Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трывожную кнопку» ў ГЦ «Новая Эўропа» націснулі праз 8 хвілін пасьля зьяўленьня хлопца з бэнзапілой


Аховы ў ГЦ «Новая Эўропа» няма, а ёсьць толькі адміністратары. І закон гэта дазваляе.

«У нас няма аховы ў гандлёвым цэнтры ўвогуле. У нас толькі служба адміністраваньня. Адміністратары заляў выконваюць інструкцыю, якая ўзгодненая паміж нашай кампаніяй і кампаніяй-падрадчыкам. Наяўнасьць адміністратара аніяк не засьцерагае нас ад такіх выпадкаў, які здарыўся», — тлумачыць прадстаўніца адміністрацыі ГЦ «Новая Эўропа» Тацняа Леанідаўна.

Паводле яе словаў, адміністратары заляў — «такія ж людзі, як і мы з вамі», ніякіх адмысловых сродкаў бясьпекі ў іх няма, і яны дакладна выконвалі свае інструкцыі.

На бязьдзейнасьць аховы ГЦ «Новая Эўропа» пры трагедыі 8 кастрычніка, калі 17-гадовы малады чалавек напаў тут з бэнзапілой і сякерай на людзей, зьвярнуў увагу Сьледчы камітэт.

«Хачу падзякаваць нашым грамадзянам, — сказаў першы намесьнік старшыні СК Аляксей Волкаў. — Наведнікі гандлёвага цэнтру сапраўды ўзялі самы актыўны ўдзел у прадухіленьні ягоных дзеяньняў. І ён сам пра гэта кажа: яму не ўдалося зрабіць больш, бо яго ўвесь час перасьледавалі і ён быў вымушаны абараняцца».

Волкаў адзначыў, што ўсе пацярпелыя ў гандлёвым цэнтры — жанчыны. «Ён [нападнік] выбіраў жанчын, бо яны не маглі аказаць яму супраціў, а дзякуючы таму, што мужчыны чынілі актыўны супраціў, стала магчыма яго хутка затрымаць», — кажа Волкаў. А вось факт удзелу аховы гандлёвага цэнтру ў затрыманьні не пацьверджаны:

«Аналізуюцца відэазапісы з камэраў назіраньня, але супрацоўнікаў аховы мы чамусьці там не пабачылі», — сказаў прадстаўнік СК.

Арганізацыю аховы абʼектаў у Беларусі рэгулюе прэзыдэнцкі ўказ ад 25.10.2007 № 534 «Аб мерах па ўдасканаленьні ахоўнай дзейнасьці». Ён утрымлівае пералік абʼектаў, якія павінны ахоўвацца. Гэта дзяржаўныя ўстановы, будынкі судоў, банкаў і іншыя — агулам 19 пунктаў. Гандлёвых цэнтраў сярод іх няма.

«Мы замоўцу (ГЦ „Новая Эўропа“) прапаноўвалі арганізаваць ахову, але яны ў дадзеным выпадку абмежаваліся тым, што ўсталявалі трывожную кнопку», — кажа падпалкоўнік міліцыі з Дэпартамэнту аховы МУС Дзьмітры Дарашчук.

Мы замоўцу прапаноўвалі арганізаваць ахову, але яны ў дадзеным выпадку абмежаваліся тым, што ўсталявалі трывожную кнопку

Па законе ў адміністрацыі ГЦ «Новая Эўропа» такое права ёсьць.

«У дачыненьні да стварэньня ўласнай аховы тых абʼектаў, якія не ахоўвае дэпартамэнт аховы, гэта ўласная справа юрыдычнай асобы. Пры такім жаданьні такая асоба абавязаная атрымаць ліцэнзію», — тлумачыць Дарашчук.

«Дакумэнта, які абавязаў нас забясьпечыць наяўнасьць пастаяннай аховы на гандлёвым цэнтры, проста няма», — кажа Тацяна Леанідаўна. Пры гэтым прадстаўніца адміністрацыі сьцьвярджае, што «супрацоўнік на камэрах відэаназіраньня знаходзіцца кругласуткава». У тым самым памяшканьні відэаназіраньня знаходзіцца і трывожная кнопка, а ў супрацоўнікаў-адміністратараў на залях ёсьць рацыі.

«Трывожная кнопка сапраўды ў гэтым цэнтры ёсьць. Але яна адна на ўвесь гандлёвы цэнтар і знаходзіцца ў службовым памяшканьні каля цэнтральнага ўваходу. Усе падзеі адбываліся зь левага тарца, — кажа падпалкоўнік Дарашчук. — Першапачаткова званкі ад грамадзянаў сталі паступаць менавіта па тэлефоннай сувязі».

Па інфармацыі Дэпартамэнту аховы, трывожную кнопку ў ГЦ націснулі ў 17:28. Раней Сьледчы камітэт заявіў, што хлопец увайшоў у гандлёвы цэнтар прыблізна ў 17:20 з ужо заведзенай бэнзапілой.

«Нарад прыбыў да абʼекта за 4 хвіліны, — кажа Дарашчук. — Але падазраваны ўжо быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў».

Яшчэ адну трывожную кнопку націснулі ў краме «Швайцарскія гадзіньнікі» (гэтая крама заключыла асобную дамову на «трывожную кнопку»), каля якой адбываліся падзеі.

Тацяна Леанідаўна адмаўляецца камэнтаваць, чаму трывожную кнопку націснулі не адразу. Кажа, што храналёгію падзеяў яшчэ трэба дакладна ўзнавіць. Сама яна была ў момант здарэньня ў цэнтры са сваімі дзецьмі.

«Для мяне гэта былі не хвіліны, а гадзіны», — кажа яна.

«Нашы супрацоўнікі прыбываюць узброеныя, экіпіраваныя, са сродкамі індывідуальнай аховы — бронекамізэлька, каска, усё ў іх пры сабе», — кажа Дарашчук.

Але нават калі гандлёвы цэнтар атрымае ліцэнзію на ахову, то патэнцыйныя супрацоўнікі ўзброеныя ня будуць. Пералік абʼектаў, якія могуць мець ваенізаваную ахову, таксама рэглямэнтаваны ўказам № 534.

«Усе іншыя, хто мае ліцэнзію, ажыцьцяўляюць ахову бяз зброі і без асабістага надгляду. Прымяняць фізычную сілу яны маюць права», — кажа падпалкоўнік Дарашчук.

Паводле яго, атрымаць ліцэнзію на ахову зусім ня цяжка. Такія ліцэнзіі маюць многія гандлёвыя цэнтры. Пасты міліцыі ёсьць у такіх папулярных гандлёвых цэнтрах, як «Карона» і «Экспабел».

Прадстаўніца адміністрацыі ГЦ «Новая Эўропа» Тацяна Леанідаўна запэўнівае, што пытаньні аховы будуць абавязкова перагледжаныя.

XS
SM
MD
LG