Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Вайна ўжо ідзе за розум у нашых галовах» — тры гісторыі пра тое, як «рускі мір» пасварыў сяброў


Юры Казакевіч

Юры Казакевіч

Вайна ва Ўкраіне і пашырэньне ідэяў «рускага міру» наклала адбітак на адносіны паміж беларусамі і расейцамі, якія раней сябравалі, мелі сумеснае хобі. З-за ідэйных перакананьняў сябры мусяць перапыняць свае кантакты.

Свабода прапануе гісторыі трох жыхароў Берасьцейшчыны, якія расказалі пра складаны пэрыяд у сваіх адносінах з расейскімі сябрамі.

Баранавіцкі аўтааматар Юрый Казакевіч: «Паміж намі мяжа сьветаўспрыманьня, якую немагчыма пераадолець»

«Сем год таму я прыйшоў у міжнародны клюб аматараў амэрыканскіх аўтамабіляў. Ён ужо існаваў гады тры-чатыры і быў самым масавым на постсавецкай прасторы.

Часьцей кантакты мы падтрымлівалі праз інтэрнэт. Дзякуючы агульным інтарэсам, агульнай справе, многіх грамадзянаў з суседняй усходняй краіны зь цягам часу я пачаў успрымаць менавіта як сяброў. Але цяпер гэтага ўжо няма — колькасьць тых людзей, якіх сёньня мог бы назваць сябрамі, зьменшылася, а з астатнімі пастанавіў не падтрымліваць кантактаў, бо баюся расчаравацца.

Я і раней лічыў, што Беларусь і Расея — два розныя сьветы, зусім розныя краіны, паводле ладу, вобразу жыцьця і мэнталітэту. У пляне палітычным упершыню сутыкнуўся з так званым «рускім мірам» у 2010 годзе. Быў у Маскве якраз у час сьвяткаваньня 65-годзьдзя заканчэньня вайны. І мне вельмі моцна драла вочы, што каля Крамля снуе безьліч аўтаў з налепкамі «На Бэрлін». У гэтым адчуваўся выклік і агрэсія. Усё гэта зьмешвалася і з недарэчнасьцю, бо гэтыя надпісы магла бачыць і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, якая ў той час мела яшчэ добрыя стасункі з кіраўніцтвам Крамля і была з афіцыйным візытам у Маскве.

Непаразуменьні з маімі сябрамі пачалі ўзьнікаць пад канец 2013 году. Безумоўна, гэта было зьвязана з падзеямі ва Ўкраіне. Майдан стаў адной з самых гучных тэмаў, якія абмяркоўвалі ў інтэрнэце. На форуме аўтаклюбу ў тым ліку.

Але меркаваньні маіх сяброў з Расеі катэгарычна разышліся з маімі думкамі. Падзеі ў Кіеве я ацэньваў як народную рэвалюцыю супраць карупцыі, жаданьне людзей жыць у Эўрапейскай краіне з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. А гэта якраз тое, чаго я жадаю і для Беларусі. Але з Расеі гучалі перакананьні, што на самай справе грамадзкі ўздым украінцаў аплочаны Захадам. На мае словы, што немагчыма заплаціць мільёну грамадзянаў, каб тыя выйшлі на вуліцу ў мароз, прагучалі толькі зьедлівыя кпіны.

І гэта мне казалі тыя асобы, якіх я лічыў прыяцелямі, сябрамі, альбо проста прыстойнымі людзьмі.

Камэнтары раптам сталі агрэсіўнымі, што мне раней проста немагчыма было нават ўявіць. Канечне, я зрабіў пэўныя высновы, але ў палеміку вырашыў не ўступаць. Бачыў на форуме спробы ўкраінцаў выказаць супрацьлеглае меркаваньне ад пракрамлёўскага, але ў выніку міжнародны аўтаклюб фактычна перастае існаваць.

Калі-нікалі тыя людзі, зь якімі мне раней даводзілася шчыльна камунікаваць, пішуць, што я далей застаюся ў кіраўніцтве клюбу, і мой акаўнт на форуме актыўны. Але, шчыра скажу, што ня маю жаданьня нават заходзіць туды. Я проста перастаў падтрымліваць дыялёг.

Разрыў сяброўства — гэта таксама стрэс. Некалькі месяцаў моцна перажываў, але цудоўна разумею, што паміж намі мяжа сьветаўспрыманьня, якую немагчыма пераадолець. Яны таксама гэта разумеюць. Разумеюць таксама і тое, што былое сяброўства ўжо перастала існаваць. Але ўсё-такі дзесьці глыбока ў нас ёсьць надзея, што зь цягам часу мы зможам зноў мець адносіны, толькі на іншай плятформе нацыянальнай самасьвядомасьці — маёй і іхняй.

Былы афіцэр вайскова-марскога флёту зь Пінску Павал Ляхновіч: «Некалі гэтыя людзі адназначна працьверазеюць у сваіх поглядах»

Павал Ляхновіч у часе практыкі ў марской вучэльні

Павал Ляхновіч у часе практыкі ў марской вучэльні

Мая служба на флёце дзеліцца на 3 часткі — вайсковая марская вучэльня (5 год), потым 10 гадоў на караблях Паўночнага флёту, і апошнія 4 гады — у Пінску ў вучэбным атрадзе. Брацкія адносіны склаліся з курсантамі з вучэльні і асабліва з маім першым экіпажам на падводнай лодцы.

Калі разьвіўся інтэрнэт, то адзін аднаго пазнаходзілі, цікавіліся жыцьцём сяброў, зь якімі разам служылі.

У Піцеры амаль штогод арганізоўвалі нават сустрэчы былых калегаў. Я, праўда, аднойчы быў на такой сустрэчы ў 2012 годзе. Даўно ня бачыліся, прыгадвалі розныя сытуацыі з часоў службы, як гарэлі ў 1981 годзе, успаміналі ўсялякія сьмешныя выпадкі. Гэта быў такі вечар успамінаў.

Пры той сустрэчы адзін з афіцэраў сказаў, што, маўляў, «хутка ваша Беларусь нашай будзе». Гэта быў 2012 год. Нешта, мабыць, ведаў ужо...

Павал Ляхновіч

Павал Ляхновіч

Я сябраваў з адным афіцэрам, мы часам марылі, як у адпачынку пойдзем, на якім-небудзь плыце ў водны паход па нашых рэках. Я тады ўжо ў Пінску служыў, а ён у Расеі. І аднойчы ён прыехаў да нас, набылі байдарку і прайшліся па Нёмане.

Гэты хлопец тады ўвесь час хваліўся, як яны будуць захопліваць Украіну — пачнуць з Крыму... Маўляў, «парвем „хахлоў“ як Тузік грэлку»...

Я думаў, што чалавек трохі заліў за каўнер і пачынае маячыць. Аж аказалася, што празь некалькі гадоў усё гэта, адбылося ва Ўкраіне ў рэальнасьці.

А наконт сяброўства — яно з былымі калегамі было найперш праз сацыяльныя сеткі, мэйлы.

Але апошнім часам пачалі вінаваціць мяне ў фашызьме. Прытым, мой аднаклясьнік з вучылішча, які мае падобнае да беларускага прозьвішча, усё казаў: «Ой, Паша стаў фашыстам».

Павал Ляхновіч (зьлева) з афіцэрамі ў кают-кампаніі падводнай лодкі К-424

Павал Ляхновіч (зьлева) з афіцэрамі ў кают-кампаніі падводнай лодкі К-424

Я гэтых людзей люблю, яны мне як браты. І вельмі было непрыемна і балюча расчароўвацца, калі я бачыў у іх такія імпэрскія погляды. Карацей, я адчуваў, што могуць пачацца такія спрэчкі, і вырашыў з аднымі абыходзіць такія тэмы, а зь іншымі — прыпыніў адносіны.

Некалі гэтыя людзі адназначна працьверазеюць у сваіх поглядах. Гэта паказвае сусьветны досьвед, у тым ліку, досьвед з германскім нацыянал-сацыялізмам. Было ж усё рыхтык, як цяпер у Расеі адбываецца.

Варта дадаць, што сярод былых «аднапалчанаў» ёсьць і людзі з антыімпэрскімі поглядамі, якія асуджаюць захопніцкі напад Расеі на Ўкраіну. Зь імі, натуральна, сябрую вельмі актыўна.

Геймэр зь Берасьця Алесь: «„Рускі мір“ ня лічыцца ні зь якімі меркаваньнямі»

Палову дзесяцігодзьдзя гуляўся ў старую стратэгічную гульню паводле матываў Другой сусьветнай вайны. Гульня створаная расейцамі, большасьць геймэраў там з постсавецкіх краінаў, пераважна Расеі, Украіны, Казахстану. У гульні ёсьць чаты для размоваў паміж рознымі яе ўдзельнікамі. Людзі знаёмяцца, абмяркоўваюць ня толькі гульнявы працэс.

Праз гульню завёў шмат сяброў ва Ўкраіне, у Расеі (у якой ніколі ў жыцьці ня быў) ды іншых краінах. З многімі сябрую ў сацыяльных сетках, некаторыя нават дапамагалі ў працоўнай дзейнасьці.

Звычайна раз на год «у рэальным сьвеце» адбываюцца «сходкі» фанатаў гульні, на якую прыяжджаюць гульцы з розных краінаў, каб цікава правесьці час і бліжэй пазнаёміцца. Такія сустрэчы адбываліся і ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Менску.

Раней людзі з розных краін маглі вольна расказаць адзін пра аднаго нацыянальныя жарты, анэкдоты ды разам пасьмяяцца. Але цяпер усе гэтыя цёплыя адносіны забраў «рускі мір».

Фактычна, «рускі мір» забраў многіх маіх сяброў.

Яшчэ да падзеяў Майдану, у 2012 годзе, у гульні быў зарэгістраваўся нейкі дзівак. Ён завальваў чат аднатыповымі сказамі кшталту «Слава Русі і сьвятому Пуціну! Хахлы, вярніце Крым!» З гэтага пэрсанажа тады ўсе сьмяяліся, ніхто там надта ня крыўдзіўся з украінцаў, а адміністратары гульні спачатку часова банілі яго (зачынялі доступ да ліставаньня ў чаце), а потым і зусім ліквідавалі яго акаўнт.

Дык вось, тое, з чаго ў 2012 годзе мы ўсе сьмяяліся, і нават гаспадары забаўкі не жадалі трываць, раптам стала ня сьмешным у 2014 годзе.

Ужо ў часе Майдану ў чаце распаліліся сваркі паміж расейскімі і ўкраінскімі гульцамі. Была процьма абразаў, многія геймэры пакінулі гульню ўвогуле.

Адміністратары ж выдалі на форуме адмысловы «указ аб русафобіі», паводле якога былі ўведзеныя пакараньні «за русафобскія выказваньні ў чаце і на форуме гульні.» Фармальна, у тым указе дэкляравалася, што гульня — ня месца для палітычных дыскусій, але фактычна, адміністратары гульні накладаюць санкцыі толькі на тых, хто выказваецца на карысьць Украіны.

Расейцы ж беспакарана працягваюць пісаць абразы на адрас украінцаў кшталту «Кіеўская хунта», «фашысты», «бандэраўцы», «укропы» і гэтак далей...

Скрыншот «указу аб русафобіі» зь віртуальнай гульні

Скрыншот «указу аб русафобіі» зь віртуальнай гульні

На пачатку вайны на Ўсходзе Ўкраіны мне давялося пакінуць маё гульнявое «падразьдзяленьне», з-за жорсткіх канфліктаў з тамтэйшымі расейцамі. Выявілася, што нават двое прыяцеляў-расейцаў, зь якімі раней разам гуляліся, зьехалі ваяваць наймітамі ў рэальныя падразьдзяленьні на баку сэпаратыстаў Данбасу.

Ня могучы трываць усяго гэтага, я кінуў гуляць у гэтым праекце, найперш з ідэйных перакананьняў. У мяне засталіся некаторыя сябры, асабліва шмат украінцаў. Хаця і некаторыя прыяцелі-расейцы захавалі прыкметы розуму, таму кантакты падтрымліваем, але з многімі давялося разьвітацца і ў сацыяльных сетках.

Магу зрабіць выснову, што вайна ідзе ня толькі ў Данбасе. Яна ідзе і ў Беларусі, і ў Казахстане, і ў іншых краінах, дзе вядзе наступ «рускі мір», які ня лічыцца ні зь якімі меркаваньнямі. Вайна ўжо ідзе за розум у нашых галовах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG