Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў пра жаданьне сустрэцца з Пуціным да інаўгурацыі


Дональд Трамп, архіўнае фота

Дональд Трамп, архіўнае фота

Кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што ў выпадку абраньня хоча сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным да інаўгурацыі ў студзені.

«Праблема ў тым, што Пуцін ня мае ніякай павагі да Абамы наогул. Калі я выйграю 8 лістапада, я магу прагназаваць сваю сустрэчу з Пуціным у пачатку (дзейнасьці) адміністрацыі», — сказаў рэспубліканскі кандыдат.

Зробленыя 17 кастрычніка ў радыёэтэры камэнтары зьяўляюцца апошнімі ў шэрагу падобных выказваньняў, якія паказваюць на блізкасць Трампа да расейскага лідэра, урад якога абвінавачваюць ва ўмяшаньні ў выбары ў ЗША.

Раней Трамп сказаў, што захапляецца Пуціным, і адзначаў небяспечную напружанасьць у дачыненьнях паміж Вашынгтонам і Масквой.

У нядзелю, 16 кастрычніка, Трамп напісаў у «Твітэры», што выбары прэзыдэнта ЗША, прызначаныя на 8 лістапада, «абсалютна сфальсіфікаваныя несумленнымі і прадузятымі СМІ, якія прасоўваюць махлярку Гілары (кандыдатку ад дэмакратаў Гілары Клінтан. - Рэд.), а таксама на многіх участках».

Яго сьцьвярджэньне супярэчыць папярэднім заявам яго партнэра на выбарах, кандыдата на пасаду віцэ-прэзыдэнта Майка Пэнса, які заяўляў, што Дональд Трамп «абсалютна» прыме вынікі выбараў, хоць таксама казаў пра «відавочную прадузятасьць» сродкаў інфармацыі.

XS
SM
MD
LG