Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці палітызуюцца Паралімпійскія гульні і чаму адхілілі каманду Расеі


Карыкатура Яўгеніі Алійнік
Карыкатура Яўгеніі Алійнік

Быць інвалідам у Беларусі — вялікае няшчасьце ў любым сэнсе. Спорт — рэдкая магчымасьць жыць адносна паўнавартасна і пры ўдалым зьбегу абставінаў нават прыстойна зарабляць.​

Абмяркоўваюць: Ігар Карней, Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод.


Карней: 7 верасьня ў Рыё-дэ-Жанэйра пачнуцца летнія паралімпійскія гульні. Атлеты, якія зьяўляюцца людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі, традыцыйна выходзяць на старты неўзабаве пасьля таго, як завершаць свае спаборніцтвы алімпійцы.

Незадоўга да стартаў стала вядома, што з прычыны шматлікіх допінгавых парушэньняў ад Паралімпіяды ў поўным складзе адхілена зборная Расеі. Нягледзячы на тое, што расейскія функцыянэры рэзка выказаліся наконт такога рашэньня і нават прыдумалі альтэрнатыўныя спаборніцтвы ў Падмаскоўі з захаваньнем памеру прызавых, Міжнародны паралімпійскі камітэт не выключае далейшых захадаў: калі Расея і надалей будзе заплюшчваць вочы на злоўжываньне забароненымі прэпаратамі, перад ёй зачыняцца і зімовыя Гульні 2018 году ў Паўднёвай Карэі.

Бадай, адзінымі, хто публічна адрэагаваў на дыскваліфікацыю, аказаліся беларусы. Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што быў яшчэ Азэрбайджан, але прадстаўнік тамтэйшага спартовага ведамства абмежаваўся тлумачэньнем, што краіна ня будзе прэтэндаваць на дадатковыя квоты ад пераразьмеркаваньня месцаў, якія вызваліліся ў выніку адхіленьня расейскай каманды — маўляў, мы іх не заваявалі.

Бадай, адзінымі, хто публічна адрэагаваў на дыскваліфікацыю зборнай Расеі, аказаліся беларусы.

А вось рэзанансную заяву старшыні паралімпійскага камітэту Беларусі Алега Шэпеля абмяркоўвалі нават далёкія ад спорту людзі. Ён, у прыватнасьці, запэўніў, што ня будзе маўчаць наконт самаўпраўства ў адносінах да братоў-расейцаў. І на эмоцыях сказаў, што ў знак салідарнасьці пройдзе на цырымоніі адкрыцьця з трыкалёрам у руках. Праўда, пазьней пляны крыху адкарэктаваў, удакладніўшы, што будзе трымаць сьцяг Расеі на трыбуне.

Прарасейскія настроі свайго лідэра падзяляюць і ў калектыве. Так, галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце Марына Грыгаран у размове са мной наўпрост сказала: аўтарытэт Алега Шэпеля настолькі бясспрэчны, што ставіць пад сумнеў ягоныя заявы не выпадае. Вось невялікая цытата на гэты конт:

«Алег Аляксандравіч — вельмі мудры кіраўнік, і калі ён прыняў такое рашэньне, значыць, на тое ёсьць важкія падставы. Мы ніколі не аддзяляліся ад Расеі і заўсёды на дарожках — і бегавых, і плавальных, і фэхтавальных — былі дружныя, адзін аднаму дапамагалі, заставаліся адной сямʼёй. Таму ніякай незразумелай падаплёкі ў ягоных словах я ня бачу».

Доўгі час за прызавыя месцы на Паралімпійскіх гульнях беларускім спартоўцам плацілі паводле рэштавага прынцыпу — траціну ад ганарараў здаровым атлетам. У выніку група моцных паралімпійцаў пачала выступаць за Расею, Азэрбайджан, іншыя краіны.

Праўда, калі закрануць тэму нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, ужываньня беларускай мовы, стаўленьня да гістарычнай сымболікі ці адказнасьці Расеі за падзеі ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны, дзевяць зь дзесяці работнікаў спартовай галіны як пад капірку адкажуць: спорт — па-за палітыкай, ня трэба зьмешваць усё ў адно. А хіба не палітычныя заявы спадара Шэпеля, які так апантана заступаецца за расейскіх калегаў? Няўжо не дастаткова, што толькі за апошні час расейскія паралімпійцы 35 разоў «гарэлі» на станоўчых допінг-пробах? Нарэшце, чаму ягоныя словы выклікаюць такую аднадушную рэакцыю ў падначаленых?

Быць інвалідам у Беларусі — вялікае няшчасьце ў любым сэнсе. Адрозна ад эўрапейскай цывілізацыі, дзе людзі з абмежаванымі магчымасьцямі цалкам інтэграваныя ў грамадзтва, дзясяткі тысяч беларусаў «замураваныя» ў чатырох сьценах, ня маючы ў дастатковым аб’ёме безбар’ернага асяродзьдзя, працоўнай занятасьці дый проста разуменьня з боку чыноўнікаў. Спорт — рэдкая магчымасьць жыць адносна паўнавартасна і пры ўдалым зьбегу абставінаў нават прыстойна зарабляць.

Доўгі час за прызавыя месцы на Паралімпійскіх гульнях беларускім спартоўцам плацілі паводле рэштавага прынцыпу — траціну ад ганарараў здаровым атлетам. У выніку група моцных паралімпійцаў пачала выступаць за Расею, Азэрбайджан, іншыя краіны. Каб стрымаць адток, давялося ініцыяваць выраўноўваньне эквіваленту з алімпійцамі: 150 тысяч даляраў за золата, 75 тысяч — за срэбра, 50 тысяч — за бронзу.

Плюс да таго, выдаткі на падрыхтоўку да галоўных стартаў у поўным аб’ёме пакрываюцца за кошт дзяржавы, а заваяваўшы мэдаль, можна разьлічваць яшчэ і на стыпэндыю, якую спартовец будзе атрымліваць увесь чатырохгадовы цыкль да наступных Гульняў. Пры такім раскладзе ў нечым пярэчыць кіраўніцтву наўрад ці разумна.

Карбалевіч: Сёньня палітызуецца ўсё. Спорт таксама. Прычым гэта робіцца ня толькі ў Расеі ці Беларусі, дзе важныя рашэньні ў гэтай галіне прымаюцца на дзяржаўным узроўні. Глядзіце, якую ўвагу аддаюць перамогам спартоўцаў на сусьветным узроўні ў Кітаі.

Калісьці, на самым пачатку ўзьнікненьня алімпійскага руху, быў папулярны прынцып: галоўнае — не перамога, галоўнае — удзел. Але падчас Алімпійскіх гульняў гэты прынцып ужо даўно не працуе. Усе едуць па перамогу.

Рэакцыя беларускіх паралімпійцаў — гэта адлюстраваньне рэакцыі беларускіх абывацеляў, якія жывуць у расейскай інфармацыйнай прасторы.

А вось што тычыцца Паралімпійскіх гульняў, то бок гульняў для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, дык тут, здаецца, якраз гэты прынцып і павінен быў бы дзейнічаць у поўнай меры. Бо калі чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі актыўна займаецца спортам, перамог сам сябе, свой неспрыяльны лёс, то гэта ўжо перамога. Таму з нармальнага гледзішча допінг на Паралімпійскіх гульнях — гэта нонсэнс.

Але мы жывём у парадаксальным сьвеце. І выявілася, што допінг на гэтых гульнях таксама прымяняецца. З гэтым зьвязаная дыскваліфікацыя зборнай каманды Расеі. Думаю, акрамя ўсяго іншага, на гэтае рашэньне паўплываў дрэнны імідж расейскага спорту з гледзішча ўжываньня допінгу.

А рэакцыя беларускіх паралімпійцаў — гэта адлюстраваньне рэакцыі беларускіх абывацеляў, якія жывуць у расейскай інфармацыйнай прасторы.

Глод: Часам можна пачуць, што палітыка і спорт — несумяшчальныя рэчы. Але гэта ня так. Згадваю кампанію па абраньні першага прэзыдэнта Беларусі. Тады група самых вядомых беларускіх спартоўцаў, сярод якіх быў і Аляксандар Мядзьведзь, выступіла з заявай у падтрымку кандыдата Вячаслава Кебіча. Перамог жа Аляксандар Лукашэнка. І вельмі хутка амаль усе «падпісанты» перабеглі да Лукашэнкі.

Так у жыцьці. Але палітыкі, нават самыя вядомыя, хочуць зрабіць выгляд, што гэта ня так. «Гэта чыстая палітыка» — так у Расеі адрэагавалі на высновы дакладу незалежнай камісіі Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва, згодна зь якім у Расеі з 2011 па жнівень 2015-га дзейнічала дзяржаўная сыстэма ўтойваньня масавага ўжываньня допінгу з удзелам Міністэрства спорту і ФСБ. У афіцыйнай заяве расейскага прэзыдэнта наконт гэтага дакладу гаворыцца таксама пра рэцыдыў умяшаньня палітыкі з мэтай «зрабіць спорт інструмэнтам геапалітычнага ціску, фармаваньня нэгатыўнага вобразу краін і народаў» (чытай — Расеі).

Спорт замяняе ня столькі вайну ў мірны час, як прынята лічыць, колькі звычайна рэдкія для любой краіны агульнанацыянальныя трыюмфы. Спартыўнымі перамогамі, асабліва ў найбольш папулярных відах, нацыі ў сучасным сьвеце самасьцьвярджаюцца.

Бяда ў тым, што ўмяшаньне палітыкі ў спорт у самой Расеі даўно дасягнула грандыёзных маштабаў. Прага палітычнага трыюмфу любой цаной часам абарочваецца ганьбай без аніякага допінгу. Увесь спартовы сьвет пацяшаўся з таго, як Расея выставіла на Ўнівэрсіядзе-2013 у Казані супраць студэнтаў зь іншых краін фактычна алімпійскі склад, прычым многіх удзельнікаў проста прыпісвалі да ВНУ проста перад стартамі. У выніку Расея заваявала «астранамічныя» 292 мэдалі, у тым ліку 155 залатых. У другога па гэтым паказчыку Кітая было ўсяго 26 залатых мэдалёў. Што гэта было, як не найвышэйшая праява палітычнай фанабэрыі? На Алімпіядзе ў Рыё ўсё стала на свае месцы. Той жа Кітай абышоў Расею. Як і ЗША, і нават Вялікая Брытанія.

Спорт замяняе ня столькі вайну ў мірны час, як прынята лічыць, колькі звычайна рэдкія для любой краіны агульнанацыянальныя трыюмфы. Спартыўнымі перамогамі, асабліва ў найбольш папулярных відах, нацыі ў сучасным сьвеце самасьцьвярджаюцца. Згадаем хоць бы перамогу партугальцаў на футбольным чэмпіянаце Эўропы.

Можна, вядома, як гэта дагэтуль робяць многія ў Расеі, крычаць на ўсё горла, што гэтымі прабіркамі «адпомсьцілі» за Крым і Данбас. Але куды тады зойдзе ўвесь спорт, і алімпійскі — у прыватнасьці?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG