Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падручнікі гісторыі пішуць пад Лукашэнку


Як мяняліся падручнікі па гісторыі Беларусі ў апошнія 15 гадоў? У сёньняшніх падручніках сучасныя школьнікі знойдуць станоўчыя водгукі пра дзейнасьць Мураўёва-вешальніка, і вымушаныя будуць дзясяткі разоў тлумачыць правільнасьць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.


Новыя падручнікі гісторыі Беларусі ў школы яшчэ не паступілі, настаўнікі і дзеці атрымаюць іх бліжэй да 1 верасьня. Тым ня менш на ўсіх настаўніцкіх сэмінарах і ў мэтадычных рэкамэндацыях, у публікацыях “Настаўніцкай газэты” чыноўнікі ад адукацыі ўжо расставілі патрэбныя ацэнкі ў выкладаньні гісторыі Беларусі. Падзелы Рэчы Паспалітай, далучэньне беларускіх земляў да Расеі, паўстаньне Кастуся Каліноўскага выкладзены ўжо ў зусім іншай, фактычна прарасейскай вэрсіі.

Настаўнік гісторыі з Крупак Андрэй Аляхновіч адзначае, што і ў дасьведчаных настаўнікаў, і ў былых школьнікаў, якія вучыліся ў сярэдзіне 90-х, новыя падручнікі выклікаюць жахлівае ўражаньне.

Аляхновіч: “Што пра Каліноўскага зараз напісалі — гэта ўвогуле жах... Асноўныя, вузлавыя тэмы, якія і складаюць у вучня адчуваньне, што твая краіна незалежная — была вельмі доўгі час, потым быў перапынак, і потым яна зноў аднавіла сваю незалежнасьць. Гісторыя ВКЛ, паўстаньні 19-га стагодзьдзя выхоўваюць адчуваньне сябе народам, а ня племенем і не галіной трохгаловага рускага народа. Таму гэты момант самы трагічны. Я нядаўна размаўляў з маладымі настаўніцамі, і яны ўжо кажуць тое, чаму іх вучылі ў інстытуце і тое, чаго ад іх патрабуе райана і чаго ад іх патрабуе ідэалягічная вэртыкаль”.

“Шчыры настаўнік будзе казаць тое, што і заўсёды казаў. Але іх усё меней у сучаснай школе”, — кажа спадар Аляхновіч.

Як мяняліся акцэнты ў падручніках па гісторыі за апошнія гады? Пра гэта гаворыць знакаміты гісторык Анатоль Грыцкевіч.

Грыцкевіч
: “За апошнія 15 гадоў шмат адышлі ў падручніках ад той тэндэнцыі, якая была ў першай палове 90-х. Шмат у чым вярнуліся да савецкіх пазыцыяў. Спынілі крытыку сацыялізму, сацыялістычнага ладу, пэрыяду знаходжаньня БССР у складзе Савецкага Саюзу. Што да 19-га стагодзьдзя, то некаторыя падручнікі нават ухваляюць палітыку царызму ў Беларусі. Прыклад — паўстаньне 1863 году. У адным з падручнікаў Каліноўскага называюць прадстаўніком польскіх паўстанцаў, а Мураўёва хваляць, што ён добра ставіўся да беларускіх сялянаў”.

На думку адмыслоўцаў, найбольшую “праўку” з пункту гледжаньня сучаснай ідэалёгіі зазналі 19-е стагодзьдзе, а таксама пераломныя часы 20—30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. “Наагул, беларускі падручнік гісторыі больш за ўсё падобны да кароткага курсу гісторыі ВКП(б), бо 90 працэнтаў тэксту — гэта пералічэньне прозьвішчаў супрацоўнікаў абкамаў, райкамаў, гаркамаў, з усімі рэгаліямі, з усімі подзьвігамі і гэтак далей”, — заяўляе, напрыклад, Ірына Ясіна, расейская журналістка, віцэ-прэзыдэнт фонду “Лібэральная місія”, дасьледаваўшы падручнікі гісторыі постсавецкіх краінаў.

Што да апошніх 15 гадоў беларускай гісторыі, то тут аўтарам сучасных падручнікаў удалося нейкім чынам фактычна абмежавацца прозьвішчам толькі аднаго палітычнага дзеяча — Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, у падручніку для 10 клясы В.Фаміна “Гісторыя Беларусі. 1945—2005 год” прозьвішча першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча ўзгадана толькі аднойчы – у гістарычнай даведцы пра Віскулёўскія пагадненьні, затое ў адказах на пытаньні перад вучнямі ставяцца заданьні, на якія ня кожны палітоляг адкажа адназначна. Напрыклад: “Дакажыце, што замежная палітыка Беларусі мае шматвэктарны характар”. У цэлым, калі чытаеш гэты падручнік, ствараецца ўражаньне, што галоўная ягоная мэта — ня даць пэўныя гістарычныя веды, а апраўдаць правільнасьць і непазьбежнасьць палітычнага курсу Аляксандра Лукашэнкі.

Вось некаторыя старонкі падручніка:




Старонка 139. А як бы вы патлумачылі неабходнасьць правядзеньня рэфэрэндуму 1996-га году?







Старонка 161. Ці павінны школьнікі ў адказах на пункт 6 згадваць "газавую" і "малочную" вайну?








Праверце, як вы ведаеце гісторыю Беларусі
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG