Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25-га і пасьля


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Што будзе? Варта нагадаць, што напярэдадні 19 сьнежня 2010 году ніхто ў публічнай прасторы толкам не прадказаў, што ж адбудзецца насамрэч у «гадзіну Х».

Гаварылася, што «Плошча ўсё вырашыць» (як — уяўлялася ў тумане), было некалькі плянаў у арганізатараў (нядаўна стаў вядомы плян каманды Някляева заняць будынак пэдінстытуту і з гэтай пазыцыі спрабаваць наладзіць нейкія перамовы), былі, як яно звычайна бывае, гіпотэзы, што будзе, як мінулы раз, як у 2006 годзе — намётавае мястэчка, дужаньне на плошчы некалькі дзён, ну і напэўна разгон і адміністрацыйныя арышты. І адчуваньне ў многіх, што нельга дапусьціць, каб было як у 2006-м. Таксама было перакананьне (ці ілюзія), што не рашыцца ўлада сваімі рукамі разбурыць хісткую канструкцыю пацяпленьня стасункаў з Захадам.

Адзінае, чаго ніхто не прадбачыў — дык таго, што адбылося насамрэч.

Розныя людзі выказвалі гэтыя розныя меркаваньні, мелі гэтыя розныя пачуцьці, памкненьні і пляны. Адзінае, чаго ніхто не прадбачыў, — дык таго, што адбылося насамрэч. Не выключаю, што гэта — тое, што адбудзецца — было невядомым і уладам, дакладней, было толькі адным з прадугледжаных уладамі варыянтаў.

Прынамсі, адна невядомая ў гэтай сытуацыі была і для іх — колькі людзей выйдзе на Плошчу. Калі б выйшла тысяч пяць — магчыма, разгон быў бы ў кожным разе, але крымінальных справаў супраць кандыдатаў у прэзыдэнты ды многіх іншых можа і не было б. Таксама магчыма, што падзеі пайшлі б інакш, насуперак плянам уладаў, калі б на Плошчу прыйшло, скажам, 150 тысячаў чалавек.

Прынамсі, гэтая адна невядомая — колькасьць — застаецца і адносна сёлетняга 25 сакавіка.

Сёлета ў адрозьненьне ад 2010 году махавік рэпрэсіяў раскруціўся за некалькі дзён да «гадзіны Х», на адміністрацыйных арыштах сотні людзей (што ў 2010 годзе здарылася ня да, а пасьля), зьявілася і крымінальная справа супраць «баявікоў» (ізноў жа да, а не пасьля). Брутальны разгон 25 сакавіка на тле гэтага зусім ня будзе нечаканасьцю. А разгон 19 сьнежня 2010 году нечаканасьцю быў. І тое, што Плошчу-2006 году не разагналі імгненна, таксама было нечаканасьцю.

Вельмі паказальна, што за краты ўжо трапілі многія лідэры, але не Статкевіч.

Дык можа і 25 сакавіка сцэнар будзе нечаканым? Вельмі паказальна, што за краты ўжо трапілі многія лідэры, але не Статкевіч. З гэтага зусім не вынікае, як лічаць некаторыя дамарослыя кансьпіролягі, што Статкевіч у чатыры рукі гуляе з уладай.

Ёсьць такая рэч, як стратэгія сыходу. Я асабіста ня ведаю, які плян акцыі мае Статкевіч. Але ня менш важна, які плян сыходу з Плошчы ён мае.

Я чамусьці ня думаю, што плян Статкевіча — прынамсі, на гэтага 25 сакавіка — гэта рэвалюцыя. Разгон, масавыя рэпрэсіі — гэта таксама варыянт сыходу, і ў маральным сэнсе годны. Толькі яго можа абраць улада, але ніяк не лідэры пратэсту.

А калі гэтага чаканага, у трэндзе, варыянту ня будзе, калі рэакцыя ўладаў будзе ўсё ж нечаканай, якой яна была і ў 2006-м, і ў 2010-м, то як сысьці? Мы прад’явілі свае патрабаваньні, мы сказалі сваю праўду — ну а патрабаваньні не задаволілі. І што далей? Што азначае лідэрства? Гэта своеасаблівая псыхалягічная пастка.

У цяперашняй сытуацыі нечаканасьцю будуць больш-менш прыстойныя паводзіны ўладаў 25 сакавіка.

У цяперашняй сытуацыі нечаканасьцю будуць больш-менш прыстойныя паводзіны ўладаў 25 сакавіка. І зусім неабавязкова, што гэта паспрыяе пашырэньню пратэстаў па ўсёй краіне. Яно можа паўзьдзейнічаць у той жа бок, што і рэпрэсіі — у бок зьбіваньня хвалі пратэсту.

У адрозьненьні ад шматлікіх адмыслоўцаў у палітыцы, ня буду вучыць «недасьведчанага» Статкевіча, што яму рабіць. Палітык — асобная прафэсія, асобны дар. Нездарма ж на чале аказаўся менавіта гэты чалавек. Балазе менавіта ён і ўзяў на сябе адказнасьць, а несьці рэальную адказнасьць — ня тое, што абмяркоўваць варыянты і даваць парады.

Але дакладна апісаць умовы, пасткі сытуацыі можна і ня маючы вялікага таленту практычнага палітыка. Ну і прадказаць. Паўтаруся — 18 сьнежня 2010 году ніхто не прадказаў, што будзе на наступны дзень.

Калі зараз нехта гэта прадкажа, яно можа не прасуне краіну да лепшага жыцьця, але прынамсі да лепшага разуменьня самой сябе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG