Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія транспартнікі — супраць эстонскага грузаперавозчыка


Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Эстонскі прадпрымальнік кажа, што ягоныя фуры прайшлі ўсю Эўропу і ўпершыню сутыкнуліся зь «дзяржаўным рэкетам» такога маштабу.

У менскім Доме правасудзьдзя разглядаецца пазоў Транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі да эстонскай кампаніі Vitransa. Перавозчыку інкрымінуецца парушэньне правілаў разгрузкі і пагражае спагнаньне вялікагрузнага аўтамабіля ў даход дзяржавы.

DAF міжнароднага разладу (люты 2014-га)

DAF міжнароднага разладу (люты 2014-га)

Свабода ўжо пісала, што сёлета пры канцы лютага рэфрыжэратар, якім кіроўца Vitransa прывёз з Нарвэгіі ў Беларусь элітныя гатункі рыбы, быў адканваяваны ў зону мытнага кантролю на вуліцы Бабушкіна за Менскай кальцавой дарогай і ад таго часу застаецца пад арыштам.

Замест пункту А разгрузіўся ў пункце В — рызыкуеш страціць машыну

У якасьці сьведкі на суд у Менск прыехаў гаспадар фірмы Vitransa Віктар Хобта. І літаральна з парогу сутыкнуўся з неарганізаванасьцю беларускага судовага справаводзтва: яго запрасілі на 11-ю гадзіну раніцы, а ўсіх астатніх, уключна з транспартнікамі, на 17-ю вечара.

«У Эстоніі такое проста выключана, быць такога ня можа», — кажа талінскі бізнэсовец.

У чаканьні працэсу прадпрымальнік выказвае здагадку, на якой падставе ў яго ўзьніклі такія праблемы ў Беларусі. Па яго словах, спачатку адрас выгрузкі ў накладной быў пазначаны адзін, а па ходу пакупнік — кампанія «Евроторг» — перапрадаў прадукцыю. Адпаведна, канчатковае месца зьмянілася. А ўносіць карэктывы ў часе руху нельга.

Сам жа бізнэсовец ня лічыць, што такое «правапарушэньне» цягне на тыя санкцыі, якія высунутыя супраць яго:

Талінскі прадпрымальнік Віктар Хобта

Талінскі прадпрымальнік Віктар Хобта

«Інкрымінуюць кабатаж — перавозку грузу і дастаўку тавару іншаму кліенту па ўнутранай таварна-транспартнай накладной. Замежнаму перавозчыку гэта рабіць забаронена.

Што тычыцца нас. Мы прыехалі пад плёмбай зь міжнароднай накладной CMR і пасьля трох сутак прастою на мытні паехалі не ў пункт А, а ў пункт В. Кажуць, кіроўца не зрабіў зьмены ў CMR. У нас кіроўцы зьмены ў накладных ня робяць. Хто ён такі, каб мяняць у дакумэнтах адрасы, назвы?

У чым крымінал? Кліент сказаў — кліент гаспадар, ён плаціць грошы. Умоўна кажучы, адвязі ня Васі, а Пеці. І ўсё. Зноў жа, атрымальнік паставіў штамп аб прыходзе тавару ў CMR. Таму ні пра які кабатаж ня можа быць гаворкі, гэта проста зьмена месца выгрузкі. Усясьветная практыка, як і ў дадзеным выпадку: тавар растаможаны, ён мае ўнутранае хаджэньне ў Беларусі. Каб быў пад мытным кантролем і ішоў на склад, магчыма, была б іншая працэдура».

Тым ня меней, аўтамабіль-«парушальнік» быў спынены падчас разгрузкі ў вёсцы Табары пад Менскам і выпраўлены на штрафстаянку. Цягам 10 дзён кіроўца Vitransa Міхаіл Круглоў жыў у кабіне фуры: тут ён спаў, тут еў цераз раз і чакаў вырашэньня свайго лёсу. У першых чыслах сакавіка яму загадалі вызваліць «памяшканьне» і зьехаць у Эстонію. Ад таго часу аўтамабіль стаіць бяз руху. А гэта, як кажа Віктар Хобта, самая страшная рэч для любога транспарту:

Міхаіл Круглоў. Здымак таго часу, калі ён жыў у арыштаванай фуры

Міхаіл Круглоў. Здымак таго часу, калі ён жыў у арыштаванай фуры

«23–25 лютага мы прастаялі на мытні, а ўжо ад 26-га машына проста гніе на штрафстаянцы. Мы ж прыехалі зімой, яна была ўся ў солі, а ўвесну пайшла вада, і працэс карозіі непазьбежны. Але самае галоўнае, што яна стаіць мёртвым грузам і не прыносіць прыбытку. Тэхніка ў лізінгу, і я за яе, нягледзячы ні на што, усе гэтыя месяцы плачу ўнёскі. Добра, што хоць закрыў страхоўку, хоць у нас на лізінгавыя варыянты гэта рабіць нельга.

Банк шуміць: калі я сказаў ім, што машына „засела“ ў Беларусі, яны толькі ўзяліся за галаву — маўляў, што цяпер рабіць? Кажу, абвяшчу сябе банкрутам і ня буду вам нічога плаціць. Прынамсі, гэта самы просты варыянт».

Гаспадар аўтамабіля, прадпрымальнік Віктар Хобта кажа, што сёлета споўнілася 20 гадоў, як ён займаецца міжнароднымі грузаперавозкамі. Ягоныя фуры прайшлі ўсю Эўропу і ўпершыню сутыкнуліся зь «дзяржаўным рэкетам» такога маштабу:

«Ведаеце, я сваёй галавой зразумець сутнасьць гэтай справы проста не магу. Пра нейкую канфіскацыю не хачу нават думаць. Ну якая канфіскацыя, за што? Што я такога ўчыніў для Беларусі, каб забраць у мяне транспартны сродак? Паўтараю: тавар растаможаны, за яго заплацілі падаткі. Адвязіце яго, прадайце людзям у краме. А яны трое сутак мурыжылі рыбу на мяжы. Па сутнасьці, рабілі ўсё, каб сапсаваць сьвежы прадукт. Невытлумачальна...»

Каб засьцерагчыся ад дзяржаўнага рэкету, даводзіцца замаўляць канвой

У грузавым аўтапарку Віктара Хобты чатыры аўтамабілі. Арыштаваны беларускімі транспартнікамі DAF, ягонымі словамі, — самы сучасны:

«Гэта самая новая машына з усіх, адмыслова абсталяваная для зімовых перавозак з Нарвэгіі. Я туды столькі грошай уклаў, не пераказаць. Адна толькі новая гума на тысяч пяць эўра пацягнула: перад, зад і шэсьць колаў прычэпа».

Рынкавы кошт фуры — дзясяткі тысяч эўра

Рынкавы кошт фуры — дзясяткі тысяч эўра

Чаму ад арышту аўтамабіля і да пачатку судовага працэсу прайшоў такі працяглы час — амаль 5 месяцаў?

«Гэта цалкам віна транспартных інспэктараў, яны проста ня ведалі, што мне прад’явіць, — перакананы Віктар Хобта. — Таму ўрэшце вырашылі перадаць справу ў суд, маўляў, хай яны ва ўсім разьбіраюцца. Увесь гэты час адвакат працаваў, пісаў скаргі на супрацьпраўныя дзеяньні ведамства. Бо, сярод іншага, хочуць падвесьці нас пад „кантрабанду“ — трызьненьне поўнае.

Тым ня меней веру ў цьвярозую лёгіку. Прынамсі, у мяне з сабой усе дакумэнты. Пры станоўчым выніку гатовы заскочыць у кабіну і адразу ж адсюль зьехаць, чым хутчэй, тым лепш. Ці хоць бы дабрацца, пераканацца, што машына яшчэ цэлая. На панэлі стаіць нямецкі „счытвальнік“, за які немцы ўжо выпісалі штраф 400 эўра. Напісаў ім, што вярну „скрыню“, яна мне ўжо непатрэбная».

Але нават пры ўдалым выніку эстонскага грузаперавозчыка могуць чакаць непрыемныя сюрпрызы: дазвол на ўвоз транспартнага сродку афармляецца на тры месяцы, а на штрафпляцоўцы фура стаіць ужо значна даўжэй:

«Гэта што, зноў праблемы будуць, зноў штраф? — задаецца пытаньнем Віктар Хобта. — Маёй віны ў такой затрымцы няма ніякай, але як гэта клясыфікуюць тыя ж мытнікі? Я ж ня буду з уласнага жаданьня працягваць знаходжаньне машыны ў Беларусі, бо невядома, чым яшчэ ўсё скончыцца. Дарэчы, я ўжо атрымаў паведамленьне, але чамусьці зь іншага боку, з гомельскай мытні: аўтамабіль увезены, але ня вывезены. Адвакат ім мусіць пісаць: машына стаіць у Менску. Прабачце, у вас што, няма агульнай базы дадзеных? Спадарства, на вуліцы ХХІ стагодзьдзе!».

Цікаўлюся ў Віктара Хобты, як няўдалы досьвед адбіўся на жаданьні мець справы зь Беларусьсю надалей? Ён адказвае, што істотна скараціў супрацоўніцтва, хоць цалкам сыходзіць з рынку пакуль не зьбіраецца:

«Мы сустракаліся з партнэрамі і пакуль вырашылі, што вазіць рыбу сэнс пакуль ёсьць. Дурні не павінны ўплываць на бізнэс. Цяпер робім хітрэй: перамовіліся з усімі кліентамі і прапанавалі дадаць нам на канвой.

То бок замаўляем на мяжу канвой — і адразу на атрымальніка. Праводзяць нас паміж усіх службаў, вагаў, далей нас ужо нідзе не спыняюць. Такім чынам выйшлі з сытуацыі, каб, груба кажучы, прыкрыць сабе зад. Вядома, гэта дадатковыя выдаткі — 50 цэнтаў за кожны кілямэтар. Затое надзейней».

У якім стане аўтамабіль пасьля зімы — загадка

У якім стане аўтамабіль пасьля зімы — загадка

Паводле суразмоўцы, адпаведныя службы ў ягонай краіне зь цяжкасьцю разумеюць, на якой падставе «штампуюцца» справы супраць эстонскіх грузаперавозчыкаў:

«У нас проста не разумеюць, як можна ўтрымліваць такі штат гультаёў, якія сядзяць і штодня пачкамі строчаць, строчаць паперы. Дасылаюць туды да нас — на расейскай мове. А там ужо, дарэчы сказаць, ня вельмі шмат па-расейску ўжо і разумеюць. Інспэктары ў мытным ці паліцэйскім дэпартамэнце ўсё перакладаюць на эстонскую мову. Я па-эстонску тэхнічныя нюансы таксама ня вельмі ведаю, таму зноў прашу, каб пераклалі на расейскую.

У выніку атрымліваецца поўная каша. То бок пасьля таго, як тры-чатыры разы перакруцяць туды-назад, атрымліваецца тэкст, досыць далёкі ад арыгіналу. Поўная бессэнсоўнасьць нават у адным сказе. Беларусы запытваюць: як вы ехалі на выгрузку і — праз коску — пагрузку? Пры чым тут пагрузка, навошта вы мяне загадзя туды ўбіваеце, падстаўляючы на тым, чаго не было ў прынцыпе?».

Як кажа Віктар Хобта, пасьля менскіх прыгодаў ягоны кіроўца Міхаіл Круглоў зарокся зьяўляцца ў Беларусі, пераарыентаваўшыся на эўрапейскія маршруты:

«Справа ў тым, што шмат нашых кіроўцаў езьдзіць па Эўропе, дзе няма ніякіх межаў. Таму, нават аднойчы зьезьдзіўшы ў Беларусь, ня хочуць стаяць у чэргах, ня хочуць „рукі ўгару“ і на асабісты агляд — што ў цябе ў кішэнях, у сумцы. Абсалютнае прыніжэньне.

Дарэчы, апошнім часам стала заўважна прасьцей ва Ўкраіне: пасьля Майдану перасталі трэсьці, з хабарам збольшага завязалі. А ў Расеі як клалі 500 рублёў у дакумэнты, так і кладуць.

У Беларусі таксама ня белыя і пухнатыя, як намагаюцца сябе выставіць, на трасах бяруць толькі так. Адзінае, калі кіроўца спрактыкаваны, можа суму зьбіць.

Майго ўзялі на сполах, аддаў 400 эўра. Але хто будзе гатовы, калі прылятаюць, тармозяць, выцягваюць з машыны, зачытваюць цэлы сьпіс парушэньняў і палохаюць неадэкватным штрафам? Ды ён грошай такіх не атрымлівае, колькі патрабуюць за „вырашэньне пытаньня“.

Віктар Хобта лічыць, што «дзяржаўны рэкет» нават больш небясьпечны за арганізаваны, бо супрацьстаяць яму практычна немагчыма. І не выключае, што на ягоную машыну хтосьці проста мог пакласьці вока.

«Салідная машына, сучасны прычэп. На свае фірмы аформяць, ды ўсё», — кажа суразмоўца, дадаючы, што рэальна асьцерагаецца за аўто, хоць добраахвотна аддаваць камусьці сваю ўласнасьць не зьбіраецца. А таму будзе змагацца да пераможнага канца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG