Беларускае этна-трыё «Троіца» пад кіраўніцтвам Івана Кірчука супольна з «Эўрарадыё» запісала кліп на песьню «Сьвятая зямля» і прысьвяціла яго стагодзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.
«За ўсё, што мы маем i будзем мець — нiзкi паклон продкам! Гурт прысьвячае песьню і відэа 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі», — кажа Іван Кірчук.
Відэа зьмяшчае рарытэтныя кадры зь беларускіх вёсак пачатку XX стагодзьдзя, знойдзеныя ў Беларускім архіве кінафотадакумэнтаў.
Песьня «Сьвятая зямля» ўвойдзе ў сёмы альбом гурту «Цар-агонь», які будзе прэзэнтаваны 11 траўня ў менскай філярмоніі.
«Троіца» ўтварылася ў 1996 годзе, грае музыку зь беларускімі этнічнымі матывамі і элемэнтамі старажытнай і сучаснай музыкі іншых краінаў, выступала на дзясятках музычных фэстывалях у Эўропе, Азіі і Амэрыцы, мае шэраг музычных узнагародаў, у тым ліку прэмію Rock Profi «За ўнёсак у беларускую музыку» — хто атрымлівае гэтую ўзнагароду, вызначаюць самі беларускія музыкі шырокім галасаваньнем.