Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская культура даўно ўжо выйшла за межы гістарычна-палітычнага гета і зрабілася сапраўдным грамадзкім трэндам. Было б дзіўна, калі б бізнэс не заўважыў гэтай папулярнасьці. Напрыклад, сёньня навокал шмат беларускамоўнай рэклямы, але ж перакласьці свае білборды недастаткова. Які бізнэс робіць для беларускасьці больш, спрабуе высьветліць Вадзім Мажэйка.

Белгазпрамбанк

Нягледзячы на назву («Газпрам» – асноўнага акцыянэра – цяжка аднесьці да прабеларускіх кампаніяў), сярод усіх фінансавых інстытуцыяў менавіта «Белгазпрамбанк» – адзін з самых актыўных на ніве падтрымкі беларускай культуры.

У межах карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці банку (зрэшты, сам факт, што «Белгазпрамбанк» бярэ яе на сябе, ужо сьведчыць пра яго сучаснасьць ды актыўную грамадзянскую пазыцыю) можна вылучыць два асноўныя культурныя напрамкі: праект «Арт-Беларусь» і Цэнтар візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт-Карпарэйшн» (міжнародны тэатральны форум «ТЕАРТ»).

Крыніца: http://artbelarus.by/be/

Крыніца: http://artbelarus.by/be/

Як сьцьвярджае афіцыйны сайт, «мэта ініцыяванага Белгазпрамбанкам глябальнага праекту «Арт-Беларусь» – разьвіцьцё на аснове адукацыйных праграм творчага мысьленьня і ініцыятывы дзеячаў культуры, прасоўваньне іх творчасьці ўнутры краіны і за мяжой».

Усё пачалося з карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» – яшчэ з 2011 году ён пачаў зьбіраць творы сусьветна вядомых мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, і вяртаць іх на радзіму. Менавіта дзякуючы гэтай ініцыятыве ў Беларусь вярнуліся карціны Марка Шагала, Хаіма Суціна, Осіпа Любіча, Осіпа Цадкі і іншых мастакоў.

Марк Шагал, «Закаханыя» (1981), гісторыка-культурная каштоўнасьць Рэспублікі Беларусь. З карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку», набыта на аўкцыёне Christie’s у 2012 г.

Марк Шагал, «Закаханыя» (1981), гісторыка-культурная каштоўнасьць Рэспублікі Беларусь. З карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку», набыта на аўкцыёне Christie’s у 2012 г.

Лягічным працягам калекцыі стала яе сыстэматызацыя і тэматычная выстава – «Мастакі Парыскай школы зь Беларусі», якая адбылася ў Нацыянальным мастацкім музэі ў верасьні 2012 – студзені 2013 году. Там экспанаваліся працы ня толькі з гэтай карпаратыўнай калекцыі, але і з розных прыватных калекцыяў ды ўласных фондаў музэю. Праект быў па-сучаснаму разгалінаваны: разам з выставай наведвальнікі маглі паглядзець спэцыяльна створаныя дакумэнтальныя фільмы, мастацкія інсталяцыі, або акунуцца ў атмасфэру той эпохі, калі тварылі мастакі, ды пасядзець за кубачкам гарбаты ў «парыскай кавярні»…

Але ж самым гучным арт-праектам «Белгазпрамбанку» (а можа, і самым гучным выставачным праектам незалежнай Беларусі) сталі «Дзесяць стагодзьдзяў мастацтва Беларусі» – вялікі сумесны праект «Белгазпрамбанку», «ГазпрамтрансгазБеларусі», Міністэрства культуры і Нацыянальнага мастацкага музэю.

Мэтай выставы стала «паказаць мастацтва Беларусі як жывы і актыўны працэс, інтэграваны ў сусьветную мастацкую прастору, ва ўсёй сваёй паўнаце і бесьперапыннасьці».

Дзеля гэтага наведнікам прапанавалі больш як 500 экспанатаў – з часоў Візантыі і першых старажытнабеларускіх княстваў, праз Залаты век культуры Вялікага Княства Літоўскага (выданьні Францыска Скарыны і Пятра Мсьціслаўца, Статут ВКЛ, знакамітыя слуцкія паясы), жывапіс XIX стагодзьдзя (Ваньковіч, Хруцкі) і да тых самых мастакоў віцебскага авангарду, «Парыскай школы». Арганізатары асобна адзначалі (а гледачы – заўважалі) найноўшыя складнікі калекцыі «Белгазпрамбанку»: кнігу Сімяона Полацкага «Посах кіраваньня» і карціны «Партрэт Тамаша Зана» (Валенцій Ваньковіч), «Ева» (Хаім Суцін), «Гадзіньнік на палымнеючым небе» і «Зялёны пэйзаж» (Марк Шагал).

З мастацкага пункту гледжаньня выставу можна сьмела назваць унікальнай ды неймаверна значнай для глябальнай самарэфлексіі беларусаў (толькі менскую выставу наведалі больш за 55 тысяч чалавек) ды рэпрэзэнтацыі беларускасьці ў культурнай спадчыне Вялікага Княства Літоўскага.

Але ж з грамадзкага пункту гледжаньня шмат хто ў першую чаргу адзначыў гучную прамову старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі на адкрыцьці выставы. Стоячы побач зь міністрам культуры Барысам Сьвятловым, ён скончыў свой выступ словамі, якія выклікалі аплядысмэнты: «Пакуль у Беларусі будзе ідэя і думка, якая можа аб`яднаць нас, такіх розных, з розным мастацкім густам, палітычнымі прыхільнасьцямі, узростам і адносінамі, датуль была, ёсьць і будзе наша бел-чырвона-белая сінявокая Беларусь. Жыве Беларусь!»

Віктар Бабарыка, старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» (зьлева) і міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў.

Віктар Бабарыка, старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» (зьлева) і міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў.

Аўтазаправачныя станцыі «А-100»

Вядома, такія працэсы, як пераход кампаніі на беларускую мову, не адбываюцца за хвіліны.

Паступовасьць гэтага пераходу падкрэсьлівала і кіраўніца ўпраўленьня маркетынгу групы кампаніяў «А-100 АЗС» Ніна Ніканорава: «Мы ствараем для нашых кліентаў камфортнае беларускамоўнае асяродзьдзе. І, каб гэта не было неспадзяванасьцю, мы робім гэта малымі крокамі. Але паступова ўся аздоба, усе знакі навігацыі для кліентаў стануць беларускамоўнымі».

Вось як тлумачыць матывацыю і мэту кампаніі гендырэктарка «А-100 АЗС» Ірына Валадзько:

«Кампанія “А-100” – гэта цалкам беларускі бізнэс. І пытаньне пераходу на беларускую мову для нас было ўсяго толькі пытаньнем часу… Гэта сацыяльны праект па адраджэньні беларускай мовы… Мы жадаем, каб да беларускай мовы было крыху іншае стаўленьне, каб людзі далучаліся да беларускай культуры, каб беларуская мова гучала шырэй. Таму і рэкамэндуем сваім супрацоўнікам размаўляць на беларускай мове, абслугоўваць наведнікаў на беларускай мове. Тыя, у каго гэта атрымліваецца вольна, робяць гэта ўжо сёньня, тыя, каму цяжка, – рыхтуюцца і будуць размаўляць крыху пазьней. Падкрэсьліваю, што гэта – не прымусовы праект».

Пры гэтым важна заўважыць, што хоць матывацыя «А-100» і была сацыяльнай, накіраванай на падтрымку роднай мовы, аднак з пасьпяховага пераходу атрымаўся і цалкам камэрцыйны эфэкт: «Але ж я хачу адзначыць дзіўную тэндэнцыю: родная мова зрабіла нешта асаблівае – сёньня да нас пачынае прыходзіць больш кліентаў. Мы, прызнацца, гэтага не чакалі. Сёньня на станцыях сфармавалася пазытыўная абстаноўка».

Velcom

Старэйшы мабільны апэратар Беларусі, які цяпер уваходзіць у Telekom Austria Group, апошнія гады таксама дэманструе выразна прабеларускую пазыцыю. Так, адзін з двух асноўных напрамкаў яго карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці – нацыянальная ідэнтычнасьць (другі напрамак, нашмат больш традыцыйны, – дзеці).

Як казала на IV Міжнародным форуме па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці Ірына Карзюк, начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў кампаніі Velcom, «для кожнай нацыі важна мець сваю самасьвядомасьць. Мы дапамагаем беларусам зноўку зьвярнуцца да сваіх каранёў – традыцыі, гісторыі, культурнай спадчыны.

Мы зьвяртаем увагу на вартасьці Беларусі, якія нас атачаюць – мова, сучасная культура, некранутая прырода. Пры гэтым мы сьвядома імкнёмся не палітызаваць нацыянальнае пытаньне».

Ірына Карзюк. Крыніца: Фонд «Ідэя».

Ірына Карзюк. Крыніца: Фонд «Ідэя».

Для простых карыстальнікаў мабільных прылад на Android кампанія Velcom у першую чаргу запомніцца як стваральнік аплета «moVa»​, які дазваляе лёгка і зручна ўсталяваць беларускую клявіятуру ды выкарыстоўваць яе ў SMS альбо для пастоў у сацсетках.

Выкарыстоўваецца беларуская мова і ва ўнутранай камунікацыі. Як адзначае Павал Ганчар, начальнік аддзелу па разьвіцьці фіксаванай сувязі УП «Вэлком», «тут ніякіх праблем у стасунках з калегамі і кіраўніцтвам няма».

Стэйк-бар «Містраль»

У параўнаньні зь мінулымі героямі гэты бізнэс даволі невялічкі – адна кавярня на менскай вуліцы Валадарскага. Але ж «Містраль» выразна прабеларускі, і менавіта дзякуючы гэтаму добра вядомы сярод незалежных журналістаў ды грамадзкіх актывістаў.

«Містраль» зь бел-чырвона-белай летняй вэрандай. Фота з фэйсбуку кавярні.

«Містраль» зь бел-чырвона-белай летняй вэрандай. Фота з фэйсбуку кавярні.

Пэрсанал кавярні збольшага размаўляе па-беларуску, мэню – на тарашкевіцы. Акрамя стэйкаў ды бургераў, наведнікі могуць паспытаць і традыцыйныя беларускія стравы ды напоі. Ля барнай стойкі стаіць адзін зь нешматлікіх у Менску музычных аўтаматаў, дзе можна замовіць «Ляпісаў», Вінсэнта і іншую незалежную беларускую музыку.

Менавіта «Містраль» перахапіў эстафэту вечарын «Беларусам быць модна», пасьля таго як тусоўкі з такой назвай адбыліся ў гламурных клюбах «Dozari» i «Blackhall Bar». Грамадзкія актывісты вырашылі зрабіць сваю вэрсію імпрэзы. Тут не было напаўаголеных дзяўчат у вышыванках, затое чыталі свае творы маладыя літаратары, бармэны частавалі ўсіх крамбамбуляй, гралі музыкі з гурту Hurma.

У «Містралі» ж адбываецца і беларускамоўная гульня VARTA ў жанры паб-квіз: гульцы спаборнічаюць у ведах гісторыі і сучаснага жыцьця Беларусі, выконваюць непрадказальныя заданьні. Акрамя эрудыцыі, важны складнік перамогі – сацыяльны капітал, то бок уменьне мабілізаваць сяброў.

Моладзь гуляе ў «Варту». Фота з фэйсбуку кавярні.

Моладзь гуляе ў «Варту». Фота з фэйсбуку кавярні.

Зрэшты, ня «Вартай» адзінай. Тут можна глядзець футбол, а можна і пагуляць у яго – у настольнай вэрсіі. Сталыя наведнікі «Містраля» любяць пасядзець і за яшчэ адной беларускай настольнай гульнёй – «Паўстанцы».

Прыватная сетка кінатэатраў Silver Screen

Посьпех адных беларускамоўных праектаў натхняе іншыя. Так, у лютым кіраўніцтва адзінай у Беларусі прыватнай сеткі кінатэатраў Silver Screen паведаміла, што іх наступны кінатэатар у Arena City будзе беларускамоўны – прынамсі, у некаторых частках, напрыклад, навігацыі і абслугоўваньні.

У кампаніі не хаваюць, што азіраюцца на пасьпяховы досьвед беларусізацыі «А-100». Так, Анастасія, адміністратар кінатэатру Silver Screen у гандлёвым цэнтры Galileo, кажа: «Мы чулі пра беларусізацыю заправак «А-100», і, здаецца, гэта было ўспрынята вельмі пазытыўна з боку кліентаў».

Дарэчы, калі ўжо ўзгадваць пра беларускасьць кінатэатраў, то цікава зазначыць ролю менавіта прыватных устаноў у гэтай справе. Пачынаўся беларускі кінэматограф у 1900 годзе якраз з прыватнага кінатэатру – Рыхард Штрэмэр заснаваў яго ў будынку Ракаўшчыка на Захар’еўскай вуліцы (сёньня на гэтым месцы цэнтральны «Макдоналдс»). Там таксама хутка пачалі займацца пэўнай беларусізацыяй – ня толькі дэманстраваць замежныя кінастужкі, але і здымаць свае на мясцовым матэрыяле: «Манэўры МСПА», «Экскаватар – пякельная машына за Берасьцейскім вакзалам» і г.д.

Але ўсё гэта скончылася ў 1918 годзе, калі бальшавікі нацыяналізавалі кінатэатры ды кінаабсталяваньне. Цяпер кіно цалкам пераходзіла пад пільны кантроль савецкай улады (і, адпаведна, цэнзуры). Наступная спроба адчыніць у Менску вялікі прыватны кінатэатар адбылася толькі ў 2011 годзе, але «Арткінатэатар RubinPlaza» праіснаваў адзін год і мусіў зачыніцца.

Штопраўда, і за гэты час там адбываліся цікавыя імпрэзы – напрыклад, прэзэнтацыя незалежнага часопіса беларускай прозы «Макулятура» альбо фэстываль польскага кіно «МУВІМ».

Вадзім Мажэйка для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG