як на чале такой змовы можа стаць ісламскі прапаведнік — загадка. Але ў такіх выпадках лёгіка не працуе. Падаецца, Эрдаган і ягоная каманда яшчэ знаходзяцца ў стане лёгкай гістэрыі. Бо толькі гэтым можна патлумачыць абвінавачваньне на адрас ЗША ў патураньні мяцежнікам.

Цыганкоў: Спроба перавароту будзе азначаць пачатак магчымага рэзкага павароту Турэччыны ў бок большай канцэнтрацыі ўлады і далейшай ісламізацыі. Менавіта такія каштоўнасьці адстойвае Эрдаган і партыя, якую ён прадстаўляе. Ужо зараз прэзыдэнт мае нашмат больш улады, чым мелі папярэднія прэзыдэнты, Эрдаган перацягнуў на сябе частку ўлады, якую раней меў прэм’ер-міністар. І цяпер многія аналітыкі кажуць, што наступным крокам могуць стаць нават зьмены ў Канстытуцыі.

Парадокс сытуацыі ў тым, што правал путчу не абараніў дэмакратыю. Людзі, якія выйшлі на вуліцу на заклік Эрдагана, верагодна, былі менавіта прыхільнікамі каштоўнасьцяў цяперашняга прэзыдэнта, а не прыхільнікамі лібэральных і сьвецкіх каштоўнасьцяў

Парадокс сытуацыі ў тым, што правал путчу не абараніў дэмакратыю. Людзі, якія выйшлі на вуліцу на заклік Эрдагана, верагодна, былі менавіта прыхільнікамі каштоўнасьцяў цяперашняга прэзыдэнта, а не прыхільнікамі лібэральных і сьвецкіх каштоўнасьцяў. Больш за тое, нават праціўнікі Эрдагана зь ліку дэмакратычнай і лібэральнай апазыцыі не маглі выйсьці абараняць ваенных путчыстаў. Яны — апанэнты Эрдагана, але апанэнты ў рамках дэмакратычных правілаў, падтрымаць ваенны путч супярэчыць ім ідэйна і нават прагматычна — бо ва ўмовах ваеннай дыктатуры ім, дэмакратычнай апазыцыі, няма месца. У выніку ў путчыстаў не аказалася ніякай вулічнай грамадзкай падтрымкі — «сьвецкія і дэмакратычныя каштоўнасьці», якія яны нібыта абаранялі, трэба абараняць іншымі, дэмакратычнымі спосабамі.

Путч паказаў, што цяпер не 70-я гады, час «чорных палкоўнікаў», у тым ліку час ваенных пераваротаў, у Турэччыне мінуў. У Турэччыне дэмакратыя (лібэральная ці не лібэральная, гэта іншая справа) пусьціла глыбокія карані, народ ужо прывык «не маўчаць», прывык сам вырашаць сваю долю — на выбарах і падчас шматлікіх масавых выступаў як «за», гэтак і «супраць» уладаў. Эўразьвяз ужо папярэджвае Анкару, што турэцкія ўлады не павінны дапусьціць падчас расьсьледаваньня парушэньня юрыдычных нормаў. Цяпер пытаньне ў тым, ці захочуць турэцкія ўлады захаваць прававыя нормы, захаваць тую няхай не дасканалую, не лібэральную, але ўсё ж дэмакратыю, якая пакуль існуе ў Турэччыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG