Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Веру – ня веру


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Глядзячы на працэс ашмянскіх мытнікаў, я бачу, што многія «факты» ў судзе так і ня будуць даказаныя. Гэта проста немагчыма. Адзін кажа – даваў, другі – не даваў, а былі толькі ўдвух, бязь сьведак.

Пачатак ТУТ

Тым ня менш, прысуд прагучыць. Чым жа будзе кіравацца судзьдзя, выносячы сваё рашэньне? Дапусьцім, няма (бо не павінна быць) карпаратыўнага інтарэсу рэпрэсіўнай сыстэмы. Дапусьцім, няма (бо не павінна быць) простага загаду зьверху. Чым кіравацца? Тым, што аднаму ты паверыў, а другому не?

Выглядае, што фактар даверу ключавы і ня толькі для гэтага суду. Але чым тады рэглямэнтуецца давер?

У крымінальным заканадаўстве такога панятку няма. У юрыдычнай літаратуры сустракаюцца тлумачэньні з інтанацыямі сталінскіх часоў: «Калі асуджаны апраўдвае давер суду і сваімі паводзінамі даказвае выпраўленьне, то пасьля сканчэньня гэтага тэрміну пакараньне не прыводзіцца ў выкананьне». Гаворка пра адтэрміноўку. Аказваецца, які важны – давер судзьдзі. Праўда, паўтаруся, у Крымінальным кодэксе ён ніяк не зафіксаваны. Таму фактар судовага рашэньня, які можа быць галоўным, – фантомны.

У цяперашняй справе забойцы з бэнзапілой пытаньня даверу-недаверу няма, бо няма праблемы віны – злачынца ўсё прызнаў і пашкадаваў, што забіў так мала людзей, паабяцаў пры магчымасьці забіваць яшчэ . Цяпер пытаньне толькі ў адным – колькі прызначыць судзьдзя – пяць гадоў ці дзесяць ці пятнаццаць.

Беларускамоўны мытнік і асьветнік з Астравеччыны Алесь Юркойць кажа, што ніякіх даляраў ад Чэпіна не атрымліваў і атрымліваць ня мог ні пры якіх абставінах. А пытаньне стаіць тое самае – колькі прызначыць судзьдзя – пяць гадоў ці дзесяць ці пятнаццаць.

Табліца фураў, складзеная сьледчым КДБ, за якія мытнікі нібыта атрымлівалі ад начальства грошы і блытаныя паказаньні Чэпіна (то даваў, то не даваў) – гэта ўсяго толькі вэрсіі, якія пакуль нічым не пацьверджаныя. Якраз яны даверу не выклікаюць. Прынамсі, яны не замінаюць давяраць Юркойцю. Можа быць, недавер выклікаюць нейкія асабістыя якасьці Юркойця або ягоныя паводзіны да арышту, у турме ці на судзе? Але судзьдзя выдатна бачыць, хто перад ім, і, думаю, з уласнага досьведу можа разгледзець чалавека, што за ён. Можа быць, у гэтай візіі судзьдзі мільганула нейкая стрэмка, што дазволіла адмовіць Юркойцю ў даверы, засумнявацца ў ягонай сумленнасьці? Якая?

Заўважу, што гаворка ідзе пра тую «крупіцу», ад якой урэшце і залежыць галоўнае рашэньне. Тое, чым завершыцца працэс.

Усе, хто характарызаваў Алеся, казалі пра яго толькі станоўчае. Ніводнай прычыны, з-за чаго б яму не давяраць, з ранейшага і цяперашняга жыцьця не прыводзілася. Адзінае, што адзначалі былыя калегі Юркойця, што чалавек ён своеасаблівы. – Чаму своеасаблівы? – пытаўся судзьдзя. – Бо заўсёды па-беларуску гаворыць.

Ці гэта можа быць прычынай для недаверу?

Пра давер судзьдзі і пракурора да падсуднага можна прачытаць у псыхолягаў. Для таго, каб давер стаў магчымым, вы павінны бачыць перад сабой чалавека прыстойнага, шчырага, з пачуцьцём справядлівасьці.

Я не пытаюся, ці ёсьць у судзьдзі і пракурора падставы ня бачыць Юркойця такім. Я пытаюся – якія?

Калі ж давершыць паралель паміж забойцам з бэнзапілой і мытнікам Юркойцем, давядзецца задаць пытаньне: ці бачыць беларускі суд розьніцу паміж сумленным (пакуль, прынамсі, так) грамадзянінам і маньякам-забойцам (ужо так)?

Давер суду да падсуднага мае і другі бок – давер падсуднага (грамадзян) да судовай сыстэмы. Калі ў судзьдзі гэты давер безумоўны і бесстароньні (пакуль нічым не падарваны), дык і ў грамадзтве ён такі самы, і грамадзтва жыве больш даверліва і адкрыта.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG