Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трэцяя рэвалюцыя ва Ўкраіне будзе рэвалюцыяй Пуціна — экспэрт


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук расказаў Свабодзе, з чым зьвязаны ўрадавы крызіс ва Ўкраіне і чым можа абярнуцца для ўкраінцаў трэцяя рэвалюцыя — тая, у якой людзі паўстануць за сацыяльную справядлівасьць.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў звароце да суайчыньнікаў 16 лютага дзеля аднаўленьня даверу да ўлады заклікаў падаць у адстаўку прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка і генпракурора Віктара Шокіна.

Па выніках разгляду ў Вярхоўнай Радзе справаздачы Яцанюка 247 дэпутатаў Вярхоўнай Рады прызналі дзейнасьць Кабінэта міністраў нездавальняючай, аднак рэзалюцыя аб недаверы ўраду не была падтрымана мінімальна неабходнымі 226 галасамі парлямэнтароў. За рэзалюцыю галасавалі ў асноўным прадстаўнікі «Блёку Пятра Парашэнкі», «Самапомачы», «Бацькаўшчыны» і Радыкальнай партыі Алега Ляшка — усяго 194 дэпутаты. Такім чынам, для адстаўкі ўраду Яцанюка не хапіла 32 галасоў.

— Спадар Віктар, з чым зьвязаны крызіс, які пацягнуў за сабой заклік прэзыдэнта да адстаўкі прэм’ер-міністра?

— Прычына ў тым, што задэкляраваныя ўладай рэформы адбываюцца толькі часткова і не прыносяць канкрэтнага выніку для ўкраінцаў.

Атрымалася парадаксальная сытуацыя: прэм’ер-міністрам Украіны ёсьць чалавек, палітычная партыя якога катастрафічна страчвае свой рэйтынг. То бок калі б выбары ў парлямэнт былі праведзеныя ў бліжэйшыя месяцы, то партыя Арсенія Яцанюка нават не прайшла б у парлямэнт. Гэта ўсім зразумела, і таму атрымалася сытуацыя, калі прысутныя ў парлямэнце палітычныя сілы ня хочуць бачыць прэм’ер-міністрам чалавека, які страціў свой рэйтынг.

Іншая прычына — народная незадаволенасьць: вярхі абсалютна не разумеюць, як жывуць нізы ўкраінскага грамадзтва. Гэта адкрывае шлях «партыям мінулага» — Партыі рэгіёнаў: яна раздрабілася на некалькі дробных партыяў, якія цяпер хочуць узяць рэванш. Атрымаўся страшны вузел, якія завязаны на інтарэсы алігархаў, на інтарэсы «партыяў мінулага».

Пакідаючы сытуацыю так, як ёсьць, Украіна трапляе пад пагрозу рэваншу прамаскоўскіх сілаў. Таму я думаю: тое, што адбывалася ў Радзе 16 лютага, можа паўтарыцца праз два тыдні, празь месяц. Таму што яшчэ пытаньне ня вырашылася, ці застанецца Яцанюк прэм’ер-міністрам.

— Прэзыдэнт Парашэнка заклікаў адправіць прэм’ера ў адстаўку, у Радзе адбыліся гучныя дыскусіі. Чаму ў выніку Рада не прагаласавала за адстаўку Яцанюка?

— Справа ў тым, што Яцанюк цяпер ня хоча сыходзіць. Будучы разумным чалавекам, ён разумее, што яго пасада ў момант вайны з Расеяй і эканамічнага крызісу ва Ўкраіне — пасада палітычнага камікадзэ, якога зьнішчыць эканамічная сытуацыя. Цяжка сказаць, на што ён разьлічваў, калі на гэта пайшоў. Ён зьбіраўся рабіць рэальныя рэформы, але іх няма. Больш за тое, сытуацыя ў эканамічным пляне даведзеная да таго, што тыя субсыдыі, якія задэкляраваў Яцанюк, недаступныя большасьці ўкраінцаў, якія знаходзяцца амаль што ў стане галечы. Ёсьць пэнсіянэры, якія атрымліваюць 1000 грыўняў, а гэта менш за 40 даляраў, у гэты ж час хутка расьце кошт камунальных паслугаў. У той жа час прэм’ер, які жыве ў шыкоўным доме за Кіевам, думае, што ўсё нармальна, што ягоныя рэформы дапамагаюць усім украінцам. Фактычна, у краіне, якой кіруюць алігархі — а алігархічны рэжым з часоў Януковіча не зьмяніўся — вельмі цяжка патлумачыць людзям, што іхняя нястача — гэта іхні дабрабыт, альбо дабрабыт, які прарасьце ў будучыні.

Такім чынам ва Ўкраіне зноў ствараецца перадрэвалюцыйная сытуацыя, якая можа выбухнуць у любы момант.

Зь іншага боку, адказныя палітычныя сілы ва Ўкраіне разумеюць, што нельга дапусьціць трэцяй рэвалюцыі, якой так чакаюць Пуцін і яго агенты, якіх ва Ўкраіне дастаткова. Такая рэвалюцыя можа прывесьці да таго, што Ўкраіна страціць сваю незалежнасьць і частку тэрыторыі.

Такой складанай сытуацыі не было за ўвесь час незалежнасьці Ўкраіны. Таму праблема Яцанюка — гэта толькі палова праблемы. Іншая частка — гэта тое, што палітычныя эліты ня хочуць да канца дэмантаваць існуючы рэжым. Таму што зразумела: калі алігархічная ўлада дэмантуе рэжым алігархаў, яны больш ня будуць мець усіх тых прэфэрэнцыяў і вызначальнага права голасу, зь якімі яны могуць рабіць ва Ўкраіне ўсё што заўгодна.

Калі я гавару зь беларускімі сябрамі, ня ўсе яны разумеюць, што алігархічны рэжым, хоць ён і выглядае нібыта дэмакратычным, не нашмат лепшы за аўтарытарны рэжым Лукашэнкі.

Ва Ўкраіне няма палітычнай дыктатуры, але ёсьць дыктатура эканамічная. У выніку чаго людзі, якія не ўваходзяць у сыстэму алігархаў, ня могуць весьці бізнэс. Я вельмі спадзяюся на тое, што ў парлямэнце знойдуцца палітычныя сілы, якія змогуць пасадзіць у прэм’ерскае крэсла чалавека, які будзе рабіць рэформу па-сапраўднаму, а ня так, як гэта адбывалася да гэтага часу — так, што гэтыя рэформы могуць скасаваць незалежнасьць Украіны. А гэта самае страшнае, што можа адбыцца.

— Якія могуць быць наступствы ўнутранага ўладнага крызісу з улікам таго, што Ўкраіна фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй?

— Расея вычэквала таго моманту, які акурат цяпер настаў. Аналітыкі Пуціна пралічылі гэты момант, ведаючы, як дзейнічае ўкраінская ўлада. Ад самага пачатку Ўкраіна была ўладкавана так, каб яе можна было разрабоўваць. І тая сыстэма, якая яе рабуе, на жаль, не зьмянілася. Пуцін цудоўна разумее матывы тых людзей, якія цяпер кіруюць Украінай, і чакае гэтага моманту — калі народнае незадавальненьне можа выбухнуць. Таксама ня трэба забываць, што ў нас шмат агентаў Масквы, і яны могуць рыхтаваць такі выбух.

Трэцяя рэвалюцыя, калі яна адбудзецца, будзе рэвалюцыяй Пуціна, якая пад выглядам сацыяльнай справядлівасьці будзе зрынаць незалежнасьць Украіны. Нам трэба прайсьці паміж Сцылаю і Харыбдаю такім чынам, каб не было сацыяльнага выбуху і каб мы зьбераглі сваю незалежнасьць і працягвалі эўрапейскі шлях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG