Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Трэба галасаваць, каб вайны не было і сварак», — выбарнікі ў Магілёве


Кірмашы, гучнае музычнае суправаджэньне і буфэт — гэтак па шматгадовай завядзёнцы пачаўся асноўны дзень галасаваньня ў Магілёве.

У першай палове асноўнага дня галасаваньня ўчастковыя камісіі не маглі пахваліцца вялікай яўкай. Ахвотнікаў прагаласаваць было няшмат. Ля тых участкаў, дзе быў разгорнуты кірмаш, людзі заходзілі найперш туды. Хто купляў таньнейшую гародніну, хто спыняўся ля павільёнаў з забавамі. Мужчынаў прыцягвалі паветкі з алькаголем.

Прагаласаваць пасьпеем

«Троху пасядзім, а потым прагаласуем. Сьпяшацца ня будзем, бо часу для гэтага багата», — сказаў журналісту мужчына ў адной з кампаніяў. Ягоныя прыяцелі са сьмехам падтакнулі.

Разьвіцьцё выбарчага працэсу. Як завабіць выбаршчыка?

Разьвіцьцё выбарчага працэсу. Як завабіць выбаршчыка?

Жанчына сталага веку з поўнай торбай памідораў на пытаньне, ці пасьпела яна прагаласаваць, азвалася: «Я не галасую!».

«Цяпер няма справядлівасьці. Як чалавек недзе спатыкнуўся, дык яго ніхто не абароніць. У наш час чалавек неабаронены зусім», — патлумачыла сваю пазыцыю жанчына і тут жа пасьпяшалася разьвітацца з журналістам.

Народ прачынаецца

«У нас галасаваньне праходзіць у спакойным працоўным рэжыме. Не магу сказаць, калі выбарцаў больш, калі менш — народ прачынаецца і прыходзіць галасаваць», — ахарактарызавала сытуацыю старшыня адной з участковых камісіяў.

Паводле яе, нараканьняў на працу камісіі з боку назіральнікаў не паступала.

«Як было датэрміновае галасаваньне, да нас прыяжджалі назіральнікі ад АБСЭ. Яны пабылі з намі і ў першую, і ў другую зьмены. Участкі з намі зачынялі. Ніякіх пытаньняў не задавалі. Анкету запоўнілі сваю, і ўсё», — сказала суразмоўніца.

«Выбары, вядома ж, патрэбныя. Але ў цяперашняй сытуацыі яны не прывядуць да зьменаў у краіне, якія, відавочна, патрэбныя», — выказаўся адзін з тых, хто прагаласаваў.

Крыж на бюлетэні

Мужчына доўга прыглядаўся да журналістаў, перш чым адказаць на пытаньне, за каго ён аддаў свой голас.

«Я прагаласаваў супраць усіх. На бюлетэні паставіў крыж», — пасьля паўзы прызнаўся ўрэшце.

«Я супраць датэрміновага галасаваньня, — дадаў ён. — Падчас датэрміновага можна нарабіць падтасовак».

Кандыдатаў ведаюць кепска

«Я кандыдатаў кепска ведаю, таму не магу сказаць, што яны могуць зрабіць, як стануць дэпутатамі», — сказаў наступны суразмоўца. Ён прагаласаваў і пасьпеў пасядзець, як казаў, ля палаткі.

«Прагаласаваў, бо некаму ж трэба галасаваць, — працягнуў выбаршчык. — Прыйшоў прагаласаваў, на людзей паглядзеў. Але толку ня будзе, думаю, ад гэтых дэпутатаў. Я ня ведаю, куды наш „бацька“ глядзіць. На каго? 200 рублёў мужчыну зарабляць — хіба гэта грошы?»

З выбараў не з пустымі рукамі

З выбараў не з пустымі рукамі

«Ад назіральнікаў паступіла прапанова, каб выбары праходзілі на ўчастку паводле выбарчага заканадаўства», — сказаў старшыня яшчэ адной выбарчай камісіі.

«Усім не дагодзіш. Каму больш цікавы буфэт, а каму само галасаваньне, — дадаў ён. — Адзін з выбаршчыкаў зрабіў заўвагу, што музыка ў нас ня грае. Уключылі».

Назіральнікі і камісія: розьніца ў падліках — 2432 выбарцы

З дынаміка несьліся песьні беларускіх выканаўцаў пра любоў да Беларусі, але на расейскай мове. Пад гукі гэтых кампазыцыяў вылучэнец ад партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Алег Аксёнаў даваў сваю характарыстыку працы ўчастковых камісіяў ягонай выбарчай акругі.

Алег Аксёнаў

Алег Аксёнаў

«Асноўная скарга — на неналежнае захаваньне урнаў датэрміновага галасаваньня. Шмат скаргаў на вялікае разыходжаньне паміж колькасьцю тых, хто прагаласаваў, ад нашых незалежных назіральнікаў і зьвесткамі камісіяў. Паводле дадзеных назіральнікаў, у датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел 10 102 чалавекі. А паводле камісіі — 12 534 чалавекі. Розьніца 2432 чалавекі — дужа вялікая», — казаў Аксёнаў.

Паводле прэтэндэнта, заўвагі і скаргі назіральнікаў камісіі ўспрымаюць нэрвова. «Сёньня Лідзія Ярмошына казала, што на ўсіх участках склаліся добрыя дачыненьні і няма парушэньняў, але гэта няпраўда», — сказаў хрысьціянскі дэмакрат.

Спадзяюцца на цуд

Незалежны прэтэндэнт на дэпутацтва Юры Стукалаў таксама сказаў, што галасаваньне праходзіць з парушэньнямі. Зьвярнуў увагу, што ў гарадзкой бальніцы назіральнікі выявілі 120 лішніх выдадзеных бюлетэняў. З гэтай сытуацыяй разьбіраюцца, сказаў ён. Акрамя таго, як і Аксёнаў, суразмоўца адзначыў вялікае разыходжаньне ў дадзеных па датэрміновым галасаваньні ў назіральнікаў і ў камісіяў.

Юры Стукалаў

Юры Стукалаў

«Мы спадзяёмся на цуд, але, як паказвае практыка сёньняшняга дня, цуду ня будзе. Мы адпрацавалі на сто працэнтаў і зрабілі ўсё, што маглі, але мы дарослыя людзі і цудоўна разумеем, як у Беларусі робяцца выбары. Калі ж чэсна будуць лічыць галасы, шанцы ў нас ёсьць», — акрэсьліў пэрспэктывы свайго дэпутацкага посьпеху Юры Стукалаў.

Тым часам магілёўскія выбаршчыкі паспрабавалі выславіць, чаго чакаюць ад свайго выбару. Бальшыня тых, хто прагаласаваў сёньня, казалі, што трэба захоўваць стабільнасьць і спакой.

Каб не было вайны

«Добра, што мы жывём без вайны, і хочацца, каб ва ўладзе былі людзі, якія клапоцяцца за нашу будучыню. Я сьвядома прагаласавала за свайго кандыдата. Я спадзяюся, што ён варты быць дэпутатам», — казала адна з суразмоўніц. Сваё меркаваньне яна завяршыла словамі, якія нагадвалі тост: «За ўсё добрае, за сьветлую будучыню нашай радзімы».

«Усе ж галасуюць, і я пайшла прагаласавала. Трэба галасаваць, каб добра было жыць, каб вайны не было і сварак», — сказала жыхарка аднаго з рабочых пасёлкаў гораду. Імя свайго абраньніка яна не запомніла, але, на яе думку, ягонае цяперашняе месца працы надае ўпэўненасьці, што ён не падмане.

Выбары без замочкі — ня выбары

Выбары без замочкі — ня выбары

«Ён на „Хімвалакне“ працуе, і паколькі большасьць там працуе, то ён проста абавязаны выканаць свае абяцаньні. Але, напраўду, хто яго ведае, ці будзе так, як хочацца».

Няхай дадуць працу з добрым заробкам

Наступных суразмоўцаў журналіст пераняў ля «выбарчага» кірмашу. Маці суправаджала дарослага сына. Свой выбар яны яшчэ не зрабілі. Ідучы на ўчастак, свайго кандыдата ня мелі.

«На месцы разьбяромся», — упэўнена адказала маці мужчыны.

«Нам патрэбная нармальная праца, — працягнуў сын. — Я зваршчык. У Расею ежджу. Няўжо гэтыя дэпутаты ня могуць парупіцца, каб даць працу зваршчыкам тут? І каб заробак быў добры».

Агітацыйны плякат кандыдата. Нехта прагаласаваў

Агітацыйны плякат кандыдата. Нехта прагаласаваў

«Мы іх выбіраем, каб зьмены былі да лепшага, — падтакнула маці суразмоўцы. — Каб у крамах былі цэны, адэкватныя заробкам. Дый самі заробкі былі не жабрацкія».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG