Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмныя песьні і іх выканаўцы. Ад «Муркі» да рэпу (ч.1)


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Ад зьняволеных з так званым стажам даводзілася чуць, што ў турмах не прынята віншаваць з Новым годам — дрэнная прыкмета. Увогуле, навагоднія сьвяты для тых, хто сядзіць за кратамі — гэта вельмі сумныя дні, бо сярод сядзельцаў шмат самотных людзей. Музыка, песьня — адзін з тых чыньнікаў, што падтрымлівае ў такі час многіх.

«Турэмныя песьні дапамагаюць жыць і сядзець»

Два гады таму, напярэдадні 2014, колішні дацэнт зь Віцебску і на той час былы асуджаны Міхаіл Жамчужны расказваў:

«З надыходам калядных ды навагодніх дзён да многіх сядзельцаў прыходзіць цяжкае пачуцьцё самоты. Тое, што побач няма родных ды блізкіх, успрымаецца ў такія моманты амаль як поўная безвыходнасьць».

Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Пры гісторыю гэтага чалавека «Свабода ў турмах» расказвала неаднойчы. Ня так даўно беларуская прафэсійная праваабарончая супольнасьць прызнала яго палітвязьнем. Зараз, падчас другога тэрміну, Міхаіл утрымліваецца ў калёніі ў Навасадах. Паколькі ён ня мае блізкіх родных, ён пазбаўлены спатканьняў, да яго не прыходзяць харчовыя перадачы ды грашовыя пераводы. Такіх людзей, якія ня маюць «грэву» на зонах становіцца ўсё больш.

«Што за кратамі дапамагае жыць і сядзець такім людзям, — адзначаў Міхаіл, — гэта лісты, кнігі і, не паверыце, тое, што называецца „турэмным шансонам“, Аматараў гэтай песьні на зоне шмат. Яна ліецца з самых розных CD-плэераў, што амаль у кожным кубрыку. Мець у бараках гітары было забаронена. Прычыны, праўда, не называліся. Кожны ўзрост аддаваў перавагу пэўным выканаўцам, стылю, рэпэртуару. Маё пакаленьне 50-60-гадовых, адукаваных сядзельцаў, слухалі ГУЛАГаўскую клясыку ды Круга. Тыя, хто прасьцейшы, любілі слухаць нешта жаласьлівае ды душашчыпальнае. Моладзі падабалася нешта рэпавае. У нашай калёніі на Віцьбе кіраўніцтва нават дазваляла выконваць гэты рэп са сцэны».

Наша навагодняя праграма для тых, хто слухае гэтыя песьні. Яе ўдзельнік — паэт Уладзімер Някляеў належыць да знаўцаў гэтага жанру. Некаторы час ён сам паспытаў турэмнай баланды. Будучы кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на выбарах-2010, быў арыштаваны ў дзень галасаваньня 19 сьнежня. Сядзеў у «амэрыканцы», знаходзіўся пад хатнім арыштам...

Напачатку мы папрасілі спадара Ўладзімера сказаць свае навагоднія словы людзям, якія, падобна Міхаілу Жамчужнаму, знаходзяцца ў няволі.

«У сваёй вагавай катэгорыі „Мурка“ — геніяльная песьня»

Нашу размову пра турэмную песенную творчасьць пачнем зь песьні, якую таксама называюць фаварытам жанру — з «Муркі». Яе папулярнасьць прыйшла ў народ, прынамсі, у шырокія колы гарадзкога насельніцтва краіны Саветаў з нэпманаўскіх рэстаранаў, недзе напачатку 1920-х. Адносна яе стварэньня гуляе шмат розных вэрсіяў. У тым ліку і такая, што яе першапачатковы тэкст напісаў яшчэ да рэвалюцыі 1917 адэскі журналіст і кінадраматург Якаў Ядаў. А музыку стварыў ніхто іншы як наш зямляк зь Дзьвінску, «кароль эўрапейскага танга» Оскар Строк. Згодна гэтай гісторыі, тая аўтэнтычная «Мурка» ня мела яўнага блатняцка-турэмнага ўхілу, аднак з кожным новым выкананьнем дадаваліся ўсё новыя куплеты ўсё новых аўтараў, чым далей тым больш багатыя на турэмную лексыку. У нашай перадачы песьня прагучыць у беларускім перакладзе Алеся Камоцкага...Паводле ягоных словаў, «Мурка» у сваёй вагавай катэгорыі — песьня геніяльная і легендарная, бо яна частка гісторыі народу. І хоць там гаворка пра Адэсу, тая Адэса ў той час была паўсюль.

У якіх выпадках гэты жанр, які адны называюць блатняком, другія — турэмным шансонам, трэція — лягернай песьняй, становіцца папулярным ня толькі за кратамі, за калючым дротам, а калі яе пачынае сьпяваць «уся краіна»?

Такое пытаньне — да госьця праграмы, былога палітвязьня, паэта Ўладзімера Някляева

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Някляеў: «Ня будзе перабольшаньнем, а калі будзе, дык ня надта вялікім, калі сказаць, што ўсё, што напісана ў апошнія дзьвесьце гадоў на гэтай тэрыторыі, напісана ў турме. Ня толькі „Мурка“ (дарэчы, яна была ўпершыню выкананая публічна ў самым пачатку ХХ стагодзьдзя для выкшталцонай публікі ў спэктаклі Горкага „На дне“, і яе адразу засьпявалі ў кватэрах маскоўскіх актораў, музыкантаў.) або такія рэчы, як „Гоп са смыкам“ ці „Па тундры“, — але і „Што рабіць“ Чарнышэўскага і нават рэвалюцыйныя працы таварыша Леніна. Так што, усю літаратуру, вершаваную, празаічную і нават навуковую, можна згадаць. Скажам, Крапоткін напісаў кнігу „Дасьледаваньні пра ледавіковы пэрыяд“, у якой прадказаў існаваньне Зямлі Франца Іосіфа і Паўночнай зямлі. Але размова наша пра гэтыя „Муркі“, „Сонца ўсходзіць і заходзіць“, „На Дэрыбасаўскай адкрылася піўная“. Як яны ўзьнікаюць і становяцца папулярнымі?

Я думаю, што апошняя займела папулярнасьць праз музыку. Яна створаная не ў сыбірскай турме, а ў Аргентыне. Гэта танга, я добра памятаю, бо ў мяне была кружэлка зь яго арыгіналам. А „Гоп са смыкам“, скажам, з кружэлкі 1930-х гадоў (тады ўпершыню ў СССР пачалі выходзіць блатныя песьні на кружэлках у выкананьні Леаніда Ўцёсава). Я слухаў кружэлку, якая так і называлася „Гоп са смыкам“, дзе, па-мойму, дванаццаць песень адэска-турэмнага ўхілу».

У самых першых творах жанру можна было пачуць усю музычную рэпэртуарную разнастайнасьць тагачасных рэстарацыяў ад танга да клезьмеру (народная музыка ўсходнеэўрапейскіх габрэяў зь яе асаблівым стылем выкананьня, якая ў песьнях ды куплетах выконваліся габрэйскімі артыстамі). Моцны ўплыў на разьвіцьцё жанру таксама зрабіў гарадзкі раманс. У альбоме «Беларускі гарадзкі раманс 20-30-х гадоў ХХ стагодзьдзя» (выйшаў у 2013 у Менску) прадстаўленыя турэмныя ды блатныя песьні Заходняй Беларусі, якія былі. пачутыя ад старажылаў гэтага краю, у тым ліку тагачасных сядзельцаў заходнебеларускіх вязьніцаў. У сьпевах згадваюцца віленскія Лукішкі або канцлягер у Бярозе-Картускай ды «апісваюцца пакутныя лёсы прасталытак і сяброў КПЗБ».

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Някляеў: «У гэтых усіх вершах, песьнях ёсьць такая рэч: яны немудрагелістыя. Дом, сям’я, бацькі, плач па страчанай долі, па каханых, прызнаньне ў любові, найперш да маці — «бедная мая, як ты там безь мене, даруй і прабач», Вакол гэтага ўсё круціцца. Яшчэ называецца вернасьць ці здрада. А ёсьць адносіны паміж асобай і дзяржавай. Яны былі заўсёды несправядлівыя...Ёсьць такая кніга Віталя Лазоўскага „Як выжыць і з карысьцю правесьці час у турме»“(1992). Там творчасьць называецца адным са спосабаў выжываньня. Так заўсёды было».

Калыма, Варкута, Магадан

У 1930—1940—1950-я гады зьявіліся песьні пра пакуты асуджаных, якія знаходзяцца ў ГУЛАГу. Гэта ўжо былі песьні пра людзей, якія ўтрымліваліся ў цяжкіх умовах у лягерах на Калыме, у Варкуце, Магаданскай вобласьці. Збольшага іх аўтары так і засталіся невядомымі.

Беларускі журналіст ды бард Зьміцер Бартосік мае ў сваім рэпэртуары песьні пра ГУЛАГ. Напрыклад, ён сьпявае па-беларуску «Калымскую песьню». Аўтар перакладу — Рыгор Барадулін. Аўтар арыгінальнага вершу — расейскі паэт Анатоль Жыгулін. На пачатку 1950-х Жыгулін быў вязьнем калымскага лягеру сьмерці Бутугычаг, на рудніках якога загінула шмат беларусаў. Лепшыя песьні жанру, асабліва тыя, што нарадзіліся падчас сталінскіх рэпрэсіяў, Зьміцер называе «балядай няволі». Паводле ягоных словаў, гэта магутны пласт расейскага фальклёру, зь якога выйшаў сёньняшні блатняк, названы «расейскім шансонам», але гэта «абсалютна не адно і тое ж»

Някляеў: «Калыма. Варкута, ГУЛАГ увогуле, як для мяне Тайшэт, дзе я ў маладыя мае гады ўбачыў самы вялікі ў Савецкім Саюзе канцлягер, гэта ня назвы краіны, якая за межамі маёй біяграфіі, майго жыцьця, яны ў іх межах. Ва ўнутраным маім сьвеце. І з гэтым цяжка разьвітацца...»

На пачатку 1950-х асабліва вядомымі, прычым ня толькі ў лягерным асяродку, былі два творы, народжаныя ў ГУЛАГу: „Ванінскі порт“ і „Варкута-Ленінград«“. Яны сталі сапраўднымі трагічнымі гімнамі савецкіх рэпрэсаваных. Абедзьве песьні, напісаныя пасьля сканчэньня другой усясьветнай вайны, прыпісваліся цэламу шэрагу зьняволеных аўтараў, але сапраўднае аўтарства так і застаецца невядомым.

Шырокую папулярнасьць за межамі СССР «Ванінскі порт» набыў дзякуючы ўраджэнцы Кішынёва, музе скульптара Арыстыда Маёля, вядомай францускай натуршчыцы, галерыстцы, а таксама выканаўцы савецкіх блатных ды лягерных песьняў Дзіне Верні. У 1975 годзе ў Парыжы, выйшаў яе альбом «Chants des prisonniers sibériens d’aujourd’hui» («Песьні сібірскіх вязьняў»), які потым перавыдаваўся на кампакт-дыску. Верні сама зрабіла аранжыроўку твораў. Як вынікала зь яе інтэрвію, гэтыя песьні яна ўпершыню пачула некалькі гадоў раней у Расеі, куды прыяжджала як галерыстка. Тады многія мастакі запрашалі яе да сябе ў госьці. Падчас тых сустрэчаў пад гітару сьпяваліся многія турэмна-лягерныя творы, што было ня дзіўна – на той час у СССР, бадай, не было дому, дзе б хтосьці не сядзеў за кратамі. Паводле Дзіны Верні, калі яна запісвала альбом, яна думала пра ўсіх, хто прайшоў праз арышты, суды і гады зьняволеньня ў сталінскіх лягерах і сьпявала песьні так, як іх магла б пець толькі лягерніца.

У «Варкуце-Ленінград», чыя мэлёдыя запазычаная у больш раньняй блатной песьні «Дачка пракурора», гаворыцца пра ўцёкі зэкаў са сталінскіх лягераў сьмерці...

На пачатку нулявых песьня ўвайшла ў альбом «Піянэрскія блатныя песьні». Яго запісалі рок-музыкант Андрэй Макарэвіч, які, дарэчы, мае беларускія карані, ды вядомы джазіст Аляксей Казлоў. Гэта таленавіта стылізавана пад зэкаўскае выкананьне.

Някляеў: «У 1953-м, адразу пасьля сьмерці Сталіна, была першая амністыя, вялікая такая. І павыходзілі з турмаў, скажам так, на волю, хоць гэта не было воляй, вельмі шмат людзей. І гэтыя людзі паўплывалі, безумоўна, на разьвіцьцё жанру блатной турэмнай песьні. Не было цягніка, гэта я сам добра памятаю, дзе б па вагонах не ішоў нейкі чалавек з гармонікам і не сьпяваў жаласныя турэмныя песьні. Кожны, хто седзячы ў зоне, якая называлася Савецкім Саюзам, разумеў, што сёньня ён у цягніку, а заўтра ён ці за тое, што выказацца ня так ці сарве пару каласкоў на калгасным полі, можа апынуцца там, дзе сапраўдная турма. І гэта была нібы праекцыя на твой будучы лёс».

— Чаму на вашу думку песьні гэтыя так глыбока пранікалі ў самую душу савецкіх людзей, якія былі выхаваныя на зусім іншых ідэалягічных узорах і чаму там так моцна замацаваліся і цяпер...?

Някляеў: «Калі думаць пра тое, чаму гэтак моцна замацавалася, то трэба сказаць: уся гэтая ідэалёгія, кодэксы будаўніка камунізму, прамовы на партзьездах зьнесла даўно ветрам, але засталося тое, што паралельна стваралася ў тым часе. А там ствараліся кнігі, якія чытала ўся краіна, фільмы, музыка, якія глядзела і слухала ўся краіна. І ствараліся вось гэтыя песьні, якія былі як бы агульным лёсам людзей, якія ў гэтай краіне жылі. Вось базіс, на якім захоўваецца памяць пра тыя часы, часам настальгічная, бо калі ты ўспамінаеш, як ішоў па вагоне аднаногі чалавек і сьпяваў пра тое, што яму давялося ператрываць у сталінскім лягеры, то ў цябе не маглі не нагарнуцца сьлёзы спагады. І ты ў гэты момант быў чалавекам душэўным, шчырым, адкрытым І гэта вяртае тваю памяць у тыя часы, і ты сэнтымэнтальна думаеш: божа мой, як жа там усё гэта было, іначай, чым цяпер.

Так што, тое, што беларускі рэжым цяпер нічога ня робіць для стварэньня мастацтва, культуры, я тут ня маю на ўвазе блатныя песьні, гэта ня пойдзе яму на карысьць. Бяз гэтага базіса балбатня пра стабільнасьць і ўсё астатняе, якой займаецца лукашэнкаўская прапаганда, будзе зьмеценая першым ветрыкам. І нічога не застанецца. Ніякіх высілкаў не зрабіла гэтая дзяржава, каб стварыць нешта такое, за што людзей у гэтай уладзе можна было б згадаць добрым словам».

(працяг будзе)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG