Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія зэкі робяць ня толькі швэдзкую мэблю


А паскардзіцца на сваю рабскую працу зэкам няма каму.

Швэдзкая тэлекампанія SVT і нямецкая WDR, а таксама іншыя СМІ паведамілі, што канцэрн IKEA выкарыстоўваў працу зьняволеных з таталітарных краінаў.

Журналісты абвінавачваюць канцэрн у тым, што, вырабляючы такую папулярную сярод спажыўцоў, модную і параўнальна танную мэблю, прадпрымальнікі выкарыстоўвалі бясплатную працу вязьняў таталітарных краінаў, пры якой цалкам ігнаравалася тэхніка бясьпекі і ліміты працоўнага часу.

Паводле аўтараў, у 1970-1980-я такое практыкавалася ў ГДР, дзе найменей на 65 заводах на ІКЕА працавалі ўсходненямецкія асуджаныя, у тым ліку і палітычныя. Пасьля ж развалу ГДР канцэрн пачаў шукаць аналягічную працоўную сілу ў іншых дыктатарскіх краінах. Меркавалася, што вытворчасьць таннай швэдзкай мэблі пяройдзе ў Паўночную Карэю, аднак гэта не ўдалося. І тады працоўныя знайшліся ў Бірме (М’янме) ды Беларусі.

Пра тое, што беларускія асуджаныя працуюць ва ўмовах поўнага ігнараваньня працоўнага заканадаўства распавялі «Свабодзе» і самі беларускія вязьні.

«Асуджаныя збольшага ня ведаюць, на каго яны працуюць. Па сутнасьці гэта і не цікавіць іх», – напісаў у сваім камэнтары былы асуджаны Івацэвіцкай калёніі Зьміцер. Падчас свайго зьняволеньня ён некаторы час працаваў у майстэрні на дрэваапрацоўцы.

Паводле словаў Зьмітра, інфармацыя пра заказчыка найчасьцей вядомая, калі гэта сілавыя структуры, калі штосьці робіцца для РАУС, ГБ і г.д. У гэтым выпадку заказная офісная мэбля робіцца на сучасным абсталяваньні. У іншых – «абсталяваньне дрэнь і ўмовы працы дрэнь. Нажываюцца на гэтым, у першую чаргу, мянты. Менавіта яны забіраюць амаль усе грошы ці іншымі словамі вылічваюць іх у ЗК, пакідаючы тым капейкі», адзначае ў сваім допісу аўтар.

Адрозна ад Зьмітра іншы сядзелец калёніі Іван вызваліўся зусім нядаўна. Ён паведаміў пра працу ў аўтамабільных майстэрнях. Іван перадаў рэдакцыі фоты, зробленыя на гэтай вытворчасьці. Ён мяркуе, што сабраныя зэкамі-умельцамі літаральна зь нічога рарытэтныя аўтамабілі могуць зьявіцца на прэстыжным турніры Олдтаймэр-Ралі, які ўжо ў гэтым месяцы пройдзе ў Менску і куды зьедуцца калекцыянэры старых аўтамабіляў як зь Беларусі, так і з Расеі, Украіны, Нямеччыны, Фінляндыі, ЗША.

Іван кажа:

«Адміністрацыя так грошы адмывае. Бясплатная працоўная сіла. Пажадаў нейкі выгадны начальству заказчык зрабіць зь нічога добрую машыну. Афіцыйна на паперах пішуць дакладную дату і ўказваюць. Што трэба адрамантаваць нейкую драбязу. Афармляецца заказ дзесьці на 100-150 тысяч рублёў. А робяць на мільёнаў 25-30. Ад і да. Калі б за межамі зоны рарытэт рабілі, дык каштавала б сама меней 38 мільёнаў. Так чалавек мне сказаў, які гэта рабіў.

Ён суткамі працуе. Ад 8 раніцы да 10 вечара. Гадзіна на абед. Афіцыйна зьмена заканчваецца а 5 вечара. За сваю працу ён атрымлівае ад 5 да 15 тысяч рублёў у месяц. Апошнім разам ён атрымаў 35 тысяч – гэта ўжо шмат. Ён мне казаў, што разам з напарнікам яны мусілі хутка зрабіць тую машыну – усяго за чатыры ці шэсьць дзён. Таму суткамі не выходзілі з майстэрні, спалі гадзіны па дзьве. Але каго гэта хвалюе?».

Як сьведчыць Іван, у аўтамайстэрнях ёсьць яшчэ адна вытворчасьць акрамя рамонту – гэта нумары для расейскіх легкавых аўтамабіляў, таксама робяцца нумарныя знакі і для грузавікоў. Але гэта радзей.

«Там цэх па вытворчасьці левых нумароў. На Расею. Беларускіх няма. Толькі расейскія. Ня тое, што робіцца шмат. Пад заказ. Можа быць, 20 параў на дзень, можа больш – можа менш. Гэта адзін чалавек з зоны робіць. Ён умее гэта рабіць – чаканка-фарбаваньне. Гэта ўсё ён робіць з звычайнай бляхі».

«Скардзіцца на сваю рабскую працу зэкам няма каму», сьцьвярджае Іван.

«Яны суткамі вымушаныя пад машынамі сядзець. А гэта майстры – залатыя рукі. Што да адміністрацыі, то яна ўвесь час трымае іх пад страхам. Маўляў, мы табе патэлефанаваць дадому не дамо, мы цябе пазбавім спатканьня і г.д. Калі ЗК – сапраўды добры спэц, ён перш чым вызваліцца ўмоўна-датэрмінова з калёніі, мусіць знайсьці сабе замену. Не яны шукаюць, а ён. Калі замена задаволіць кіраўніцтва, тады ЗК могуць вызваліць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG