Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта журналістам агучваць прозьвішча 17-гадовага нападніка з бэнзапілой?


Гандлёвы цэнтар "Эўропа", падчас затрыманьня нападніка
Гандлёвы цэнтар "Эўропа", падчас затрыманьня нападніка

Трагічны выпадак у ГЦ «Эўропа», падчас якога непаўналетні студэнт адной зь менскіх ВНУ напаў на людзей, у выніку чаго загінула жанчына, выклікаў дыскусію наконт таго, ці маюць права журналісты называць поўнае імя і прозьвішча падазраванага.

Поўнае імя, як і тое, у якой ВНУ і на якім факультэце вучыўся падазраваны, стала вядома раніцай 10 кастрычніка ў выніку журналісцкага расьсьледаваньня. Агучыўшы імя і прозьвішча, на наступны дзень некаторыя рэдакцыі прынялі рашэньне скараціць прозьвішча, пакінуўшы толькі першую літару.

Свабода высьветліла, ці зьяўляецца парушэньнем юрыдычных і маральных нормаў агучваньне ў журналісцкіх матэрыялах поўнага імя і прозьвішча затрыманага па падазрэньні ў злачынстве.

Юрыст Валянцін Стэфановіч: У агучваньні прозьвішча парушэньня таямніцы прыватнага жыцьця няма

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Імя і прозьвішча можна называць, гэта не зьяўляецца інфармацыяй, якая ўяўляе сабой таямніцу асабістага жыцьця. Але трэба вельмі дакладна выбіраць фармулёўкі і казаць пра гэтага чалавека як пра „затрыманага па падазрэньні“. Таму што ёсьць прэзумпцыя невінаватасьці, віна гэтага чалавека яшчэ не даказаная ў судзе, яму нават не прад’яўлена абвінавачаньне.

Што зьяўляецца таямніцай прыватнага жыцьця, дык гэта зьвесткі пра стан здароўя чалавека. Таму агучваньне дыягназаў, называньне ўстаноў, дзе чалавек лячыўся, недапушчальнае. Нават калі ў судах зачытваюць характарыстыкі, зьвязаныя са станам здароўем, усіх прысутных просяць выйсьці.

Іншая дэталь — фатаздымак, які зьявіўся ў інтэрнэце. Хоць няцяжка здагадацца, якім чынам гэта адбылося, публікаваць у СМІ яго варта было толькі ў зарэтушаваным выглядзе. Зрэшты, беларускім законам гэта не агаворваецца, таму кожная рэдакцыя вырашае сама.

Што да ўзросту, то тут гэта ня мае значэньня. Тым больш што адказнасьць за такое злачынства, у якім падазраюць затрыманага, пачынаецца з 14 гадоў».

Мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі: «Трэба абмежавацца ініцыяламі і не распальваць жорсткасьць»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«З аднаго боку, ужо позна нешта мяняць, бо прозьвішча ўжо агучанае ў публічнай прасторы і джына назад у пляшку не загоніш. Але лепей позна, чым ніколі, і варта па гарачых сьлядах прааналізаваць этычныя ўрокі гэтай яшчэ далёка не завершанай гісторыі. Што кідаецца ў вочы адразу? Тое, што ў шэрагу загалоўкаў зьявіўся безапэляцыйны абвінаваўчы ўхіл, пачалі выкарыстоўваць слова «забойца». Гэта змрочная савецкая спадчына, калі яшчэ да суду людзей абвяшчалі «ворагамі народу» і заклікалі «расстраляць, як шалёных сабак». На жаль, нават людзі зь беларускай праваахоўнай сыстэмы таксама часта грашаць такім абвінаваўчым ухілам — і гэта ідзе ад таго часу, калі савецкія партыйныя функцыянэры казалі, што «ў нас дарэмна ня садзяць». Таму першы ўрок для мэдыя — нельга дапускаць абвінаваўчага ўхілу, таму што, паводле закону, толькі суд можа абвясьціць асобу вінаватай.

Увогуле, журналіст, як і доктар, мусіць трымацца прынцыпу «не нашкодзь». І тут лепей перастрахавацца, нават калі юрысты кажуць, што фармальна парушэньня ў абнародаваньні прозьвішча няма. Я б абмяжоўваўся ініцыялам. Асабліва з улікам таго, што яшчэ не сфармавана абвінавачваньне, што яшчэ далёка да суду, што гэта непаўналетні чалавек, што ў яго ёсьць сваякі, што ў яго неадназначныя акалічнасьці лёсу і праблемы з псыхічным здароўем. Таму журналісты павінны адчуваць адказнасьць за фармаваньне грамадзкай думкі, каб яна не грунтавалася на безапэляцыйнай жорсткасьці. Трэба пазьбягаць распальваньня нізкіх інстынктаў, як тое практыкавалася ў дачыненьні да «ворагаў народу».

Прэс-сакратар Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова: Сьледчыя ведаюць прозьвішча, але пакуль яго нельга агучыць

«Сьледзтву вядома ўсё, на тое яно і сьледзтва. Усю магчымую на цяперашнi момант iнфармацыю мы агучылi, прозьвішча пакуль не называем. Мы, безумоўна, разумеем агульны iнтарэс, але трэба даць магчымасьць сьледчым працаваць належным чынам. Як толькі зьявіцца новая інфармацыя, якую Сьледчы камітэт будзе гатовы агучыць, мы гэта зробім».

***

У Польшчы СМІ ня маюць права паведамляць прозьвішчы падазраваных у крымінальным злачынстве да вынясеньня пракуратурай афіцыйнага абвінавачаньня. У 2006 годзе суд нават абавязаў адну з польскіх газэт выплаціць кампэнсацыю ў памеры 7 тысяч даляраў герою артыкулу, імя каторага было незаконна названае ў кантэксьце падазрэньня зьдзяйсьненьня злачынства.

У Вялікай Брытаніі аналягічны законапраект спрабавалі правесьці ў парлямэнце дэпутаты ад Кансэрватыўнай партыі, аднак такі законапраект не здабыў падтрымкі большасьці.

У Расеі закон забараняе агалошваць у СМІ інфармацыю, якая тычыцца непаўналетніх і асобаў, якія пацярпелі ад злачынстваў супраць палавой недатыкальнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG