Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траса Гомель — Бранск: кантроль узмацнілі, але чэргаў няма


Пра шматкілямэтровыя аўтамабільныя чэргі на мяжы Беларусі і Расеі паведамлялі шмат якія інфармацыйныя рэсурсы. Яны нібыта ўзьніклі ў адказ на забарону ўвозу беларускіх харчоў у Расею. Што адбываецца на трасе Гомель — Бранск?

Пра шматкілямэтровыя аўтамабільныя чэргі на мяжы Беларусі і Расеі паведамлялі шмат якія інфармацыйныя рэсурсы. Яны нібыта ўзьніклі ў адказ на забарону ўвозу беларускіх харчоў у Расею. Што адбываецца на трасе Гомель — Бранск?

За Добрушам, дзе пры трасе месьціцца невялічкая вёсачка Селішча, ажно сем супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі. Ці хаваюцца пад камізэлькамі супрацоўнікаў ДАІ нейкія іншыя службоўцы, ніхто ня кажа.

Раней у Селішчы знаходзіўся беларускі мытны пост, але яго даўно ўжо няма. А вось даішнікі стаяць тут даволі часта. Аўтаінспэктары часьцей спыняюць вялікагрузныя машыны, якія ідуць як у Беларусь, так і ў Расею.

Ад Селішча да расейскага памежнага пераходу Чырвоны Камень — каля двух дзясяткаў кілямэтраў. Аднак ніякіх чэргаў на ўезд у Беларусь няма.

Расейскі памежны пераход
Расейскі памежны пераход

Пры памежжы расейскія й беларускія кіроўцы спыняюцца ці то на запраўках, ці то каля шматлікіх крамаў і страхавых фірмаў.

Кіроўца Мікалай кіруецца ў Расею з Сэрбіі. Ён толькі хвілін дваццаць таму як мінуў беларускае Селішча:

«На беларускай мяжы чэргаў няма — чыста на Бранск. З Расеі нічога няма. І на Рудні няма — колькі езьдзім, няма. Мяжу Беларусь — Расея добра праходзіш. Няма затрымак. Бачыце, сёньня я ехаў, дык у мяне транспартнікі спыталі толькі дакумэнты. Беларусы, беларусы... Вось тут, пры пераходзе на Бранск. Груз я вязу. Яны ўзялі СМР (транспартная накладная міжнароднага ўзору) адзначылі, фіта паглядзелі — і я паехаў свабодна і спакойна. Груз вязу з Сэрбіі. Добра ўсё, нікога ня слухайце — тых, што шум падымаюць. Я вам кажу, што толькі кепскі праход на літоўскай мяжы. Чарга вялікая, асабліва на беларускі Каменны Лог — па 9-10 кілямэтраў».

Пра адсутнасьць чэргаў кажуць і іншыя кіроўцы.

Уладзімер з расейскага гарадка Клінцы:

Мяне наагул не спынялі — ні на беларускай, ні на расейскай

«Мяне наагул не спынялі — ні на беларускай, ні на расейскай. Магчыма, кагосьці правяраюць, але мяне не правяралі. Праехаў у Гомель, на „Гомельшкло“. Раніцай туды, а па абедзе ўжо й дома».

Аднак пра праверкі транспартных дакумэнтаў кіроўцы ўсё ж такі згадваюць — яны робяцца хутка, але яны ёсьць. Пра гэта кажа беларускі кіроўца Сяргей, які ёзьдзіць у Расею па два разы на тыдзень:

«Не было чэргаў — ні сёньня, ні на тым тыдні, калі я езьдзіў. Але на беларускай мяжы запісваюць, правяраюць».

Кіроўца Вячаслаў, які кіруецца ў Расею, таксама кажа, што яго праверылі. На беларускім пераходзе ў Селішчы. Хутка, але праверылі:

«Толькі там, дзе транспартны кантроль, спынілі, сабралі чаргу. А больш не было. На беларускім баку. Там усіх запар спынялі. Я толькі што ехаў. Перада мной тры ці чатыры машыны былі. Хвіліны дзьве ці тры пастаяў».

Селішча, Беларусь
Селішча, Беларусь

На зваротнай дарозе ў Селішчы стаялі чатыры аўтафургоны. Даішнікі спынялі і мікрааўтобусы, якія кіраваліся ў Беларусь. Але нейкай вялікай чаргі тут гэтым разам не было.

Паскардзіўся толькі адзін кіроўца вялікагрузнага аўтафургону, які кіраваўся ў Мазыр:

«Ужо гадзіны дзьве стаю. Правяраюць дакумэнты. З Расеі ў Мазыр еду. Высьвятляюць штосьці з дакумэнтамі».

Праверкі на беларускіх дарогах у памежных з Расеяй раёнах сталі больш інтэнсіўнымі і масавымі менавіта ў апошні час. Міліцыя правярае аўтаперавозчыкаў і кіроўцаў-аматараў, якія пасьля абвалу расейскага рубля кінуліся ў суседнюю краіну купляць паліва. Узмацненьне праверак — гэта сымэтрычны адказ на ўвядзеньне Расеяй кантролю транзытных харчовых грузаў, якія ідуць зь Беларусі ў той жа Казахстан. Выглядае, што і забарона на ўвоз беларускіх харчоў непасрэдна ў Расею тут адыграла не апошнюю ролю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG