Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы тэракту ў Тунісе: беларускі турапэратар зьнізіў кошты на 20%


Ці напалохаў беларускіх турыстаў тэракт са шматлікімі ахвярамі, які адбыўся ў туніскім горадзе Сусе?

30 чэрвеня а 15:30 дня з аэрапорту «Менск-2» вылецеў чартэрны рэйс у Туніс, на якім у гэтую паўночнаафрыканскую краіну адправіліся дзеля адпачынку каля 100 турыстаў.

«У аэрапорт прыехалі журналісты, у тым ліку зь дзяржаўнага тэлебачаньня. А ўночы самалёт вяртаецца, прывязе адтуль турыстаў, якія ўжо адпачылі. Можаце сустрэць і распытаць, як і што», — запрасіў карэспандэнта Свабоды дырэктар турыстычнай кампаніі Be in travel Міхаіл Булгакаў.

Паводле суразмоўцы, усяго некалькі чалавек («каб палічыць, хопіць пальцаў адной рукі») адмовіліся ад паездкі ў Туніс згодна з аплачанымі раней пуцёўкамі. Апошняя інфармацыя з Тунісу пра тое, што паліцыя паабяцала ўзяць пад ахову кожны пляж, супакоіла турыстаў зь Беларусі, паведаміў Міхаіл Булгакаў.

Апэратар Be in travel адпраўляе сваіх кліентаў у раён гораду Хамамэт, што за дзьве сотні кілямэтраў ад Суса. «Там значна спакайней», — кажа пра сытуацыю на курорце Міхаіл Булгакаў. Паводле яго, праз 10 дзён у Туніс зь Менску паляціць чарговы чартэр, месцы ў якім раскупленыя ўжо больш як напалову. Гандаль працягваецца, тым больш што кошты зьменшаныя.

«Вось зараз на 10 ліпеня будзе чартэр, якраз дзяўчаткі мяняюць кошты. 20% зьніжка. Дзьве пуцёўкі на 12 дзён будуць каштаваць 1190 даляраў. Гэта палова цаны ад Чарнагорыі, ды тут яшчэ і сыстэма „ўсё ўключана“. Робім гэтак, каб зацікавіць тых, хто сумняваецца».

Туніскі курорт у мірны час, архіўнае фота

Туніскі курорт у мірны час, архіўнае фота

26 чэрвеня ў раёне гораду Суса здарыўся тэракт, ахвярамі якога сталі сама меней 38 чалавек, у асноўным турысты зь Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Бэльгіі ды іншых краін. Узброены тэрарыст здолеў пранікнуць на пляж гатэля «Імпэрыял Мархаба» і страляў у адпачывальнікаў, пакуль паліцыя яго не зьнішчыла. Адказнасьць за тэракт ужо ўзяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава Іраку і Леванту» (ІГІЛ). Як паведамляюць мэдыі, з Тунісу тысячамі выяжджаюць заходнеэўрапейскія турысты, баючыся новых тэрактаў. А беларусы, наадварот, едуць у Туніс насустрач небясьпецы. Розьніца ў мэнталітэце?

Экспэрт у турыстычнай галіне Лілія Кобзік кажа, што беларускія турысты даўно прызвычаіліся, што ў тым ці іншым месцы традыцыйных летніх адпачынкаў у арабскіх краінах здараюцца тэракты, і таму паводзяць сябе паводле прынцыпу «двойчы ў адзін акоп снарад не трапляе».

Нашы турысты прызвычаіліся, што празь некалькі дзён ужо ўсё нармальна і можна ляцець

«Там гадамі нешта адбываецца, бо там заўжды неспакойна. Толькі недзе адгрымела, турысты павярнуліся тварам да гэтага кірунку — дык зноў. У тым жа Тунісе некалькі гадоў таму была „арабская вясна“, у гэтым годзе — тэракт у музэі Бардо, цяпер вось тэракт у Сусе. І нашы турысты прызвычаіліся, што празь некалькі дзён ужо ўсё нармальна і можна ляцець. Бо кірункі ж выдатныя: адпачываць там прыемна, шмат хто туды лятае гадамі, усё там ведае. Вось чалавек і думае, што хоць і ёсьць пэўная небясьпека, але два разы снарад у адно месца не трапляе, а калі трапляе, дык гэта нейкі цуд. Такая чалавечая псыхалёгія. Дарэчы, гэткія ня толькі нашы людзі, шмат хто гэтак сябе паводзіць».

МЗС Беларусі ня выпусьціў папярэджаньня пра небясьпеку паездкі на адпачынак у Туніс. Ці азначае гэта, што сапраўды небясьпека мінулася?

Музэй Бардо пасьля тэракту, сакавік 2015

Музэй Бардо пасьля тэракту, сакавік 2015

Экспэрт Лілія Кобзік мяркуе, што адказ на гэтае пытаньне кожны беларускі турыст мусіць знаходзіць сам.

«Мы памятаем, як у сакавіку быў тэракт у Тунісе ў музэі. І тады кансалідатар кірунку — кампанія Be in travel зрабіла ўсё, каб супакоіць кліентаў. Звазілі туды журналістаў, паказалі, што ўсё спакойна, што кіраўніцтва краіны робіць усё, каб запэўніць гэтую бясьпеку. Але, як мы цяпер бачым, гэта проста немагчыма. Бо немагчыма забясьпечыць поўны кантроль над кожным пляжам, над кожным басэйнам, над кожным гатэлем. Наколькі я ведаю сытуацыю, нехта ад пуцёвак усё ж адмаўляецца, і такіх не адзінкі. Проста пакуль гэта цяжка адсачыць, бо мінула толькі некалькі дзён.

Немагчыма забясьпечыць поўны кантроль над кожным пляжам, над кожным басэйнам, над кожным гатэлем

Яшчэ варта зразумець, што звычайна турыстычнае лета на гэты час ужо зробленае, большасьць тураў на лета прадаецца яшчэ раньняй вясной. Але сёлета гэтак не адбылося, бо ў нас моцны татальны крызіс, туры вельмі цяжка распрадаваліся, а тут яшчэ і гэтыя тэракты. Мяркую, беларусы чакаюць, што нашы апэратары зьнізяць кошты, і яны іх сапраўды зьніжаюць. Таму перад беларусамі выбар: зьлётаць у адпачынак за кошты, якіх ніколі ня будзе, ці адмовіцца дзеля бясьпекі. Прычым праблема ня толькі ў бясьпецы як такой. Пагадзіцеся, усё ж непрыемна адпачываць у краіне, дзе нядаўна загінула столькі людзей. Але гэта як каму. На эўрапейцаў гэта больш узьдзейнічае, і іх нават нізкія кошты ў Туніс ня хутка вернуць».

Паводле Ліліі Кобзік, сытуацыя з турыстычнымі плынямі ў арабскія краіны традыцыйная. Марока застаецца кірункам багатага адпачынку, найбольш папулярным сярод беларускіх турыстаў застаецца Эгіпет, туды зь Менску рэгулярна лётае чартэр, хоць у сацыяльным пляне там таксама няўстойліва. А вось што да арабскіх краін Блізкага Ўсходу, дык там у турыстычнай галіне сытуацыя блізкая да катастрофы.

«У Сырыі, якая раней была досыць папулярная, ідзе сапраўдная вайна, і туды ніхто ня едзе. Ад ваенных дзеяньняў у рэгіёне значна пацярпеў турыстычны рынак суседняй Ярданіі, у якой зьявіліся дзясяткі тысяч уцекачоў», — адзначае экспэрт.

XS
SM
MD
LG