Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць у Беларусі 11 верасьня. На 110 месцаў у ніжняй палаце парлямэнту па стане на 2 верасьня прэтэндуюць 493 чалавекі. Некаторыя зь іх ужо адзначыліся яскравымі выступамі і пэрформансамі.

Слабая не апазыцыя, а народ

Кандыдат у дэпутаты ад АГП, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі ў эфіры «Беларусь-3» крытыкаваў і ўлады, і апазыцыю. Гаворачы пра рост цэнаў і рост выдаткаў на войска, бясчынствы міліцыі, кепскую мэдыцыну і дарагую адукацыю, ён заявіў:

«Вы нічога ня робіце, каб усё гэта зьмяніць. Вы нічога не зрабілі ў 1996 годзе, калі зьнішчаўся парлямэнт, вы нічога не зрабілі ў 1999, калі сталі зьнікаць вядомыя палітыкі, вы нічога не зрабілі ў пачатку 2000-х, калі Лукашэнка падманам прысвоіў сабе права абірацца пажыцьцёва, вы нічога не зрабілі, калі ў 2010-м амаль усіх кандыдатаў у прэзыдэнты пасадзілі ў турму.

І пасьля гэтага вы кажаце, што ў нас слабая апазыцыя? Гэта не апазыцыя слабая — гэта вы, дарагія мае суайчыньнікі, слабыя».

Куля для прэзыдэнта і тэлефон да яго

Кандыдат ад партыі БНФ Уладзімер Падгол запомніўся і незвычайным тэлевыступам — у шаломе танкіста, бронекамізэльцы і з «кулямі для прэзыдэнта», — і шэрагам вулічных акцыяў супольна зь іншым кандыдатам ад БНФ, Алесем Таўстыкам: з забінтаванымі галовамі, з кулямі, з вулічнымі «званкамі Лукашэнку».

Процігаз і АЭС

Яскравы тэлевыступ зладзіў кандыдат ад «Зялёных» Дзьмітры Кучук. Ён заклікаў спыніць будоўлю АЭС, іначай «будзем хадзіць вось так» — у процігазе. Насамрэч у выпадку радыяцыйнага забруджаньня процігаз не ўратуе.

Губкі-інфаграфіка

У сваім тэлевыступе беспартыйны кандыдат у дэпутаты і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Віктар Цярэшчанка распавядаў пра неэфэктыўнасьць беларускай эканомікі, а ў пацьверджаньне сваіх словаў прыводзіў як графікі на паперы, так і «графікі», складзеныя з губак для мыцьця посуду рознай таўшчыні. Гэтак ён дэманстраваў, што прыбытак ад АЭС у Японіі большы, чым мяркуецца ў Беларусі.

Рэп і фальсыфікацыя песьні

Кандыдатка ад АГП Тацяна Севярынец ня раз сьпявала на сваіх пікетах. Яшчэ ў час збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў яна зачытвала рэп «Віват, Беларусь», сьпявала разам з будучым беспартыйным кандыдатам Георгіем Станкевічам і будучай кандыдаткай ад АГП Аленай Шабуняй хрысьціянскі гімн «Магутны Божа» і іншыя песьні.

Але падобна, што некаму яе сьпевы не спадабаліся: «УКантакце» быў апублікаваны відэаролік, дзе замест «Магутны Божа» гучыць нецэнзурная песьня. Актывісты зьбіраюцца падаваць скаргу ў пракуратуру.

Марыхуана і права на зброю

Фота са старонкі Паўла Стэфановіча

Фота са старонкі Паўла Стэфановіча

Ня п’е, ня курыць, прапануе легалізаваць марыхуану. Гэта кандыдат ад АГП Павал Стэфановіч. Ён перакананы, што, легалізаваўшы марыхуану, беларускае грамадзтва пазбавіцца шмат якіх праблемаў. Сваю ўвагу да гэтага сродку тлумачыць тым, што гэта «адзін з асноўных спажывецкіх тавараў на рынку наркотыкаў», і прыводзіць у прыклад ЗША, дзе пасьля легалізацыі марыхуаны рынак алькаголю ўпаў на 5 мільярдаў даляраў.

Таксама Стэфановіч выступае за барацьбу зь сямейным гвалтам і падтрымлівае права мець зброю.

Супраць гендэрнай роўнасьці і талерантнасьці

Мікалай Улаховіч, архіўнае фота

Мікалай Улаховіч, архіўнае фота

З праграмай супраць гендэрнай роўнасьці, талерантнасьці, прапаганды гомасэксуалізму, нетрадыцыйных формаў выхаваньня і легалізацыі наркотыкаў ідуць кандыдаты ад Беларускай патрыятычнай партыі на чале з кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах-2015 Мікалаем Улаховічам.

Гендэрная роўнасьць, сьцьвярджаюць яны, навязваецца Захадам, а дзяўчатак трэба выхоўваць як будучых мацярок — гэта забясьпечыць нараджальнасьць і скароціць колькасьць сем’яў, якія распадаюцца.

Дарафеева без праграмы і зь песьнямі

Насамрэч, ужо з праграмай. Але на этапе збору подпісаў сьпявачка Ірына Дарафеева праграмы ня мела. Ужо пасьля таго, як Дарафееву зарэгістравалі як беспартыйную кандыдатку, праграма зьявілася. Але на сустрэчы з выбарцамі Дарафеева сьпявала і казала агульныя словы, а пра праграму распавядала давераная асоба кандыдаткі.

У праграме, дарэчы, — праца з пытаньнямі культуры і адукацыі, праца з моладзьдзю (чыю мараль разбурылі электронныя СМІ), разьвіцьцё прадпрымальніцтва і рашэньне лякальных праблемаў Цэнтральнага раёну сталіцы.

Паляк безь зямлі

Плякаты за Ўладзімера Малахоўскага ў Докшыцах

Плякаты за Ўладзімера Малахоўскага ў Докшыцах

Кандыдат ад БНФ Уладзімер Малахоўскі заклікае беларуса «стаць літвінам», а сам пры гэтым падпісваецца як «паляк, каталік». Ён заклікае вярнуць зямлю ўласьнікам: па-беларуску напісана проста «ўласьнікам», а па-польску — «нашчадкам уласьнікаў з 1939 году» (калі Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы).

Ці значыць гэта, што беларускую зямлю трэба аддаць палякам, кандыдат ня стаў казаць журналістам.

Сталініст з партрэтам Шаўчука

Фота з асабістай старонкі Артура Смалякова

Фота з асабістай старонкі Артура Смалякова

Артур Смалякоў — адзін з самых маладых (1993 год нараджэньня) кандыдатаў у дэпутаты на сёлетніх выбарах. Ён балятуецца ад партыі «Справядлівы сьвет». Мяркуючы па ягонай старонцы «Ўкантакце», ён мае больш экстрэмальныя погляды, чым ягоная партыя, якая сябе ўжо не называе камуністычнай: ён відавочна падтрымлівае Сталіна.

Але пры гэтым любіць сучасны расейскі рок — і асабліва творчасьць Юрыя Шаўчука (чый партрэт ставіць у сацсетцы на месца свайго). Шаўчук вядомы сваімі лібэральнымі і гуманістычнымі поглядамі. На жаль, азнаёміцца з праграмай Смалякова ў адкрытых крыніцах пакуль немагчыма.

Камуніст-прадпрымальнік без даходаў і маёмасьці

Дзьмітры Танана

Дзьмітры Танана

На выбары ідуць і кандыдаты, якія ня маюць ніякай маёмасьці і даходаў за 2015 год. Сярод такіх індывідуальны прадпрымальнік і пры гэтым сябра Камуністычнай партыі Беларусі Дзьмітры Танана з Паставаў. У праграме камуніста-прадпрымальніка, як ні дзіўна, — падтрымка прадпрымальніцтва, разнастайнасьці і раўнавагі формаў уласнасьці, павага да традыцыйных рэлігіяў.

Ён такі не адзін у Беларусі: напрыклад, у Менску даходаў і маёмасьці ня мае беспартыйны дырэктар Цэнтру дасьледаваньня і прагназаваньня эканомікі Алег Іваноў.

Безь пяці літар Лукашэнка

Фота са старонкі ў падтрымку кандыдата Дзяніса Ціханенкі

Фота са старонкі ў падтрымку кандыдата Дзяніса Ціханенкі

Кандыдат ад АГП Дзяніс Ціханенка агітуе за сябе як за «безь пяці літар Лукашэнку». На асабістай старонцы кандыдат вядзе «Выбарчыя хронікі, альбо Навіны нашага дурдому». І пазначае месцам жыхарства Маскву.

Это путеводное слово «НАДО»

Здымак артыкула ў газэце «Магілёўскія ведамасьці»

Здымак артыкула ў газэце «Магілёўскія ведамасьці»

Памочніка прэзыдэнта, галоўнага інспэктара па Берасьцейскай вобласьці, беспартыйнага кандыдата Дзьмітрыя Гобарава крытыкаваў яго супернік па акрузе, кандыдат ад БНФ Рыгор Кастусёў. Маўляў, у газэце «Магілёўскія ведамасьці» яшчэ да пачатку агітацыі быў разьмешчаны артыкул, дзе ўсяляк расхвальваліся посьпехі Гобарава, і гэты артыкул фактычна рэклямаваў кандыдата ад вэртыкалі.

Нас жа проста зачараваў загаловак гэтага артыкула.

Блазан

Фота з асабістай старонкі Ўладзіслава Цітова

Фота з асабістай старонкі Ўладзіслава Цітова

Яшчэ адзін малады (1993 год нараджэньня) кандыдат, камуніст Уладзіслаў Цітоў пакуль не рабіў гучных выказваньняў ці яскравых пэрформансаў у межах выбарчай кампаніі. Ён проста блазан. То бок, актор валянтэрскай суполкі шпітальных блазнаў «Доктор Неболит», якія бясплатна забаўляюць дзяцей у лякарнях і хосьпісах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG