Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое сутак арышту — чарговае пакараньне за «фатасэсію з птушкамі і клеткамі»


Пётар Бярлінаў
Пётар Бярлінаў

У Чыгуначным райсудзе Віцебску працягваюцца працэсы над удзельнікамі фатасэсіі на фоне графіці, намаляванага на сьцяне зачыненага на рэканструкцыю раённага Дома культуры. На малюнку невядомага мастака — тры клеткі, зь якіх вылятае на волю птушка, зробленая з газэты. Фатаздымкі віцебскіх журналістаў і актывістаў, зробленыя ў гэтым месцы, віцебская міліцыя расцаніла як несанкцыянаванае пікетаваньне. Пяці ўдзельнікам фатасэсіі ўжо прысуджаныя штрафы, агульная сума якіх сягае пад паўтары тысячы даляраў.

Фатаздымкі, разьмешчаныя ў інтэрнэце, на якіх некалькі чалавек трымаюць у руках выразаныя з паперы клеткі і птушак-арыгамі, зробленых з газэты, сталі для віцебскіх міліцыянтаў галоўным доказам правапарушэньня.

Пётар Бярлінаў, справу якога сёньня разьбіраў Чыгуначны райсуд, быў адзіным, хто не спрабаваў патлумачыць судзьдзі Алене Цыганковай, што мэты ўдзелу ў фатасэсіі былі выключна мастацкія. На судах, што прайшлі 28 лістапада і 1 сьнежня, актывісты і журналісты цьвердзілі: вырашылі сфатаграфавацца, працягнуўшы ідэю невядомага мастака-графіціста, які намаляваў клеткі і птушак. А спадар Бярлінаў увогуле адмовіўся даваць тлумачэньні судзьдзі Алене Цыганковай, спаслаўшыся на 27-мы артыкул Канстытуцыі, які дае права ня сьведчыць сабе на шкоду.

Пазьней, ужо ў прыватных гутарках, ён прызнаўся: да ўдзельнікаў фатасэсіі падышоў, бо ўбачыў журналістаў, зь якімі даўно хацеў пазнаёміцца. А яшчэ — спадабалася сама ідэя сфатаграфавацца побач з графіці, гаворыць Пётар Бярлінаў:

«Я быў выпадковы чалавек спаміж іншых. Дэталёва ня ведаў, што адбываецца, але ўбачыў: фатаграфуюцца людзі, там карэспандэнты, усе прыстойна апранутыя, прыгожа размаўляюць па-беларуску, у іх птушкі. Вырашыў, што не падтрымаць — нельга. Нічога ж там супрацьпраўнага не адбывалася. Мы ж ня з палкамі кідаліся на людзей, нічога не крычалі, не патрабавалі... Больш за тое: супрацьпраўныя дзеяньні я назіраю апошнім часам з боку міліцыянтаў. Яны не імкнуцца дапамагчы, ім абавязкова трэба ціснуць на чалавека. Ці ў іх нейкія разьлікі, каб як мага болей людзей пасадзіць...»

Пётар Бярлінаў, які з выпадковага мінака ператварыўся ва ўдзельніка групавога правапарушэньня, падышоў да журналістаў, бо хацеў расказаць сваю жыцьцёвую гісторыю. У яго «дзеля патрэбаў дзяржавы» забралі зямельны ўчастак, дзе стаяла яго хата. У якасьці кампэнсацыі далі трохпакаёвую кватэру. Але гэтага, як ён лічыць, недастаткова. І прынцыпова туды не перасяляецца. Кажа, што ўжо некалькі гадоў зьвяртаецца ў розныя інстанцыі, каб дамагчыся большай кампэнсацыі за страчаную маёмасьць:

«Там былі розныя збудаваньні, хата, гараж двухпавярховы. Мы плянавалі распачаць там нейкую сваю справу, накшталт аграэкатурызму. Мая мэта такая: калі ўжо камусьці так патрэбны мой участак, як мне кажуць, „для дзяржаўных патрэбаў“, то і кампэнсацыя мусіць быць раўнацэнная», — кажа Пётар Бярлінаў.

Сёньня Пётар Бярлінаў — прынцыповы «бомж», асоба бяз пэўнага месца жыхарства. Ён не перасяляецца ў прапанаваную яму кватэру і жыве ў сваякоў — найчасьцей у дарослай дачкі. Супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС каля тыдня спрабавалі яго адшукаць, каб узяць тлумачэньні наконт удзелу ў фатасэсіі, і ўрэшце адсачылі ягоныя перасоўваньні па горадзе. 28 лістапада яго затрымалі на вуліцы, склалі пратакол правапарушэньня і на мінулыя выходныя пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Спадар Бярлінаў гаворыць, што міліцыянты зьдзекліва дадалі фразу: «Вам жа ўсё адно няма дзе жыць!»

1 сьнежня Пятра Бярлінава прывозілі ў суд, аднак ён заявіў, што хоча мець абаронцу, і працэс перанесьлі. 3 сьнежня ён патлумачыў суду, што ў яго няма грошай, каб заплаціць адвакату, таму ён вырашыў бараніцца самастойна. У якасьці мэтаду самаабароны Бярлінаў абраў адмову ад усялякіх тлумачэньняў.

Судзьдзя Алена Цыганкова пастанавіла: за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні пакараць Пятра Бярлінава трыма суткамі арышту. Паколькі гэты тэрмін адлічаны з моманту затрыманьня 28 лістапада, спадар Бярлінаў цяпер вольны.

Іншых удзельнікаў «фатасэсіі з птушкамі і клеткамі» ў Чыгуначным райсудзе штрафавалі. Штрафы атрымалі журналісты Зьміцер Казакевіч, Алена Сьцяпанава, Кастусь Мардзьвінцаў, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец, актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня. Выкліку на судовае разьбіральніцтва чакае яшчэ адзін удзельнік групавога фатаграфаваньня, прыроўненага да пікету, — праваабаронца Павал Левінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG