Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудзецца ў ЗША электаральная рэвалюцыя?


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

У прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША рэй вядуць «нестандартныя», не тыповыя для амэрыканскага палітычнага жыцьця кандыдаты. І варта пачаць з самага пазасыстэмнага — Дональда Трампа, які ўварваўся ў кампанію, ламаючы ўсе папярэднія прыкідкі і разьлікі.

У адным тэлесюжэце пра Трампа можна было назіраць некаторых ягоных прыхільнікаў са значкамі з надпісам — Finally someone with balls («нарэшце хтосьці зь яйцамі»).

Сярод «зашпіленых на ўсе гузікі» патэнцыйных кандыдатаў ад Рэспубліканскай партыі ён адразу вылучыўся як нешта незвычайнае, арыгінальнае, непаліткарэктнае.

У прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША рэй вядуць «нестандартныя», не тыповыя для амэрыканскага палітычнага жыцьця кандыдаты. І варта пачаць з самага пазасыстэмнага — Дональда Трампа, які ўварваўся ў кампанію, ламаючы ўсе папярэднія прыкідкі і разьлікі. Сярод «зашпіленых на ўсе гузікі» патэнцыйных кандыдатаў ад Рэспубліканскай партыі ён адразу вылучыўся як нешта незвычайнае, арыгінальнае, непаліткарэктнае. Ніколі ня быў прафэсійным палітыкам, не выбіраўся ў кангрэс — «мінус», які сам Трамп ператварае ў свой галоўны «плюс». Мільярдэр, які некалькі разоў быў банкрутам, заўсёднік тэлешоў, сам уласьнік рэаліці-шоў «Кандыдат», «outspoken» (перакладзем як «шчыры і непасрэдны ў выказваньнях»), аматар рэсьлінгу, граў ролі самога сябе ў некалькіх фільмах, тры маладыя жонкі (не адразу, а па чарзе:), пяцёра дзяцей.

Пачаў кампанію з таго, што ўзьеўся на ўлюбёнца дэмакратычнай Беларусі сэнатара Маккейна, які, як вядома, быў у віетнамскім палоне. «Чаму ён герой? Таму што быў у палоне? Героі — гэта тыя, хто не трапляе ў палон», — сказаў Трамп.

Трамп гаварыў усе самыя абуральныя і непаліткарэктныя рэчы, якія, здавалася б, павінны былі адвярнуць ад яго шырокія амэрыканскія масы. Не адвярнулі.

Потым выказаўся пра мэксыканскіх мігрантаў, сярод якіх, паводле Трампа, поўна гультаёў, «гвалтаўнікоў і забойцаў». Потым увогуле заявіў, што ў Амэрыку ня варта пускаць мусульманаў. Карацей, гаварыў усе самыя абуральныя і непаліткарэктныя рэчы, якія, здавалася б, павінны былі адвярнуць ад яго шырокія амэрыканскія масы. Не адвярнулі.

Пачынаючы ад ліпеня, калі «чокнуты мільярдэр» уварваўся ў выбарчую кампанію, я чытаў дзясяткі артыкулаў на тэму, чаму фэномэн Трампа — гэта часовая зьява і як хутка гэтая бурбалка зьдзьмецца. Тады фаварытам у рэспубліканцаў адназначна лічылі Джэба Буша, малодшага брата былога прэзыдэнта ЗША, якога сёньня як фаварыта ніхто ўжо не ўспамінае. Але сёньня тон некаторых артыкулаў у амэрыканскай прэсе зусім іншы — «Чаму Трамп сапраўды можа перамагчы і чаму мяне гэта палохае».

Падтрымліваючы Трампа, многія амэрыканцы тым самым пратэстуюць супраць палітычных правілаў і ўмоўнасьцяў, супраць прынятай у грамадзтве паліткарэктнасьці.

Як выглядае, сакрэт посьпеху Трампа (прынамсі, да гэтага моманту) — сярод іншага, у ягонай антысыстэмнасьці, сьвядомым проціпастаўленьні сябе істэблішмэнту рэспубліканскай партыі. Трамп любіць падкрэсьліваць сваю самастойнасьць і фінансавую незалежнасьць ад спонсараў і партыйнай бюракратыі. Яму непатрэбныя нічые грошы, ён не залежыць ад партыйных спонсараў — кажуць звычайныя амэрыканцы сацыёлягам, якія спрабуюць разгадаць сакрэт Трампа. Падтрымліваючы Трампа, многія амэрыканцы тым самым пратэстуюць супраць палітычных правілаў і ўмоўнасьцяў, супраць прынятай у грамадзтве паліткарэктнасьці. У Твітэры кандыдата людзі пішуць яму, што гатовыя ўпершыню ў жыцьці прыйсьці галасаваць. Некаторыя кажуць карэспандэнтам, што для іх альтэрнатыва відавочная — альбо Трамп, альбо няўдзел у выбарах. У адным тэлесюжэце пра Трампа я пабачыў, як ягоныя прыхільнікі носяць значкі з надпісам — Finally someone with balls («нарэшце хтосьці зь яйцамі»).

Дарэчы, на другім месцы па папулярнасьці ў рэспубліканцаў доўгі час знаходзіўся ня менш парадаксальны для гэтай партыі кандыдат — вядомы чарнаскуры нэўрахірург Бэн Карсан, які, са свайго боку, таксама надта не пераймаецца паліткарэктнасьцю. Напрыклад, неяк ён заявіў пра праграму рэформаў аховы здароўя, прапанаваную Баракам Абамам, што «гэта найгоршае, што адбылося ў нашай краіне з часоў рабства».

Ня менш парадаксальныя працэсы адбываюцца і ў дэмакратаў. Яшчэ летам, на пачатку кампаніі, усё выглядала відавочным і перадвырашаным: безальтэрнатыўны фаварыт на намінацыю ад партыі — былая дзяржсакратар і жонка былога прэзыдэнта Гілары Клінтан.

Кандыдат, які прэзэнтуе самы левы, дагэтуль фактычна маргінальны флянг дэмакратаў — на сёньня ідзе нароўні з кандыдаткай, якая мае палітычны вопыт, падтрымку Галівуда, шоў-бізнэсу і кіраўніцтва партыі.

Таму вынікі першых кокусаў — у Аёве — назіральнікі ўжо называюць катастрофай для Гілары. Фактычна роўную зь ёй колькасьць галасоў набраў сэнатар Бэрні Сандэрс, які называе сябе прагрэсіўным сацыялістам — посьпех, які было немагчыма ўявіць у Амэрыцы яшчэ 10–20 гадоў таму. Кандыдат, які прэзэнтуе самы левы, дагэтуль фактычна маргінальны флянг дэмакратаў — на сёньня ідзе нароўні з кандыдаткай, якая мае палітычны вопыт, падтрымку Галівуда, шоў-бізнэсу і кіраўніцтва партыі. Праблема Гілары ў тым, што яна не выклікае вялікага захапленьня ў дэмакратычнага электарату — як сьведчаць сацыёлягі, шмат хто з выбарцаў ня лічыць яе вартай даверу (truthworthy) і быў гатовы галасаваць за яе паводле прынцыпу «а хто ж яшчэ». Цяпер альтэрнатыва ў асобе Сандэрса зьявілася.

Тэндэнцыі на абодвух полюсах амэрыканскай палітыкі сьведчаць, што адбываецца выпаданьне, правальваньне цэнтрысцкіх кандыдатаў — з абодвух бакоў папулярнасьць набываюць крайнія пункты гледжаньня, якія яшчэ нядаўна лічыліся маргінальнымі. Амэрыканскія аналітыкі тлумачаць гэты трэнд зьмяншэньнем сярэдняй клясы ў выніку эканамічнага крызісу, які пачаўся ў 2008 годзе, нездавальненьнем многіх «простых амэрыканцаў» зьніжэньнем ролі ЗША ў сьвеце (як яны гэта ўспрымаюць). «Трамп зьвяртаецца да цёмнага боку людзкой натуры, — кажа ў эфіры CNN адзін з рэспубліканскіх паліттэхнолягаў. — Ён нестабільны, небясьпечны чалавек».

Мяркую, у сувязі з Трампам у многіх беларусаў непазьбежна ўзьнікнуць паралелі з кандыдатам Лукашэнкам у 1994 годзе — немагчыма ня ўбачыць пэўныя падабенствы ў палітычнай рыторыцы, проціпастаўленьне сябе палітычным элітам («я ня з правымі, ня зь левымі, я з народам»), аднаасобную прэтэнзію на выказваньне поглядаў простых людзей.

Трамп — гэта выклік амэрыканскай палітычнай сыстэме, якога яна, бадай, даўно (а магчыма, і ніколі) ня бачыла.

Трамп — гэта выклік амэрыканскай палітычнай сыстэме, якога яна, бадай, даўно (а магчыма, і ніколі) ня бачыла. Вядома, кожная прэзыдэнцкая кампанія ўнікальная — але гэтая, здаецца, б’е ўсе рэкорды нестандартнасьці.

І, дарэчы, мой прагноз — 9 лютага Клінтан прайграе Сандэрсу наступны штат, Нью-Гэмпшыр. А Трамп выйграе яго з даволі істотнай перавагай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG