Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп агучыў пляны на першыя 100 дзён прэзыдэнцтва: «Амэрыка перадусім»


Дональд Трамп, архіўнае фота

Дональд Трамп, архіўнае фота

Пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоная праграма дзеяньняў у першыя 100 дзён на пасадзе кіраўніка дзяржавы будзе заснаваная на адным простым прынцыпе: «Амэрыка перадусім».

На толькі што створаным Youtube-канале групы перадачы ўлады ў Белым доме быў апублікаваны відэазварот Трампа, у якім той паведаміў, што папрасіў каманду скласці сьпіс указаў, якія ён можа падпісаць у першы ж дзень на пасадзе.

Гэтыя рашэньні, кажа Трамп, «адновяць нашыя законы і вернуць нашыя працоўныя месцы».

«Ці ідзе гаворка пра вытворчасьць сталі, ці пра зборку аўтамабіляў, ці пра лекаваньне хваробаў, я хачу, каб наступнае пакаленьне вытворчасьці і інавацыяў адбывалася проста тут, стварала багацьце і працоўныя месцы для амэрыканскіх працаўнікоў», — сказаў Трамп.

Ён паведаміў, што ў першы дзень працы на пасадзе прэзыдэнта ён выпусьціць апавяшчэньне аб намеры выйсьці з гандлёвага пагадненьня аб Трансціхаакіянскім партнэрстве (падпісаным у лютым 2016 году пагадненьні аб зьняцьці мытаў у гандлі між 12 Ціхаакіянскімі краінамі) і правесьці перамовы аб заключэньні двухбаковых гандлёвых пагадненьняў, якія ён назваў справядлівымі. Раней Японія заяўляла, што без ЗША пагадненьне ня будзе мець сэнсу.

Таксама Трамп абяцае ўкараніць правіла, паводле якога калі ўводзіцца новая мера фэдэральнага рэгуляваньня, дзьве існуючыя такія меры маюць быць скасаваныя. Таксама ён мае намер папрасіць Пэнтагон распрацаваць усёабдымны плян па абароне інфраструктуры ЗША ад кібэратакаў.

Пры гэтым Трамп ня згадаў пра раней абвешчаныя пляны будаўніцтва сьцяны на мяжы ЗША з Мэксікай. У той жа час ён сказаў, што «даручыць Міністэрству працы расьсьледаваць усе выпадкі злоўжываньняў у візавых праграмах, празь якія пакутавалі амэрыканскія працаўнікі».

Ён таксама паабяцаў скасаваць «абмежаваньні на вытворчасьць амэрыканскіх энэрганосьбітаў, што забіваюць працоўныя месцы, у тым ліку абмежаваньні на сланцавыя энэрганосьбіты і чысты вугаль».

Па словах Трампа, яго пераходная каманда працуе спакойна, вельмі эфэктыўна і дзейсна:

«Да працы прыцягваюцца сапраўды выдатныя мужчыны і жанчыны, сапраўдныя патрыёты, многія зь якіх неўзабаве стануць часткай нашага ўраду».

Фармальна Дональд Трамп яшчэ ня стаў прэзыдэнтам. Толькі 19 сьнежня аддасьць свае галасы абраная амэрыканскім народам калегія электараў, упаўнаважаная па выніках выбараў галасаваць за таго ці іншага кандыдата (для перамогі трэба 270 галасоў з 538, Трампу абяцаюць 306). Вынікі галасаваньня калегіі электараў маюць быць абвешчаныя ў першай дэкадзе студзеня. Інаўгурацыя новага прэзыдэнта ЗША мае адбыцца 20 студзеня 2017 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG